viasna on patreon

#WeStandBYyou: Новыя "хросныя" для беларускіх палітвязняў

2021 2021-12-21T13:15:32+0300 2021-12-21T15:37:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/robin-mesarosch-.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя "хросныя" з’явіліся ў палітзняволеных Анжэлы Асад, Ганны Аблаб, Антона Шніпа, Івана Пацейчука, Аляксандра Васілевіча, Валянціна Цераневіча, Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля ды Ірыны Касцючэнкі.

claudia-raffelhueschen.jpg

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Свабоднай дэмакратычнай партыі Клаўдзія Рафэльхюшэн так пракаментавала сваё рашэнне стаць "хроснай" Анжэлы Асад:

«Мая парламенцкая фракцыя і я падтрымліваем усіх людзей, якіх пераследуюць, несправядліва арыштоўваюць і якім пагражаюць у Беларусі. Мірны пратэст за вяршэнства закона і дэмакратыю, за правы і свабоду чалавека не з'яўляецца крымінальным злачынствам, гэта незаменны дэмакратычны інструмент свабоднага грамадства. Мы салідарныя з усімі людзямі, адданымі барацьбе. Мы, дэмакратычная партыя ў нямецкім Бундэстагу, заклікаем Беларусь неадкладна спыніць гвалт і вызваліць усіх палітычных вязняў. Прыспеў час для новых свабодных выбараў пад міжнародным назіраннем, пасля якіх мусяць быць зладжаныя дэмакратычныя канстытуцыйныя рэформы».

Беатэ Мюлер-Гемэке, дэпутатка нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных, узяла на сябе "хроснае бацькоўства" Ганны Аблаб і заявіла:

«Ужо больш за год людзі ў Беларусі рашуча выходзяць на вуліцы за дэмакратыю, свабоду і свабодныя выбары і не дазваляюць запалохаць сябе рэпрэсіямі і самавольствам рэжыму Лукашэнкі. Яны шмат дзеля гэтага рызыкуюць, і я іх за гэта паважаю. Сярод тых, хто пацярпеў ад гэтага дзяржаўнага тэрору, таксама чальцы незалежных прафсаюзаў і рабочыя, такія як Ганна Аблаб, якая ўдзельнічала ў стачках і ўваходзіла ў «Рабочы рух» Беларусі. 22 верасня 2021 года Ганну Аблаб кінулі за краты. Я стала яе хроснай з дапамогай НДА «Libereco» і заклікаю беларускі рэжым неадкладна вызваліць Ганну Аблаб і ўсіх іншых палітвязняў! #WeStandBYYou».

Юліян Пальке — дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных і "хросны бацька" Антона Шніпа. Ён сказаў:

«Антон Шніп — адзін з незлічоных палітвязняў у Беларусі. Ён, яго калегі з музычнага гурта і ўсе людзі, якія выступаюць за дэмакратыю ў сваёй краіне, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, выклікаюць у мяне агромністую павагу. Арышт Антона і і яго працяглае ўтрыманне ў СІЗА да суду выключна палітычна матываваныя. Гэта папросту здзек. Я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Антона Шніпа, як і астатніх удзельнікаў гурта ды ўсіх палітвязняў».

nina-stahr.jpg

Ніна Штар з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных. Беручы на сябе абавязкі "хроснай" Івана Пацейчука, яна сфармулявала выразныя патрабаванні:

«Я патрабую вызваліць Івана Пацейчука і ўсіх палітвязняў Беларусі. Мы не павінны прымаць гэтую дыктатуру пасярод Еўропы, мы не павінны адводзіць ад яе свой позірк. І мы не павінны пакідаць саміх людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю, вяршэнства закона і свабодныя і справядлівыя выбары, рызыкуючы сваім жыццём і асабістай свабодай. Нават зусім маладыя людзі або непаўналетнія, як Іван, рызыкуюць вельмі моцна. Яны сапраўдныя героі Еўропы і яны жывуць тут і цяпер. Я хачу паказаць ім прыклад. Таму што зразумела: Лукашэнка дыктатар. Ён не з'яўляецца законным прэзідэнтам. Таму я цалкам салідарная з прадстаўнікамі беларускага дэмакратычнага руху».

oliver-kaczmarek.jpg

Олівер Качмарэк з’яўляецца дэпутатам нямецкага Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён пераняў “хроснае бацькоўства” над Аляксандрам Васілевічам ад былога дэпутата Рэнэ Роспеля і заявіў:

«Аляксандр Васілевіч — адзін з больш чым 1800 чалавек у Беларусі, якія месяцамі (а ў выпадку з Аляксандрам Васілевічам — амаль паўтара года) ні за што сядзяць за кратамі з-за сваіх мірных дзеянняў супраць сфальсіфікаваных выбараў, гвалту і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У знак салідарнасці і ў падтрымку намаганняў па вызваленні Аляксандра Васілевіча я пераняў "хроснае бацькоўства" ад свайго былога калегі Рэнэ Роспеля. Заклікаю вінаватых неадкладна вызваліць Аляксандра Васілевіча. Іншыя мае патрабаванні таксама відавочныя: вызваленне ўсіх палітвязняў, неадкладнае спыненне гвалту і рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, арганізацый і СМІ, а таксама свабодныя і справядлівыя новыя выбары».

Лоранс Фельман-Рыель з’яўляецца сябрай Швейцарскага нацыянальнага савета і камісіі па прававых пытаннях. Узяўшы на сябе ролю “хроснай” Валянціна Цераневіча, яна сказала:

«Я падтрымліваю прафсаюзнага дзеяча Валянціна Цераневіча, намесніка старшыні незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот» у Беларусі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 верасня 2021 года. Ён і некалькі рабочых, якія падтрымалі стачку, знаходзяцца пад следствам за «здраду дзяржаве». Быць абвінавачаным у дзяржаўнай здрадзе за рэалізацыю сваіх прафсаюзных правоў відавочна несправядліва і абсалютна непрапарцыйна. Спадар Валянцін Цераневіч мусіць быць вызвалены!»

Робін Мезарош, дэпутат нямецкага Бундэстагу ад СДПГ, пераняў "хроснае бацькоўства" над Андрэем Войнічам ад былога дэпутата Марціна Шульца і заявіў:

«Я арганізоўваў шмат дэманстрацый у сваёй роднай краіне, таму што хацеў нешта змяніць у палітычным плане. Такая магчымасць павінна быць у кожнага. Гэта яшчэ больш важна ў такіх краінах, як Беларусь, дзе шмат каму жывецца цяжка, а дзяржава толькі стварае і абвастрае праблемы, замест таго, каб іх вырашаць. Андрэй Войніч заслугоўвае павагі за свае намаганні. Я агітую за яго вызваленне. Проста цяпер беларускія ўлады адмаўляюць спадару Войнічу ў тэрміновым лекаванні, нягледзячы на тое, што хваробы пагражаюць ягонаму жыццю! Я заклікаю мясцовыя ўлады аказаць спадару Войнічу неадкладную і належную дапамогу і абараніць яго жыццё».

verena-hubertz.jpg

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Верэна Хуберц пераняла "хроснае бацькоўства" над Яўгенам Афнагелем ад былога дэпутата Андрэаса Штаера. Яна адзначыла:

«Палітычны крызіс дамінуе ў Беларусі ўжо больш за год — з таго часу, як Лукашэнка зноў быў абвешчаны прэзідэнтам, нягледзячы на фальсіфікацыі падчас выбараў. З таго часу тысячы людзей сядзяць у турмах і сотні знаходзяцца пад вартай. І гэта толькі праз тое, што яны мірна агітуюць за дэмакратыю, вяршэнства закона і свабодныя выбары. Сярод гэтых людзей і апазіцыйны актывіст Яўген Афнагель, асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі. Я заклікаю, каб Яўгена Афнагеля, не зашкодзіўшы ягонаму здароўю, неадкладна вызвалілі! Свабода СМІ і свабода слова не з'яўляюцца злачынствамі — урады Германіі і Еўропы павінны тэрмінова разгледзець пытанне аб узмацненні санкцый. Рэжыму несправядлівасці ў Мінску мусіць супрацьстаяць сіла закону!»

deborah-dring.jpg

Дэбора Дзюрынг — дэпутатка Бундэстага і сябра Камітэта па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці, прымаючы на сябе "хроснае бацькоўства" Ірыны Касцючэнкі, абвесціла:

«Я цалкам салідарная з усімі людзьмі ў Беларусі, якія церпяць гвалт з боку дзяржавы дзейнасць якіх крыміналізуюць праз іх прыхільнасць да дэмакратыі і вяршэнства закона, а таксама да сумленных і свабодных выбараў. Свабода СМІ і свабода слова — гэта не злачынствы, а ўніверсальныя правы чалавека, якія павінны падтрымлівацца паўсюдна. Я цвёрда стаю на баку дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці і таму стала хроснай Ірыны Касцючэнкі. Яна працавала юрысткай на незалежным інфармацыйным партале TUT.BY і знаходзіцца пад вартай з 18 траўня 2021 года. Яна і ўсе іншыя палітвязні мусяць быць неадкладна і безумоўна вызваленыя».


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства