viasna on patreon

Затрыманні, новыя "крыміналкі": "зачыстка" перад Днём Волі ў Беларусі Дапоўнена

2022 2022-03-24T19:28:00+0300 2022-03-25T09:59:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevich_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 24 сакавіка працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ператрусы напярэдадні Дня Волі ў Наваполацку

21 сакавіка ў Наваполацку прайшлі ператрусы ў актывістаў і ў офісе Беларускага Незалежнага прафсаюзу. Фармальна ператрус праводзілі ў межах крымінальнай справы, па "факце выдавання персанальных дадзеных суддзі Балаболавай".

Дадому прыйшлі да намесніка пяршоўкі БНП «НАФТАН» Генадзю Вароне. А позна ўвечары з ператрусам прыйшлі да актывісткі Ніны Барысавай. 23 сакавіка прайшоў ператрус у юрысткі БНП Марыны Сацукевіч.

У выніку ператрусаў вынялі аргтэхніку, мабільныя тэлефоны, дакументы, прафсаюзную сімволіку (сцягі), ключы ад офісных памяшканняў, сейфа, шаф і нават ад туалета.

На самім заводзе супрацоўнік службы бяспекі «Нафтан» Жагланаў праводзіць "гутаркі" з работнікамі прадпрыемства: пагражае звальненнем засяброўства ў незалежным прафсаюзе.


У былой настаўніцы з Іванава, якая адбывае «хатнюю хіміі» за рэпосты, прайшоў ператрус

Алена Пуцыковіч, Іванава.
Алена Пуцыковіч, Іванава.

24 сакавіка супрацоўнікі Іванаўскага РАУС Брэсцкай вобласці прыйшлі з ператрусам да Алены Пуцыковіч, якую асудзілі па арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) за два рэпосты ў сацсетках пра міліцыянтаў.

Ператрус санкцыянаваў пракурор Сяргей Жуковіч, які выступаў дзяржабвінаваўцам па справе супраць Алены і патрабаваў у суда ёй менавіта пакаранне ў 2,5 гады «хатняй хіміі». Гэта чацвёрты ператрус у жанчыны, які ён санкцыянуе.

Як стала вядома, ператрус ініцыяваў оперупаўнаважаны Пінскага ГАУС Яроміч па факту падпіскі на тэлеграм-чат «Пинск для жизни», які прызнаны экстрэмісцкім. У выніку ператрусу ў Алены вынялі тэлефон.

За час адбыцця «хатняй хіміі» Алене ўжо вынеслі дзве вымовы па надуманных прычынах. Ёй пагражаюць змяніць меру пакарання на больш жорсткую.


Затрыманні ў Мазыры 

ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне больш за дзесяць мазырчукоў, якіх называе "радыкальнымі анархістамі". Па інфармацыі ведамства, супраць дваіх з іх распачалі крымінальныя справы аб распальванні варожасці (артыкул 130 КК) і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-4 КК).

Як піша ГУБАЗіК, падчас ператрусаў у затрыманых канфіскавалі "пратэсную сімволіку" і "іншыя забароненыя да грамадзянскага абароту прадметы і рэчывы".

"Медыязона" на "пакаяльных відэа" пазнала жонку вакаліста гурта "Ня варта" Фёдара Чаранкова Крысціну. Яна распавядае, што са снежня 2020 года публікавала ў Instagram пасты "з негатыўнай ацэнкай працы супрацоўнікаў [міліцыі], і з абразамі на іх адрас". Пры гэтым, падкрэслівае яна, нікога пайменна яна не называла.

Другая затрыманая распавядае, што была падпісаная на "экстрэмісцкія тэлеграм-каналы "Беларусь галаўнога мозгу", STRYZHAK і "Кібер-партызаны". Яна таксама кажа, што здымала на мабільны тэлефон перамяшчэнне ваеннай тэхнікі і дасылала гэтыя відэа ў чат-бот телеграм-канала Nexta.

Яшчэ некалькі затрыманых таксама кажуць пра свае падпіскі на "экстрэмісцкія каналы" ў мэсэнджер і удзеле ў пратэстах 2020 года.

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне 24 сакавіка Уладзіміра Лісаўца.


Затрыманне ў Заслаўе

24 сакавіка ў Заслаўе быў затрыманы 21-гадовы Данііл Каржанеўскі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа выламалі дзверы, бо нікога не было дома і пачалі ператрус да прыходу панятых.


Крымінальная справа супраць актывіста Зміцера Дашкевіча

ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале напісаў пра затрыманне Змітра Дашкевіча і паведаміў, што на актывіста "сабраны матэрыял для прыцягнення яго па артыкуле 342 КК РБ, таксама ідзе праца па кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальванні нянавісці праз адміністраваныя інтэрнэт-супольнасці".

Зміцер Дашкевіч. Фота:
Зміцер Дашкевіч. Фота: "Радыё Свабода"

Сімптаматычная дэталь: фота Дашкевіча было зроблена ў кабінеце, дзе на дзвярах бачныя прапагандысцкія плакаты з літарамі Z і V — імі пазначаная расійская вайсковая тэхніка, якая ўварвалася ва Украіну.

Раней Наста Дашкевіч, жонка Змітра, паведаміла, што ён знайшоўся на Акрэсціна. Актывіста арыштавалі на 15 сутак. 


Масавыя выклікі на "прафілактычныя гутаркі"

Праваабаронцам "Вясны" масава паведамляюць пра выклікі на "прафілактычныя гутаркі" на 24 і 25 сакавіка ў РУУСы і РАУСы Мінска, Баранавіч і іншых гарадах Беларусі. Выклікаюць тых, хто раней пераследаваўся па "палітычных артыкулах". Вядома, што некаторыя не вярнуліся з такіх "гутарак" і былі затрыманыя.

Нагадаем, кожны год міліцыянты перад Днём Волі ладзяць «прафілактычныя гутаркі», якія часта сканчваюцца прэвентыўнамі затрыманнямі і «суткамі». Такім чынам улады хочуць не дапусціць патэнцыяныя пратэсты ў гэты значны для беларусаў дзень.

Праваабаронцы нагадваюць, што заканадаўствам устаноўлены парадак выкліку сведкі на допыт (арт. 216 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса). Позва мусіць быць уручана пад распіску. Калі позву закінулі проста ў паштовую скрыню, то асоба лічыцца належным чынам не апавешчаная і гэта не цягне абавязак з'яўляцца па выкліку.


Мінчука затрымалі за каментары ў інтэрнэце

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з затрыманым Сяргеем Бабенка. Паведамляецца, што мужчына абражаў супрацоўнікаў у інтэрнэце і «складаў хвалебныя оды пра подзвігі нацбатальёнаў ва Украіне».

Паводле папярэдняй інфармацыі, Бабенка змешчаны ў ІЧУ праходзіць па двух артыкулах: арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы») і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).


Былога палітвязня затрымалі за тое, што ён вырабляў і распаўсюджваў БЧБ-сцягі

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць пра затрыманне мужчыны, які «на сваім працоўным месцы, акрамя збору мэблі, займаўся вырабам і распаўсюджваннем пратэстнай сімволікі». Паведамляецца, што ён нібыта перадаваў БЧБ-сцягі «лідэрам экстрэмісцкіх ячэек», сярод якіх названы ўчора затрыманы Зміцер Дашкевіч

Па інфармацыі "Вясны", гэта Уладзімір Яроменак — былы палітвязень пасля Плошчы-2010.

Паводле праўладных каналаў, мужчына стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 342 КК). На "пакаяльным відэа" мужчына выглядае збітым.

Актывіст Зміцер Дашкевіч — у ізалятары на Акрэсціна.

"Мяркую, што будзе адміністратыўны суд сёння/заўтра. Ці гэтым усё скончыцца — невядома",напісала Наста Дашкевіч.

Нагадем, учора ў Дашкевічаў адбыўся ператрус, сілавікі канфіскавалі тэхніку.


Новая крымінальная справа супраць мінчука па "народным артыкуле"

Станіслава Рачыцкага затрымалі 10 лютага: яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і потым адвезлі ў Першамайскі РУУС. У яго на нумарах машыны былі рамкі з арнаментам і маленькай Пагоняй. У РУУС на яго склалі пратакол па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Станіслава арыштавалі на 15 сутак.

На судзе ён распавёў, што ў РУУСе глядзелі яго тэлефон і пыталі наконт удзелу ў пратэстах у 2020-м годзе. Супрацоўнікі знайшлі ў яго фотаздымак у архіве гісторый інстаграм. На фотаздымку ён са сцягам на дарозе на першым Маршы 16 жніўня. Станіслаў заявіў, што мітынг насіў толькі мірны характар і ніякіх агрэссіўных дзеянняў на ім не прадпрымалася.

Пасля 15 сутак арышту Станіслаў не выйшаў. Яго перазатрымалі на падазрэнні па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Чацвёртага сакавіка яго перавялі ў СІЗА-1.


«NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA» могуць прызнаць у Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй 

Стваральнік НЕХТА Сцяпан Пуціла
Стваральнік НЕХТА Сцяпан Пуціла

Генеральны пракурор Андрэй Швед на падставе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з тэрарызмам» па прапанове Старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні нефармальнай арганізацыі «NEXTA» з структурнымі падраздзяленнямі «NEXTA Live» і «LUXTA» тэрарыстычнай.


У Чэрвені затрыманы былы начальнік РАУС

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманне ў сакавіку гэтага году былога начальніка Чэрвенскага РАУС Аляксея Аляксандравіча Пратаповіча.

З РАУС ён звольніўся яшчэ да пратэстаў, потым працаваў кіруючым справамі Чэрвенскага раённага выканаўчага камітэта. Адтуль ён сыйшоў пасля падзей 2020 года.

Падрабязнасцяў затрымання Пратаповіча няма. Крыніцы мяркуюць, што затрыманне мае палітычныя матывы і звязанае з «арганізацыяй пратэстаў».


Да палітзняволенага Леаніда Судаленкі два месяцы не даходзяць лісты 

Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці
Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці

Праваабаронца Леанід Судаленка ў калоніі знаходзіцца з 27 студзеня. Нядаўна жонка Леаніда атрымала ад яго ліст, у якім ён паведаміў, што з таго часу яму яшчэ не перадалі ніводнага ліста. Днямі яго сябар Васіль Палякоў напісаў заяву на імя начальніка папраўчай калоніі №3 з патрабаваннем не перашкаджаць ліставанню і перадаваць лісты Леаніду.

У адказе на заяву адміністрацыя ПК-3 напісала, што «ўся карэспандэнцыя, якая паступае на імя асуджанага Судаленкі Л. Л., выдаецца яму ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам». Таму Палякоў збіраецца звярнуцца з патрабаваннем да Дэпартаменту выканання пакаранняў.

Нагадаем, 3 лістапада праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Працягвайце падтрымліваць Леаніда: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства