viasna on patreon

Двойчы за год жыхарку Мінска пакаралі "хатняй хіміяй" за абразу супрацоўнікаў міліцыі

2021 2021-12-21T09:20:00+0300 2021-12-21T11:46:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dvajnych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дар'я Двайных. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Дар'я Двайных. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Суд Маскоўскага раёна Мінска 20 снежня разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 29-гадовай касіркі Дар'і Двайных.  Для маці двух малалетніх дзяцей гэта ўжо не першы суд за абразу (арт. 369 КК РБ). У красавіку гэтага года жанчына ўжо была асуджаная да года "хатняй хіміі" за абразу супрацоўніка міліцыі. Характэрна, што розніца паміж часам пакідання першага каментара, за які жанчына была асуджаная гродзенскім судом вясной, і другім каментаром, за які яе судзілі ў Мінску, склала каля дзвюх гадзін.

Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў намеснік пракурора раёна Андрэй Бугук.

Паводле абвінавачвання, Дар'я Двайных у час з 21:14 да 21:54 30 кастрычніка мінулага года ў тэлеграм-супольнасці «Карнікі Беларусі» пакінула каментар «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй, з пачуццём непрыязнасці да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пад публікацыяй аб старшым інспектары аддзела аховы правапарадку Нясвіжскага РАУС Таццяне Кульбацкай, змест якога ўтрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, які змяшчае негатыўную ацэнку пацярпелай: «паскуда Нясвіжская».

Пацярпелая ў судовае паседжанне не з'явілася. У самым пачатку судовага разбору суддзя абвясціла змест даведкі, якая паступіла ў суд, згодна з якой абвінавачаная пастаўлена на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі 4 мая бягучага года. Па стане на 20 снежня жанчыне засталося адбываць 4 месяцы і 14 дзён пакарання.

Жыхарку Мінску асудзілі на год "хатняй хіміі" за абразу гарадзенскага падпалкоўніка

30 кастрычніка 2020 года Дар'я Двайных пад фотаздымкам Палякова ў адным з тэлеграм-каналаў размясціла каментар абразлівага зместу. Тры словы з гэтага каментара былі прызнаныя ў матэрыялах справы абразлівымі. Хоць адмысловай лінгвістычнай экспертызы праведзена не было.

Абвінавачаная прызнала віну, адзначыўшы, што не прызнае матывам сваіх дзеянняў палітычную і ідэалагічную варожасць. Фігурантка справы адзначыла, што хоць і не мела якіх-небудзь стасункаў з пацярпелай, у дзень, калі пакінула каментар, была ў дрэнным настроі ў сувязі з тым, што яе мужа затрымалі за парушэнні прэвентыўнага нагляду.

Дзяржаўны абвінаваўца ўдакладніў у Дар'і Двайных, ці часта яна так паступае, на што жанчына адказала, што зрабіла ў той дзень два каментары, за адзін з іх ужо асуджаная судом Кастрычніцкага раёна Гродна.

Суддзя: "А непрыязнасць да супрацоўнікаў міліцыі адчувалі таму што былі ў дрэнным настроі, паколькі ваш муж быў затрыманы супрацоўнікамі  міліцыі, правільна?"

Абвінавачаная: «Але гэта ніяк не адносілася да палітыкі».

Суддзя: "Я кажу пра асабістую непрыязнасць да супрацоўнікаў міліцыі ў прынцыпе да людзей у форме праваахоўных органаў".

Пасля чаго суддзя задала ўдакладняючае пытанне: "Гэта быў публічны канал ці гэта быў закрыты канал?"

Абвінавачаная: "Я не памятаю, як я зайшла і падпісалася на яго".

Пасля пытанняў аб тым, дзе, з кім пражывае Дар'я, каму належыць кватэра і які ў яе памер штомесячнага даходу, суддзя працягнула:

"Патлумачце, Дар'я Мікалаеўна, якія высновы вы для сябе зрабілі? Ну за год гэта другое судовае разбіральніцтва, па сутнасці аналагічныя абставіны першаму, якія высновы для сябе зрабілі. Мне не трэба многа-мала, мне патрэбны канкрэтны вынік..."

Як стала вядома ў ходзе абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы, справа па факце абразлівых каментароў у дачыненні да Таццяны Кульбацкай неўсталяваным колам асоб была ўзбуджана яшчэ 20 лістапада мінулага года. Пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Дар'і Двайных па дадзеным эпізодзе было вынесена 20 верасня гэтага года.

Падчас абвяшчэння матэрыялаў справы стала вядома, што падчас агляду канала «Карнікі Беларусі» пад публікацыяй у дачыненні да Кульбацкай было выяўлена яе фота з тэкстам:

«Таццяна Кульбацкая – капітан ААПП (аддзела аховы і прафілактыкі правапарадку – заўв.) Нясвіжскага РАУС на днях запрасіла ў РАУС жыхарку Нясвіжа для гутаркі. Калі тая прыйшла, пакінула яе да суда за тое, што жанчына апранула сваю сабачку ў вопратку з б-ч-б-сцягам, гуляла з ёй па плошчы. Жанчыне не давалі лекі, без якіх яна не можа абысціся, у ІЧУ правяла суткі, суд аштрафаваў на 30 базавых велічынь".

Падчас спрэчак дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд прызнаць абвінавачаную вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, часткова залічыўшы тэрмін адбытага пакарання з 4 траўня гэтага года.

Пракурор папрасіў ўлічыць наяўнасць на ўтрыманні малалетніх дзяцей у якасці змякчальных абставін, у якасці абцяжарвальнай – ўчыненне злачынства асобай, якая раней учыніла злачынства, а таксама здзяйсненне злачынства па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці і з нізкіх памкненняў.

Адвакат абвінавачанага прасіў суд апраўдаць абвінавачваную, адзначыўшы, што грамадзяне маюць права выказваць сваё меркаванне да дзяржаўных органаў, гэта неад'емнае канстытуцыйнае права, патлумачыўшы, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства. Абарона таксама настойвала, што ў аснову абвінаваўчага прысуду не могуць быць пакладзеныя здагадкі.

У апошнім слове Дар'я Двайных была нешматслоўная:

 "Высокі суд! Прашу строга не караць, ўлічваць усе змякчальныя абставіны».

Суддзя Мурашка пастанавіла: прызнаць Двайных вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, столькі, колькі і запрасіў абвінаваўца. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства