viasna on patreon

"Няхай надыходзячы год стане годам здзяйснення нашай агульнай мары". Што палітвязні жадаюць беларусам на Новы год

2021 2021-12-31T15:50:08+0300 2021-12-31T17:40:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/screenshot_20211231-140722__01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Ашчушчэние праздника"

"Ашчушчэние праздника"

Калядныя святы для тысячы беларусаў перасталі быць сямейнай традыцыяй, а абмежаваліся кратамі ці мурамі "хіміі". Таму важна стварыць ім святочны настрой хаця б праз ліставанне і бандэролькі. Некаторыя з палітвязняў ужо атрымалі вашыя віншавальныя лісты і паштоўкі, і нават даслалі на іх адказы. Блогер Сяргей Ціханоўскі верыць у перамены да лепшага, экс-настаўнік Андрэй Пятроўскі жадае, каб надыходзячы год стаў "годам здзяйснення нашай агульнай мары", каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова напісала верш з пажаданнямі, блогер Павел Спірын упэўнены, што надыйдуць лепшыя часы ў нашай краіне. "Вясна" распавядае, што палітвязні ў лістах зычаць з няволі беларусам.

«Толькі добрых навінаў у 2022 годзе» 

Віншавальная паштоўка ад Паўла Федукевіча

Палітзняволенага маладзечанца Паўла Федукевіча асудзілі да 1 года і 9 месяцаў калоніі. Калядныя святы ён адзначае ў бабруйскай калоніі №2. Акрамя віншаванняў, ён перадае «прывітанне ўсім сумленным людзям».

«У сваю чаргу, хачу павіншаваць Вас, а таксама ўсіх вашых сяброў, родных і блізкіх з надыходзячымі Новым Годам і Калядамі! Перш за ўсё жадаю моцнага здароўя! Жадаю, каб кожны дзень блізкія радавалі вас усмешкамі, а жыццё — новымі магчымасцямі, якія б абавязкова ўвасабляліся ў рэальнасць! Няхай здзейсняцца ўсе вашыя мары! Перадавайце ад мяне прывітанне ўсім сумленным людзям!

Таксама бадзёрасці, дабрабыту і выканання ўсіх жаданняў. І, канешне ж, толькі добрых навінаў у 2022 годзе» .

«Я дакладна ведаю, што мары спраўджваюцца»

Палітвязень Іван Дуброўскі з Гродна сустракае Новы год у турме №1. У лісце на волю піша, што настрой, як і здароўе, добры і пастаянна ўсміхаецца.

«Я дакладна ведаю, што мары спраўджваюцца, калі гэтага хацець і да гэтага імкнуцца. Ёсць здароўе, настрой і так, я ўсміхаюся пастаянна. Дзякуй Вам за віншаванні. Хачу павіншаваць Вас з Новым годам і Калядамі. Жадаю Вам і Вашай сям'і пражыць як мага больш шчаслівых дзён», — зычыць Іван Дуброўскі.

«Няхай надыходзячы год стане годам здзяйснення нашай агульнай мары»

Палітзняволены экс-настаўнік Андрэй Пятроўскі таксама далучыўся да віншаванняў неабыякавых беларусаў:

«Дазвольце павіншаваць Вас з надыходзячымі Новым 2022 годам і светлым святам Нараджэння Хрыстова. Гэтыя дні заўсёды напаўняюць душу радасцю, нагадваюць пра час, калі мы былі дзецьмі і верылі ў цуды. Няхай надыходзячы год будзе для Вас шчодрым на радасныя і прыемныя падзеі, і стане годам здзяйснення нашай агульнай мары. Здароўя і шчасця Вам і Вашым родным і блізкім, веры і аптымізму, дабра і міру. Хай беражэ Вас Бог ад усякай небяспекі».

«Зычу, каб гэты год стаў дабрэйшым да нас. Зычу справядлівасці, свабоды і радасці ад адчування, што ўсё не дарэмна».

