viasna on patreon

Затрыманні і новыя крымінальныя справы: хроніка палітычнага пераследу 27-28 студзеня  Дапоўнена

2022 2022-01-28T12:45:00+0300 2022-01-28T20:24:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zvikevich-01.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 27-28 студзеня працягваюцца затрыманні грамадзян і правядзенні ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

28 студзеня

Палітзняволенага студэнта БДМУ Уладзіслава Марціновіча этапавалі ў магілёўскую калонію

Праваабаронцам стала вядома, што Уладзіслаў Марціновіч пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі №15 «Вейна».

Палітзняволенага студэнта 4-га курса БДМУ абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання telegram-канала «Белыя халаты». 15 лістапада суд прызначыў палітвязню 4 гады калоніі.


На 2 гады палітвязня Ігара Салаўя перавядуць у магілёўскую турму

На два гады палітвязня Ігара Салаўя перавядуць з бабруйскай папраўчай калоніі №2 у магілёўскую турму, на строгі рэжым.

Такое рашэнне прыняў суд, які адбыўся ў калоніі па ініцыятыве адміністрацыі. Нібыта Салавей сістэматычна парушаў дысцыпліну. 

Ігар Салавей летась асуджаны па гучнай „Пінскай справе”, ён пакараны шасцю гадамі зняволення за ўдзел увечары 9-га жніўня 2020 года ў стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкаму.


Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманне блогера Gypsynkov (Міхась Цыганкоў), вядомага вострымі жартамі ў twitter на сацыяльна-палітычныя тэмы ў Беларусі.

У яго амаль 11,5 тысяч падпісчыкаў. Падрабязнасці затрымання праваабаронцам пакуль невядомыя.

Таксама паведамляецца пра затрыманне яшчэ некалькі блогераў-тысячнікаў у твітары. Іх прозвішчы высвятляюцца.


Палітзняволеную Вольгу  Маёраву абвінавачваюць адразу па шасці крымінальных артыкулах. Гэта:

- частка 2 арт. 285 — удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме;
- частка 3 арт. 130 — дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб, або якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы;
- частка 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай;
- частка 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт;
- частка 2 арт. 257 — падман спажыўцоў, учынены групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, раней судзімай за падман спажыўцоў, або ў буйным памеры;
- частка 2 арт. 289 — акт тэрарызму.


Стала вядома аб затрыманні на гэтым тыдні двух магілёўцаў у рамках крымінальных спраў за каментары ў Інтэрнэце.

Тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў відэа з мясцовым жыхаром Дзянісам Белагаловым, якога абвінавачваюць у абразлівым каментары ў адрас супрацоўніцы Менскага АМАП Святланы Скаражонак, якая памерла ў студзені 2021 года, піша ТГ-канал MAYDAY.TEAM.

Яго затрымалі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ і АМАП. На відэа напалоханы мужчына распавядае, што яго затрымалі "прафесійна, прыгожа, бліскуча". Ён прызнаў сваю віну і раскаяўся, скончыўшы свае словы выразам "Працуйце, браты".

Акрамя гэтага, супрацоўнікі мінскага ГУУБ МУС затрымалі ў Магілёве 36-гадовую жанчыну, якую падазраюць у абразе супрацоўнікаў мінскай міліцыі ў Інтэрнэце. Вядома, што яна працуе ў сферы гандлю.


Інфармацыйная прадукцыя сайта і сацсетак магілёўскага парталу 6tv.by прызнаная эсктрэмісцкімі матэрыяламі

Такое рашэнне 21 студзеня прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва.

Адзначым, што «экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып парталу.

27 студзеня

Палітзняволенага праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку 26 студзеня этапавалі ў папраўчую калонію №3.

Нагадаем, Леаніда асудзілі на тры гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх, а таксама фінансаванні такіх дзеянняў (ч. 2 арт. 342 КК).

14 студзеня Гомельскі абласны суд пакінуў апеляцыйную скаргу праваабаронцы без задавальнення, а прысуд без зменаў.


У Мінску затрымалі грамадзянку РФ — яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах

27 студзеня ў Мінску была затрымана грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая мае від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, Вера Цвікевіч.

Папярэдне, яе абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

У жніўні 2020-га фотаздымак Веры быў на першай паласе беларускай «Камсамольскай Праўды»


Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча і начальніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко накіравалі ў суд.

Палітвязням інкрымінуюць «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры».

Санкцыі па артыкуле, які інкрымінуюць журналістам, прадугледжваюць да 5 гадоў турмы.


Фота

Вядомага мастака Алеся Пушкіна пачнуць судзіць 4-га лютага. Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя паведаміў Алесь Суша. Ён напісаў у Фэйсбуку, што прыйшоў ліст ад Алеся Пушкіна, у якім палітвязень піша, што суд над ім хутчэй за ўсё будзе закрытым. Алеся Пушкіна абвінавацілі ў тым, што ён нібыта «ўчыніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый», піша сайт Генпракуратуры.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства