viasna on patreon

Заява аб прызнанні Мікалая Казлова палітычным зняволеным

2022 2022-01-05T12:50:07+0300 2022-01-05T12:50:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kazlou_mikalaj_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

5 студзеня 2022 г.

Інфармацыйны рэсурс Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі паведаміў пра тое, што лідар партыі Мікалай Казлоў пачаў адбываць арышт тэрмінам на 3 месяцы, прызначаны яму паводле прысуду суда Ленінскага раёна г. Мінска ад 6 жніўня 2021 г. пасля разгляду справы ў закрытым судовым пасяджэнні.

У снежні 2020 года і студзені 2021 года Мікалая Казлова дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай Генпракуратурай у дачыненні да Святланы Ціханоўскай і іншых асобаў па "факце здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". Штораз падчас допыту палітык адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні дадзеных следства. За гэта ў дачыненні да яго складалі адміністрацыйныя пратаколы, прызначалі адміністрацыйны арышт на 15 сутак. На думку пракуратуры, палітык выдаў дадзеныя следства ў інтэрв'ю СМІ. Мікалай Казлоў віну па прад'яўленым абвінавачванні не прызнаў.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў.

Карыстанне прадугледжанымі ў пункце 2 арт. 19 Пакта правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць вызначаныя законам і з'яўляцца неабходнымі:

  • a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў;
  • b) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва.

Камітэт па правах чалавека ААН падкрэслівае неабходнасць адкрыць шырокі доступ да ўрадавай інфармацыі, якая мае грамадскі інтарэс, з мэтай эфектыўнага ажыццяўлення права на доступ да інфармацыі, дапускаючы толькі дзве вузкія галіны абмежавання гэтага права, якія могуць датычыцца або павагі правоў ці рэпутацыі іншых асобаў, або аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку ці здароўя і маральнасці насельніцтва. Тым не менш, калі дзяржава-ўдзельніца вызначае абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоднае выказванне меркавання, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права. Абмежаванні павінны строга адказваць патрабаванню неабходнасці і супамернасці.

Напрыклад, для пацвярджэння, што абмежаванне свабоды выказвання меркавання ці свабоды інфармацыі неабходнае дзеля абароны законных інтарэсаў нацыянальнай бяспекі, урад павінен прадэманстраваць, што:

  • a) выказванне меркавання ці інфармацыя па канкрэтным пытанні ўяўляе сур'ёзную пагрозу законным інтарэсам нацыянальнай бяспекі;
  • b) уводзімае абмежаванне з'яўляецца найменшай магчымай абмежавальнай мерай для абароны гэтых інтарэсаў;
  • c) абмежаванне дапасоўваецца да дэмакратычных прынцыпаў.

Акрамя таго, абмежаванне, якое ўводзіцца дзеля абароны, у прыватнасці, інтарэсаў нацыянальнай бяспекі, не з'яўляецца легітымным, калі ягонай сапраўднай мэтай і даказальным вынікам з'яўляецца абарона інтарэсаў, што не тычацца нацыянальнай бяспекі, уключаючы, напрыклад, абарону рэпутацыі ўрада і недапушчэнне агалоскі ягоных неправамоцных дзеянняў, ці ўтойванне інфармацыі аб функцыянаванні дзяржаўных установаў, ці навязванне пэўнай ідэалогіі.

У апошнія гады забарона на разгалашэнне дадзеных следства і закрытага судовага пасяджэння выкарыстоўваецца судамі і органамі СК, МУС і КДБ, як правіла, у мэтах недапушчэння разгалашэння грамадска значнай інфармацыі, інфармацыі пра парушэнні і злоўжыванні уладаў, з парушэннем балансу і роўнасці правоў і магчымасцяў бакоў абароны і абвінавачвання.

Ацэньваючы інфармацыю пра допыты, прымусы да адмовы ад працэсуальных правоў, пазбаўленне волі Мікалая Казлова, мы прыходзім да высновы пра тое, што ў дадзеным выпадку ён пераследваецца праз свае палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, з парушэннем права на справядлівы суд.

Таму мы прызнаем яго палітвязнем у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязня Мікалая Казлова;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краін.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства