viasna on patreon

Доктарка з Беларусі: "Я засталася без дома, працы, блізкіх. Але не шкадую ні пра што"

2022 2022-02-09T23:11:00+0300 2022-02-11T15:36:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salidarnasc1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: sntch.com

Фота: sntch.com

Сваю гісторыю пра тое, як страціць усё, што ў цябе было, — дом, працу, пакінуць блізкіх, уцякаць з роднай краіны і пачаць у чужой з нуля — распавяла "Вясне" доктарка Святлана.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці працягваюць кампанію па дакументаванні.

"Я працавала ў медыцынскім цэнтры гінеколагам-акушэрам. У снежні 2020-га мяне выклікала да сябе ў кабінет загадчыца, намякнуўшы, што па мяне прыехала міліцыя.

Там мяне чакалі двое мужчын, яны не прадставіліся (пазней даведалася, што гэта былі маёр і падпалкоўнік з СК). Сказалі, што мне трэба праехаць разам з імі дадому. Пасадзілі ў машыну, усё было карэктна, прывезлі дадому і правялі ператрус.

Ён ішоў доўга. Не ведаю, што яны хацелі знайсці, канфіскавалі 2 сістэмныя блокі — мужаў і сынаў (сын у гэты час быў у войску, на тэрміновай службе), 2 планшэты, 2 мабільныя тэлефоны.

Зайшлі да мужа ў пакой, ён у мяне інвалід-спінальнік — ужо 18 гадоў ляжачы. Яго дапыталі. Муж раней працаваў судовым медыкам — размаўляць з супрацоўнікамі ўмее. А ў мяне гэта быў мой першы кантакт з міліцыяй. Я нічога не ведала: што мне павінны прад'явіць, як гэта павінна адбывацца паводле закону…

Мне паказалі скрыншот з аднаго з Telegram-каналаў, абвешчанага цяпер экстрэмісцкім. Там пад здымкам даішніка з Брэсцкай вобласці было напісана "мярзотнікі". Сказалі, што за гэта я прыцягваюся, хоць кім і адкуль пісаўся гэты каментар — дагэтуль ніхто не высветліў.

На наступны дзень мяне выклікала да сябе галоўная доктарка, падтрымала мяне, мне дазволілі працаваць далей. І я працавала да лета.

Галоўнага ўрача знялі з пасады (перад сыходам яна працягнула мне на год кантракт), не далі ёй абараніць доктарскую. І потым нідзе не бралі на працу. У нас цалкам змянілася кіраўніцтва, прыйшоў новы галоўурач, сябар Караніка".

"Ці то на працу прыедзе машына і АМАП мяне забярэ, ці то да мяне дадому прыйдуць"

"У чэрвені патэлефанавалі з міліцыі. Сказалі, што патрабуецца новы ператрус — яго ужо праводзілі новыя людзі. Сын ужо вярнуўся з войска — у яго забралі 2 тэлефоны. Забягаючы наперад: сына пазней скарацілі з працы — ці звязана гэта са мной, не ведаю.

У ліпені мяне выклікаў новы галоўурач. Сказаў, што міліцыя не можа мяне знайсці. Я здзівілася: жыву ў Мінску, працую кожны дзень, без выхадных-прахадных, нікуды не выязджала, нават у свой адпачынак. І мяне знайсці не могуць?

Галоўурач адказаў, што ці то на працу прыедзе машына і АМАП мяне забярэ, ці то да мяне дадому прыйдуць. Я спытала: што мне рабіць, звальняцца? Сказаў:

— Вы свабодныя.

Я пайшла ў аддзел кадраў. Там былі супраць звальнення. Я працавала на платным прыёме, мы здавалі вельмі вялікія касы. Вырашылі, што так, вазьму адпачынак за свой кошт.

У панядзелак мяне зноў выклікаў галоўурач, паказаў позву ў Каменец. Аказалася, што з лета я невыязная, хоць мне пра гэта ніхто не паведамляў.

Я купіла квіток у Каменец, але потым мяне папярэдзілі, што дадуць тэрмін і лепш з'ехаць… У канцы ліпеня я перайшла мяжу. Нейкі час была ў адной краіне, потым у іншай".

Фото: sntch.com
Фота: sntch.com

"Казалі, што калі я не вярнуся, то мяне экстрадуюць"

"А ў Беларусі распачаўся страшны ціск на родных. Увесь час "ламіліся" ў дзверы маёй кватэры: сын — на вучобе, працы, муж адчыніць не можа, ён ляжачы. Увесь час тэлефанавалі сыну, казалі, каб я вярнулася — і мне будзе 3 гады "хіміі", а калі я не вярнуся, мяне ў кожным разе экстрадуюць — і тады ўжо будзе сур'ёзны тэрмін. І што я знаходжуся ў міжнародным вышуку, аказваецца. Можа, проста запалохвалі, не ведаю.

Тэрарызавалі маю маму. Яна жыве асобна. Ёй 80 гадоў, яна кандыдат медыцынскіх навук, паважаны чалавек.

Улетку маці жыла на дачы. Супрацоўнікі хадзілі па кватэрах суседзяў, мучылі іх. Суседзі тэлефанавалі маме: што яе адшукваюць людзі бандыцкай знешнасці (яны былі ў грамадзянскім, не прадстаўляліся), кажуць, што калі мама не прыедзе, то выламяць дзверы.

Мама ў жаху прымчалася ў Мінск, галопам панеслася ў пракуратуру, там з ёй карэктна пагаварылі. Сказалі, што прызначаць ператрус у яе ў кватэры. У выніку забралі тэлефоны.

У маю кватэру ўвесь час заходзіў участковы, ветліва цікавіўся, ці з'явілася я ці не. Маральна было вельмі цяжка.

Калі да мамы ў чарговы раз прыехалі следчыя з Каменца, яна не вытрымала, патэлефанавала мне на вайбер і папрасіла з імі пагаварыць. Я растлумачыла, што не вярнуся, пакуль сітуацыя ў краіне не зменіцца. І папрасіла перастаць ціснуць на маіх родных.

Яны, мабыць, прасачылі, каму я часцей за ўсё тэлефанавала ў Беларусі: маме і цётцы. І ўзяліся за цётку. Ёй 91 год (плача), яна жыве адна ў іншым горадзе. Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі ёй і сталі пагражаць, што канфіскуюць у яе тэлефон, і ўсё астатняе. У яе тэлефон і так нейкая старая "балалайка". Такая атака ішла на родных!"

"Я не адчуваю сябе вінаватай ні ў чым"

"Скажу шчыра, я не адчуваю сябе вінаватай ні ў чым. Усё жыццё была зусім апалітычным чалавекам. 9 жніўня 2020-га я проста пайшла прагаласаваць. Схадзілі і з мамай на ейны ўчастак.

Бачылі шматлікія парушэнні. Сын мой быў у той час у войску, у іншым горадзе. Іх там усіх прымусілі прагаласаваць датэрмінова, прыязджаў нейкі афіцэр, запытваў, хто за каго будзе галасаваць.

Але калі я прыйшла галасаваць, пабачыла ў спісах прозвішча сына. Падышла да старшыні: як такое можа быць? Папрасіла выкрасліць сына. Мажны старшыня камісіі адказаў, што не мае права пэцкаць ведамасць. Так і не выкраслілі.

Я прагаласавала і пайшла дадому. А ўвечары убачыла ўсю гэту вайну, якая пачалася на Стэле. Гэта быў кашмар! Раніцай пайшла на працу. Прыйшла з працы. І мяне штосьці падштурхнула… Не ведаю, чаму, можа, таму што я доктар. Мая місія — аказваць дапамогу.

Я паехала ў адну з лякарняў, у прыёмны супакой. Зайшла да дзяжурнага доктара, прадставілася. Сказала, што хачу пабачыць усё на свае вочы. Ён адказаў, што яны рыхтуюцца да вечара, чакаюць новую партыю параненых, збітых.

Сказаў, што ўсіх, хто быў з агнястрэламі, перавялі ў ваенны шпіталь. А ў БХМД у камбустыялогію (апёкавую медыцыну. — заўв. рэд.) мне ехаць далёка, дый малаверагодна, што туды пусцяць.

І я паехала ў 6-ю клініку, у "траўму". Тое, што я ўбачыла… (плача). Гэтых маладых людзей… Зранку прыйшлі следчыя, забралі ў іх адзенне. Распранутыя, збітыя, са страшнымі раненнямі. Немагчыма было на гэта глядзець. Пасля гэтага я стала выходзіць на нядзельныя маршы".

Фото: sntch.com
Фота: sntch.com

"Як можна было пра ўсё гэта маўчаць?"

"Я добра зарабляла і дапамагала людзям, адрасна — хто меў патрэбу. Мы з суседкай ездзілі на Акрэсціна, вазілі рэчы (плача). Цяжка гэта ўзгадваць.

Выходзілі і проста ўдзельнічалі акцыях. Затрыманая я ні разу не была. Так, уцякалі, хаваліся, памятаю, як нас падчас страшнага восеньскага марша палівалі з вадамётаў. Давалі інтэрв'ю на жаночым маршы — як можна было пра ўсё гэта маўчаць?

У мяне была добрая праца, якая мне падабалася, удзячныя пацыенты, кватэра, сям'я, блізкія людзі побач. А цяпер я бомж, без сяброў, без працы, без дома. Мама спытала мяне: ці шкадую я, што ўвязалася і так усё здарылася? Ні на хвіліну!

Не змагу забыцца, як везла хлопчыка, якому зразалі на Акрэсціна дрэды разам са скурай. А Акрэсціна? Гэта ж пекла на зямлі. Людзі, якія рабілі гэта, павінны быць пакараныя паводле закону. Таму і распавядаю сваю гісторыю.

На мяжы я правяла каля 6 гадзін. Прыязджалі нейкія людзі, распытвалі, чаму я выходзіла на вуліцы. З-за гвалту ў маёй краіне. Дзеля нашай моладзі. Разам са мной мяжу перасякалі маладыя хлопцы — і гэтыя зусім незнаёмыя людзі потым дапамагалі мне на новым месцы (плача).

Потым я цяжка перахварэла на кавід. Ён падкраўся вельмі дарэчы. Даў мне моцнае ўзрушэнне. Я зразумела, што трэба жыць, трэба змагацца".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства