"Беларусы сталі бліжэйшыя адзін да аднаго, знікла звыклая абыякавасць"
Усё часцей здаецца, што гэта ніколі не скончыцца: штодзённыя навіны пра затрыманні, новыя абвінаваўчыя прысуды, ператрусы, рэпрэсіі, сведчанні катаванняў... Шмат хто прызнаецца: "Сорамна сказаць, але апускаюцца рукі". Каб падтрымаць беларусаў і паказаць, што яны не адны, "Вясна" працягвае распавядаць гісторыі салідарнасці — тых, хто за кратамі, і тых, хто на волі.
Асуджаная жанчына робіць паштоўкі хэндмэйд і адпраўляе іх іншым вязням
Рэгіну Лавор з Іўя асудзілі сёлета ў верасні. Жанчыну прызналі вінаватай у публічнай абразе прадстаўнікоў улады і прызначылі ёй два гады "хатняй хіміі". У снежні яна пачала адбываць пакаранне. Каб падтрымаць іншых зняволеных, жанчына яшчэ да свайго суда пачала з імі ліставацца.
"Памятаю, як напісала ліст Вітольду Ашурку, вось толькі не паспела адправіць. Заставалася напісаць свой зваротны адрас і кінуць у скрыню. Але прыйшла страшная навіна. Ён памёр… — дзеліцца ўспамінамі з "Вясной" жанчына. — 20 жніўня быў арыштаваны наш актывіст Пётр Буцько, ён і цяпер сядзіць у гродзенскай турме. Пачала пісаць яму. "Вольных паштовак" у Іўі не знайсці. Неяк купіла падыходзячыя ў краме Вольгі Севярынец. А потым падумала: чаму б і мне не рабіць свае? Бо паштоўка, зробленая сваімі рукамі, — гэта яшчэ і падарунак. Чалавек атрымае яго і падумае: "Трэба ж, пра мяне памятаюць, для мяне не паленаваліся зрабіць паштоўку". Каб мае паштоўкі даходзілі да адрасатаў, вырашыла ствараць іх у стылі "пахне чабор".
Свае паштоўкі Рэгіна робіць з таго, што ёсць пад рукамі. Усяго жанчына змайстравала і адправіла зняволеным ужо некалькі дзясяткаў хэндмэйд-твораў, і спыняцца на гэтым не збіраецца. У ліку тых, каму Рэгіна Лавор ужо адправіла паштоўкі, Андрэй Сакалоўскі (ён, дарэчы, таксама з Іўя), Іван Кузюр, Аляксандр Гашнікаў, Іван Дацішын...
"Праз сайт politzek.me пачала сябраваць з некаторымі палітвязнямі. Напрыклад, так я пазнаёмілася і пасябравала з сям'ёй Андрэя Сакалоўскага. На жаль, за ўвесь час атрымала толькі адзін адказ ад Марфы Рабковай. Але я веру, вясна надыйдзе", — кажа жанчына.
Асуджаная жанчына робіць паштоўкі Hand-made і адпраўляе іх іншым зняволеным
Неабыякавыя людзі прыходзяць на судовыя пасяджэнні, каб падтрымаць незнаёмага чалавека
26-гадовую Святлану асудзілі паводле артыкулу 23.4 КаАП за "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў". Распавядаючы сваю гісторыю, дзяўчына прызнаецца: "Яшчэ тры гады таму я амаль не цікавілася палітыкай, але тое, што здарылася ў жніўні 2020-га, перавярнула маю душу". Дзяўчына спачатку была назіральніцай на выбарах, а потым разам з іншымі беларусамі адстойвала свае галасы.
"Вясне" Святлана распавяла гісторыю, якая надае ёй сіл.
"Маю справу ўвесь час адпраўлялі на дапрацоўку. У выніку суд доўжыўся амаль 5 месяцаў. Думаю, так доўга толькі таму, што нашы цудоўныя беларусы мяне падтрымалі. Я не ведаю, чым я гэта заслужыла, але на пасяджэнні па маёй справе падтрымаць мяне прыходзілі не толькі знаёмыя, але і процьма незнаёмых людзей з нашага невялікага гарадка (назву горада і сваё прозвішча дзяўчына прасіла не пазначаць з меркаванняў бяспекі — рэд.). У зале суда амаль не было вольных месцаў. Я адмовілася ад паслугаў адваката і напісала пра гэта ў сацсетках. У сябры да мяне тут жа пагрукаўся юрыст і бясплатна падрыхтаваў да судовага пасяджэння. Напярэдадні першага судовага пасяджэння дадому да мяне хтосьці даслаў букет кветак. Сябры зрабілі банар у маю падтрымку і размясцілі ў сацсетках — і беларусы тут жа пачалі дадавацца да мяне ў сябры і выказваць небывалую падтрымку. Я і ўявіць сабе не магла, што ў нас так шмат класных людзей. Суд прызнаў мяне вінаватай. Іншага я і не чакала. Мяне аштрафавалі на 10 базавых велічынь. Гэта невялікі штраф. Мне прапанавалі дапамогу, але я ад яе адмаўлялася. Меркавала, што іншым яна больш патрэбная. Але калі я прыйшла на працу, на стале ў сябе знайшла квітанцыю аб аплаце штрафу. Хто гэта зрабіў, я не ведаю дагэтуль. Але я сапраўды ведаю, што вакол мяне велізарная колькасць цудоўных людзей, побач з якімі нястрашна".
Актывісты стварылі калядны адвэнт-каляндар з заданнямі, каб падтрымаць палітвязняў
Ініцыятыва "Вольныя паштоўкі" размясціла ў Instagram Калядны адвэнт-каляндар з заданнямі, выконваючы якія, кожны беларус мог выказаць сваю салідарнасць з палітвязнямі Беларусі.
Марафон працягнуўся з 1 да 24 снежня. Кожны дзень каманда посціла заданні ў сторыс. Да прыкладу, трэба было адціснуцца, як Марыя Калеснікава, зрабіць уласнаручна паштоўку палітвязню, апрануцца ў чорны на знак салідарнасці з тымі, хто цяпер у турме; прыгатаваць кашу па рэцэпце палітвязня…. Беларусы гэтыя заданні выконвалі і публікавалі ў сябе ў сацсетках вынікі з хэштэгамі #adventpashtouki, #вольныяпаштоўкі.
Так усё маглі бачыць, як шмат салідарных беларусаў насамрэч.
Беларуска штодня піша лісты зняволеным
Наталля (імя жанчыны змененае з меркаванняў бяспекі) піша лісты ў турму з ліпеня 2020 года.
"Ад лістапада 2021-га пішу штодня, — кажа жанчына. — Адкрываю сайт "Вясны", чытаю гісторыі зняволеных і пачынаю ім пісаць. Ужо адправіла больш за 600 лістоў. Калі было можна — рабіла яшчэ і пераводы".
Паводле жанчыны, з сем'ямі некаторых палітычных вязняў яна ўжо пазнаёмілася асабіста.
"З дзвюма па справе брэсцкіх карагодаў, яшчэ з адной сям'ёй — па справе студэнтаў. Ездзіла да іх з падарункамі. Нядаўна адправіла дзве пасылкі для дзяцей двух палітычных, адзін з іх праходзіць па справе Ціханоўскага, — распавядае жанчына. — Ёсць тыя, з кім ліставанні наладжваліся, але потым рэзка абрываліся. Ёсць вельмі цікавыя і доўгія ліставанні. Аднаму палітычнаму байкеру, напрыклад, купляю паштоўкі з матацыкламі. А Пашу Пяскову наўмысна высылаю паштоўкі з мішкамі, каб ён потым змог адправіць іх сыночку. Ужо атрымала па некалькі адказаў ад Статкевіча, Севярынца, Лосіка, Бабарыкі, Латыпава, Знака, ёсць адзін адказ ад Машы Калеснікавай. Але нават калі адказы прыходзіць не будуць (я ведаю, што ў шмат якіх зняволеных на гэта элементарна не хапае асабістага часу, а, бывае, і маральных сіл), я ўсё адно буду ім пісаць. Падтрымка — гэта тое, без чаго ім там прыйдзецца невыносна горка".
Мужчына адседзеў сам, а цяпер дапамагае тым, чые родныя сёння знаходзяцца за кратамі
Уладзімір з Бабруйска — адзін з тых, хто не баіцца дапамагаць. Сам ён у 2020-м за ўдзел у акцыях пратэсту адседзеў у жудасных умовах больш за месяц.
Калі мужчына даведваецца, што камусьці ў горадзе далі "суткі", знаходзіць сваякоў зняволеных і імкнецца дапамагчы чым можа: збірае перадачы, дапамагае па гаспадарцы, адвозіць і прывозіць, куды трэба.
"Мяне падтрымлівалі, і я таксама пачаў так рабіць, — тлумачыць мужчына свае ўчынкі. — Беларусы сталі бліжэйшыя адно да аднаго, знікла звыклая абыякавасць. І такіх людзей шмат. Я ведаю дзяўчыну, якая жыве ў вёсцы. Лішніх грошай у яе няма, затое ёсць вялікае сэрца. Ведаеце, што яна робіць? Калі даведваецца, што кагосьці пасадзілі, знаходзіць сваякоў гэтага чалавека (балазе, цяпер гэта лёгка зрабіць праз тэлеграм-чаты і групы), збірае "закаткі", гародніну — і едзе з імі да родных зняволенага. Чалавек проста дзеліцца "закаткамі", разумееце? Але вы нават не ўяўляеце, як шмат ейная падтрымка значыць для родных асуджаных".
Спагадлівыя беларусы ўзялі на сябе ролю Дзеда Мароза і выконваюць жаданні дзяцей зняволеных
Напярэдадні калядных святаў ініцыятыва INeedHelpBy запусціла святочную кампанію "Калядны сябар" па падтрымцы дзяцей з сем'яў, пацярпелых ад палітычных рэпрэсій. Дзякуючы ёй тыя дзеці, чые сваякі знаходзяцца за кратамі, могуць атрымаць падарункі ад "Каляднага сябра". Гэтым сябрам можа стаць любы неабыякавы чалавек.
"Ідэя з навагоднімі падарункамі нам прыйшла яшчэ ўвосень, калі мы запускалі дапамогу канцтаварамі да пачатку навучальнага года. Цяперашняя акцыя — гэта лагічны працяг нашай працы, — распавяла "Вясне" адна з арганізатарак ініцыятывы. — Асноўная місія нашага праекта — дапамога ад чалавека да чалавека. У гэтым жа рэчышчы мы арганізавалі і навагоднюю акцыю".
Ініцыятыва прапануе родным і сваякам звярнуцца да іх праз тэлеграм-бот і запоўніць неабходную анкету. Замовіць віншаванні і падарунак для дзяцей зняволеных проста. Для гэтага трэба зарэгістравацца ў тэлеграм-боце @INeedHelpBY_bot, скарыстацца камандай /newyear; запоўніць анкету з апісаннем сітуацыі, у якой аказалася сям'я.
"Валанцёры правяраюць заяўкі і ўхваленыя злучаюцца адно з адным. Пры падачы заяўкі мы просім сям'ю напісаць трошкі пра дзяцей, якім прызначаюцца падарункі, — распавядаюць арганізатары. — Таксама да заяўкі можна прымацаваць здымак ліста дзіцяці, ягоныя малюнкі ці вырабы. Памочнікам вельмі прыемна атрымліваць такія падарункі ад дзяцей і выконваць іх жаданні".
Як распавялі нам арганізатары, часам лісты да іх прыходзяць і ад палітвязняў.
"У тых, хто адбывае тэрмін на "хіміі", ёсць мабільныя тэлефоны, таму яны таксама могуць нам напісаць. Да прыкладу, было вось такое паведамленне: "Мару пабачыць шчырыя эмоцыі свайго дзіцяці. Хачу, каб ён разумеў: у жыцці ўсё ж бываюць цуды, а жаданні, калі ў іх верыць, выконваюцца. Дапамажыце зрабіць так, каб мой сын адчуў: тата побач і ён яго не забыў".
Ёсць шмат лістоў і ад жонак зняволеных. Дзеці дасылаюць малюнкі мам і тат, якіх цяпер няма побач... І калі мы іх чытаем, у нас з'яўляецца яшчэ больш сіл і жадання рабіць усё магчымае, каб у беларусаў не знікала вера ў лепшае".
Падтрымаць зняволеных можна лістамі: адрасы пазначаныя ў профілях на адмысловым сайце. Калі ў вас ёсць чым падзяліцца з творчасці вязняў для публікацыі, калі ласка, дасылайце на viasna@spring96.org. |