«Пара нам ужо развітацца з усімі бедамі і пакутамі»

Пінскі палітвязень Сяргей Маўшук, асуджаны да 6,5 гадоў калоніі, не губляе надзеі на год тыгра:

«Вось надыходзіць год Тыгра. І тыгр разарве на кавалкі ўсё дрэннае. І пара нам ужо развітацца з усімі бедамі і пакутамі, і пачаць новае жыццё з чыстага ліста. Беражыце сябе, дай Бог Вам здароўя. І галоўнае — захоўвайце сябе і не хварэйце».

Сяргей піша, што ў апошні тыдзень снежня беларусы яму даслалі 37 лістоў, а адказваць ім ён будзе цэлыя выходныя.

«Веру ў перамены да лепшага ў Беларусі»

Віншавальная паштоўка ад Сяргея Ціханоўскага

Віншаванні дашлі і ад палітвязня Сяргея Ціханоўскага, якога ў снежні асудзілі да 18 гадоў калоніі.

«Віншую Вас і вашых блізкіх З Новым годам і Калядамі. Веру ў перамены да лепшага ў Беларусі!»

«Не сумнявайцеся, лепшыя часы надыдуць»

Палітзняволены блогер Павел Спірын даслаў кранальны ліст, у якім упэўнены ў лепшым у новым годзе для беларусаў:

«Не сумнявайцеся, лепшыя часы надыдуць, гэта непазбежна. І для нас усіх фарбы жыцця будуць гуляць асабліва ярка, бо мы бачылі, як гэта — пагрузіцца ў цемру. А пакуль, мы ўсе выпіваем да дна гэтую чару пакуты.

Я таксама вельмі сумую па людзях на волі і цёпламу зносінам. Але і тут таксама людзі. Не думайце, што мне тут стварылі ўмовы канцэнтрацыйнага лагера. Гэта не так. Бывае, што тут чалавечнасці больш, чым на волі».

Палітвязень Яўген Разнічэнка верыць, што хутка сустрэнецца з беларусамі на волі

Яўгена асудзілі да 3,5 гадоў па "справе Ціханоўскага". Новы год ён святкуе ў папраўчай калоніі №17. На волю ён даслаў ліст з віншаваннямі:

«Жадаю спраўджвання ўсіх самых шчырых жаданняў і ўсяго самага добрага! Мы хутка ўбачымся!»

Праваабаронцы-вясноўцы таксама дасылаюць віншаванні на волю

Палітзняволеныя вясноўцы, якія знаходзяцца на «Валадарцы», таксама дасылаюць на волю віншавальныя лісты з падтрымкай і падзякай. А Валянцін Стэфановіч спадзяецца, што беларусы змогуць адзначыць святы ў цёплай атмасферы, негледзячы на тое, што адбываецца вакол:

«Тым часам ужо хутка Новы год і Каляды. Троху сумна іх тут адзначаць. Вы, сябры, паспрабуйце іх добра адзначыць у цёплай і прыемнай атмасферы, наколькі гэта магчыма».

Уладзь Лабковіч на паштоўцы напісаў:

«Няхай Пан Бог беражэ Вас, сагрэе любоўю, дасць здароўя, перамог і мноства шчаслівых дзён».

Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі таксама даслаў віншавальную паштоўку:

«Віншую Вас і сям’ю з Раством і Новым годам. Жадаю шчасця, спакою і добрага настрою на ўвесь год!».

Праваабаронца Марфа Рабкова нагадвае, што хутка Вясна прыйдзе!

Віншавальная паштоўка ад Марфы Рабковай

«Віншую вас і ўсіх вашых блізкіх З Новым годам і Калядамі! Жадаю здароўя, дабрабыту, гармоніі і любові ва ўсіх справах, яркіх уражанняў і ўсіх зямных выгод!Атрымала ваша віншаванне. Вялікі вам дзякуй за падтрымку і такія цёплыя, аптымістычныя словы. Вясна прыйдзе!"

Акрамя гэтага, з нагоды святаў Марфа напісала верш:

«В грядущий год смотрите без опаски:

Судьба боится воли большинства.

Пускай же в вашей жизни, словно в сказке,

Творятся волшебство и чудеса!»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства