Працягваецца перасьлед наваполацкага праваабаронцы Зьміцера Салаўёва. На гэты раз ягоную дзейнасьць правяралі падаткавікі
9 сакавіка ў памяшканьне, дзе працуе Зьміцер Салаўёў, які з’яўляўся прадстаўніком Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Наваполацку, прыйшлі супрацоўнікі падаткавай інсьпекцыі гораду А.Яловік і Л. Кадушка. Яны мелі на руках “предписание” на правядзеньне няпланавай рэйдавай праверкі. Падаткавікі намерваліся правесьці праверку “дзейнасьці, зьвязанай з прыёмам наяўных грашовых сродкаў ад пакупнікоў (кліентаў), з вытворчасьцю прадукцыі, выкананьня работ, аказаньнем паслугаў” і г.д.
Зьміцер Салаўёў адмовіўся ўпусьціць у всаё памяшканьне супрацоўнікаў падаткавай інсьпекцыі, матывуючы тым, што гаспадарчай дзейнасьцю ён не займаецца і ніякіх аперацыяў з наяўнымі і безнаяўнымі грашыма ў дадзеным памяшканьні не зьдзяйсьняе. Салаўёў прадставіў падаткавікам неабходныя дакументы дзеля доказу сваіх словаў. У выніку быў складзены “Акт наведваньня “гр-на Салаўёва Д.С.”.
Нагадем, што гэта ўжо ня першая спроба ціску на праваабаронцу. Перад гэтым ён ужо выклікаўся ў міліцыю і пракуратуру, дзе яго папярэдзілі аб магчымасьці адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай (ліквідаванай) структуры.