Хроніка палітычнага пераследу 1 красавіка Дапоўнена
У Беларусі 1 красавіка па-ранейшаму адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы загадчык Навабеліцкай падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі Сяргей Савіч
Як стала вядома, ён быў затрыманы 1 красавіка. Як мяркуе адзін са знаёмых мужчыны, нагодай стала паведамленне «добразычлівага калегі» ў сілавыя структуры аб раздрукоўцы «не вайне» ў асабістым аўтамабілі і негатыўнае стаўленне да прыпаркаваных на стаянцы для медтранспарту аўтамабіляў расейскіх вайскоўцаў, якія ён прасіў пераставіць і не перашкаджаць працы машын хуткай дапамогі.
Нядаўна калектыў падстанцыі арганізоўваў збор сродкаў для патрэб параненых вайскоўцаў РФ. Сяргей Анатольевіч не падтрымаў дадзеную ініцыятыву.
Мужчына знаходзіцца ў ІЧУ, паведамляе "Гомельская Вясна".
Актывістаў Леаніда Кулакова і Маю Навумаву адправілі на «суткі» перад Днём Волі
Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 сакавіка ў Мінску затрымалі актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Леаніда Кулакова і Маю Навумаву. Вядома, што на гэты дзень ў Леаніда была позва ў Следчы камітэт. Маю выклікалі туды пазней. Але, па папярэдняй інфармацыі, затрымалі іх дома. Пазней суд арыштаваў Леаніда і Маю на 15 сутак. Артыкул, па якім судзілі актывістаў, пакуль невядомы.
Супрацоўнікаў міліцыі зацікавіў тэлефон Уладзіміра Шанцава
Старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава раніцай 1 красавіка выклікалі ў Ленінскі РАУС нібыта ў рамках праверкі па справе аб нейкім збіцці 28 лютага.
Калі Шанцаў з'явіўся ў райаддзел, у яго запатрабавалі аддаць смартфон, пасля чаго цягам 40 хвілін здзяйснялі з прыладай невядомыя маніпуляцыі, падлучыўшы незразумелы прыбор, паведамляе MAYDAYMog.
Абмежаванне доступу да сайтаў, чарговыя экстрэмісцкія каналы
Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Батальён Кастуся Калiноўскага» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёну Мінска.
Паводле Пастановы пракурора Віцебскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайта «voicеofbelarus.org».
Па заяве пракуратуры Заводскага раёна г. Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала "ЯДНАЙСЯ" прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У Барысаве затрымалі мужчыну за негатыўныя каментары пра расейскіх вайскоўцаў і Пуціна
Стала вядома пра затрыманне 37-гадовага барысаўчаніна Вадзіма Смірнова. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, мужчына затрыманы за негатыўная каментары пра расейскіх вайскоўцаў і ўлады суседняй краіны. З ім ужо з'явілася «пакаяльнае відэа».
Бабруйск: інструктара аўташколы затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога»
Стала вядома пра затрыманне 38-гадовага жыхара Бабруйска Максіма Беляновіча, які 9 гадоў працуе інструктарам катэгорыі В.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што яму інкрымінуецца арт. 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фарміраванні») нібыта за ўдзел у «Плане Перамога».
За перадачу аднаго фота расейскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну» затрыманы айцішнік
Стала вядома пра затрыманне ў Гомельскай вобласці 30-гадовага IT-спецыяліста Андрэя Уткіна. На праўладных тэлеграм-каналах паведамляецца, што мужчына сфатаграфаў калону расійскай вайсковай тэхнікі і даслаў каналу «Беларускі Гаюн», які 15 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.
Па папярэдняй інфармацыі, Андрэю інкрымінуецца арт. 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фарміраванні») і арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Гомель: крымінальная справа за відэа вайсковай тэхнікі, дасланае «экстрэмісцкаму каналу»
ГУБАЗіК паведамляе пра затрыманне жыхара Гомеля Алега Барадзіна. Нагода — мужчына зняў на вакзале абласнога цэнтра відэа з вайсковай тэхнікай і адправіў «экстрэмісцкаму тэлеграм-каналу».
Па папярэдняй інфармацыі, распачата крымінальная справа па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў калоніі.
Незалежнаму прафсаюзу «Нафтана» пагражаюць ліквідацыяй
Улады ўзмацнілі ціск на сябраў Беларускага незалежнага прафсаюзу. Старшыню наваполацкай пярвічнай арганізацыі Вольгу Брыцікаву арыштавалі на 45 сутак. У офісе і ў чатырох сябраў прафсаюзу прайшлі ператрусы. Наваполацкі райвыканкам пагражае прафсаюзу ліквідацыяй, даслаўшы афіцыйны ліст.
Інфармацыя дапаўняецца.