viasna on patreon

Рабіць свет больш добрым: каму і навошта патрэбная адукацыя ў сферы правоў чалавека?

2021 2021-12-10T09:51:37+0300 2021-12-10T13:13:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/human_rights_education_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя: smol.id

Ілюстрацыя: smol.id

Змрочныя часы не толькі выкрываюць самае добрае і самае кепскае ў людзях. Яны, нібыта ліхтарык, высвечваюць крызісы ў розных галінах жыцця грамадства – у тым ліку, у сферы правоў чалавека. Людзі пачынаюць задумвацца, якія ж правы ў іх існуюць, толькі калі іх пачынаюць забіраць. Але каб заходзіць у цёмны пакой без страха, бракуе ліхтарыка: патрэбна ўключыць святло. Ім і можа апынуцца адукацыя.

Таму ў Сусветны дзень правоў чалавека “Вясна” пагутарыла з экспертамі ў сферы адукацыі правоў чалавека, а таксама людзьмі, якія ў розныя часы вывучалі каштоўнасную базу правоў чалавека – пра тое, чаму важна займацца тэмай і што гэтая каштоўнасць значыць для іх у асабістым і прафесійным жыцці.

Асэнсаванасць каштоўнасці прыходзіць з яе крызісам

Андрэй Палуда, праваабаронца “Вясны” і каардынатар, трэнер адукацыйна асветніцкай ініцыятывы “Беларуская правабарончая Школа” ўпэўнены: асвета і веды – гэта аснова цывілізацыі, ідэя адукацыі важная для жыцця і развіцця грамадства.

“У сваю чаргу, адукацыя ў сферы правоў чалавека – яшчэ больш важны канцэпт, – адзначае ён. – Ён нясе ў сабе роўнасць, талерантны падыход адзін да аднаго, недыскрымінацыю і разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця, падыхода, заснаванага на чалавечай годнасці. Таму чым больш такіх ведаў будзе распаўсюджвацца ў грамадстве, чым больш будзе фармавацца гэтае разуменне, тым менш мы будзем зазнаваць і неталерантнасці ў бок кожнага чалавека.

Адукацыя ў свеце правоў чалавека – гэта сапраўды тое, што робіць свет лепшым: больш раўнапраўным і добрым, асяродкам, дзе кожны прымае адзін аднаго”.

Андрэй Палуда пра асноўныя паняцці ў правах чалавека

У лекцыі выкладзены філасофскі аспект у развіцці ідэі правоў чалавека.

Пятровіч – як яго частна называюць удзельнікі адукацыйных праграм па правах чалавека  заўважае, што хаця каштоўнасць правоў чалавека грамадства разумее заўсёды, пытанне яе асэнсавання прыходзіць разам з крызісам у сферы праў чалавека. Так, напрыклад, у Беларусі мы бачылі велізаныя конкурсы заявак на ўдзел у адукацыйна-асветніцкіх праграмах у галіне правоў чалавека спачатку ў 2011 годзе, і дарэчы актуальнасць не губляецца і па сенняшні дзень. Людзей штосьці закранула, яны адчулі, што нешта не так, але да канца не могуць зразумець, што менавіта. Таму яны хочуць разабрацца, у чым канкрэтна парушаюцца іх правы, якія сродкі іх абароны яны маюць. Гэтак жа і з тэматыкай навучання: калі фундаментальныя рэчы цікавяць удзельнікаў заўсёды, то цікаўнасць да асобных тэмаў залежыць ад кантэкста ў краіне. Напрыклад, зараз больш цікавасці ўзнікае да тэмы катаванняў і бесчалавечага абыходжання.   

“Гэта паказчык таго, што правы чалавека – жывы інструмент, – упэўнены Андрэй Палуда. – Ён рэагуе на сітуацыію і кантэкст, людзі пачынаюць цікавіцца тым, што становіцца выклікам у грамадстве. Часцей за ўсё на базавых школах па правах чалавека мы канцэнтруемся на моладзі, студэнтах, але распрацаваная праграма, якая ўводзіцца для больш паглыбленай адукацыі: там няма цэнзу па ўзросце”.

Розныя мэты – адзіныя каштоўнасці

За дзясятак гадоў Беларуская Праваабарончая Школа налічвае больш за тысячу выпускнікоў розных адукацыйна-асветніцкіх праграм: яны прымяняюць атрыманыя веды як у прафесійным, так і ў паўсядзёным жыцці, знаходзячы галоўнае апірышча ў каштоўнасцях правоў чалавека.

Іра Лукашэнка кажа: "Маё знаёмства з правамі чалавека пачалося гадоў 8 таму з песні расейскага гурта Louna "Кожны мае права". Словы гэтай песні дагэтуль сядзяць у галаве: «Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваіх годнасці і правах...» Але гэта былі словы з нейкага ідэальнага свету, мы ж жылі ў нашым: у свеце, дзе з законам спрачацца нельга, дзе на несправядлівасць трэба маўчаць, а ўсім людзям, у якіх ёсць улада, трэба беспярэчна падпарадкоўвацца. З часам пачынаеш разумець, што хочаш жыць з годнасцю. І калі ты можаш патрабаваць нейкія адносіны для свайго годнага жыцця, то гэта могуць рабіць і ўсе астатнія людзі планеты.

Праўда, не ва ўсіх вочы адчыненыя. Як і я да нядаўняга часу, людзі думаюць, што Брат зверху лепш ведае, як і дзе павінен быць канкрэтны чалавек. І нават калі адчуваюць, што нешта не так, мала хто ведае, што ж з гэтым бязладдзем рабіць. Таму адукацыя ў сферы правоў чалавека – вельмі важны момант у развіцці асобнага чалавека і цэлага грамадства. Веданне – моц, бо маючы іх, можна абараніць сябе і абараніць іншых. Веданне аб правах чалавека дазваляе патрабаваць іх захавання, дазваляе ўсвядоміць, дзе павінна быць інакш.

Я вельмі хачу дапамагчы людзям у пазнанні і абароне сваіх правоў. Правоў, якія не трэба заслугоўваць або дамагацца, правоў, якія мае кожны".

Павел Сапелка пра сістэму абароны правоў чалавека ў ААН

У лекцыі прадстаўленыя агульныя звесткі па гісторыі стварэння арганізацыі Аб'яднаных Нацый, яе галоўныя органы, афіцыйныя мовы.

Яшчэ адзін выпускнік Беларускай Праваабарончай Школы заўважае:

"Для мяне правы чалавека важныя тым, што яны дапамагаюць захаваць чалавечую годнасць, незалежна ад сітуацыі, у якой чалавек аказваецца. І хаця я не закранаю вывучэнне некаторых праваабарончых напрамкаў, за шэсць гадоў навучання правам чалавека ў мяне сабралася дастатковая колькасць ведаў, каб паглыбіцца ў некаторыя з іх досыць сур'ёзна. Новыя веды ў гэтай сферы пашыраюць мае магчымасці і дазваляюць глядзець на сітуацыі з розных бакоў.

Я ўжываю іх і ў прафесійнай дзейнасці – працы з тэмай палітвязняў, і ў паўсядзённым жыцці – хоць гэта бывае і складана. Мы заўважылі, якім актуальным было ў жыцці грамадства права на мірныя сходы, на збор і распаўсюд інфармацыі – я доўга спрабаваў зразумець, як яго можна рэалізаваць, улічваючы працу судоў і РУУС. Але нават застаючыся па-за павесткай, чалавек пастаянна сутыкаецца з сацыяльна-эканамічнымі, палітычнымі і культурнымі правамі, пры гэтым не заўсёды іх заўважаючы, таму што не паглыбляецца ў тэму. Напрыклад, некаторы час я актыўна выкарыстоўваў права, гарантаванае нам арт. 34 Канстытуцыі, аднак практыка паказала, што яно не працуе. У Беларусі цяпер як ніколі актуальныя некаторыя палітычныя і асабістыя правы, якія парушаюцца паўсюдна, на жаль".

Алесь Бяляцкі пра гісторыю праваабарончага руху

У лекцыі выкладзеныя звесткі з гісторыі праваабарончага руху ў СССР, зараджэнне якога звязваюць са смерцю Сталіна і пачаткам "адлігі".

Максім Кавалеў, моладзевы актывіст, распавядае:

"Прыйшоў я ў тэму правоў чалавека ў 2015 годзе. Я тады вучыўся на юрфаку і вырашыў далучыцца да controlby, падумаў, што гэта была б цікавая практыка. І вось ужо 6 гадоў як я не магу з гэтага ўсяго выбрацца. За гэты час я ўсвядоміў для сябе, што для чалавека – права, то для дзяржавы – абавязак. Стаў бачыць значна больш парушэнняў у працы дзяржаўнай машыны, і разам з тым шляху для выпраўлення сітуацыі. У 2020-2021 годзе модна казаць аб прававым дэфолце, і з гэтым цяжка не пагадзіцца.

І таму, тэма правоў чалавека становіцца яшчэ больш актуальнай. Для мяне праваабарона – гэта барацьба. Дыктатура або дэмакратыя, дзяржава заўсёды будзе парушаць нашы правы – пытанне толькі ў тым, якія інструменты мы можам выкарыстоўваць для абароны.

У дадзены момант я з'яўляюся сябрай некалькіх моладзевых арганізацый, займаюся такімі тэмамі, як права на свабоду мірных сходаў, права на адукацыю, права на свабоду веравызнання. Звязана гэта з тым, што ў цэлым у сектары НДА не так шмат юрыстаў, і я стаўлю сваёй місіяй павышэнне прававой пісьменнасці моладзі, каб пасля тыя, каму я дапамог, маглі навучыць сваіх сяброў, і ў выніку мы ўсе разам наблізіліся да грамадства, дзе дзяржава 10 разоў падумае, перш чым паставіць сябе вышэй за Чалавека".

Іра Шкода, сузаснавальніца ініцыятывы "Маладыя людзі+", якая аб'ядноўвае моладзь, якая жыве з ВІЧ, і неабыякавых да тэмы актывістак і актывістаў з Беларусі, заўважае:

"З лета 2019, пасля праходжання навучання ў Школе правоў чалавека, я пачала ўсё больш цікавіцца гэтай тэмай. Раней я як быццам і не задумвалася пра тое, што з сябе ўяўляюць Правы чалавека, як часта мы сутыкаемся з іх парушэннем, а ўжо тым больш пра тое, што свае правы можна навучыцца ў той ці іншай ступені абараняць!

Вырашальным для мяне стала праходжанне яшчэ адной праграмы у межах Беларускай Праваабарончай Школы – Паглыбленага курсу па правах чалавека. Здаецца, з гэтага моманту я пачала ўсё больш прасоўваць тэму ў коле сям'і, сяброў і сябровак, а таксама ў сваёй актывісцкай дзейнасці. Цяпер я магу ўпэўнена і дакладна сказаць, чаму закон аб наяўнасці смяротнага пакарання ідзе насуперак з маімі каштоўнасцямі і поглядамі і чаму ад яго пакутуюць усе. Цяпер я ведаю, у якія структуры і як пісаць скаргу, калі мае правы парушаюцца – ужо маю такі паспяховы досвед. Цяпер я адчуваю вялікую упэўненасць у сваіх дзеяннях. Акрамя таго, для мяне правы чалавека, у тым ліку пра асабістыя мяжы і камфорт. Цяпер я дакладна ведаю, як са мной нельга, на што я маю права і як пра гэта заявіць! Я ўпэўненая, што ўсеагульную адукацыю ў сферы правоў чалавека — адзін з галоўных спосабаў развіцця здаровага грамадства".

Шмат людзей, атрымаўшы веды у галіне правоў чалавека і каштоўнасны падыход, імкнуцца далучыцца да розных валантэрскіх ініцыятыў, каб дапамагаць людзям і спрыяць таму, каб палепшыць гэты свет. Правы чалавека важныя для валанцёрскіх ініцыятыў, дзе людзі аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі і жаданнем дапамагчы іншаму чалавеку, прызнаючы роўныя правы для розных людзей, нягледзячы на пол, расу, нацыянальнасці, палітычныя погляды ці іншае. Так, акрамя таго што робіць вельмі шмат карыснага для грамадства і канкрэтных людзей, Валанцёрская служба “Вясны” праводзіць для шырокага кола людзей вэбінары і сустрэчы па тэме правоў чалавека, падчас якіх тэма абмяркоўваецца пад рознымі вугламі: людзі стасуюцца між сабой, дзеляцца думкамі, каб шукаць і знаходзіць правы чалавека ў паўсядзённым жыцці – у медыцыне, экалогіі, бізнэсе. Камунікуючы адзін з адным, людзі разумеюць, што правы чалавека бачны вакол іх, і гэта ўплывае на якасць іх жыцця. Да таго ж, у сацыяльных сетках публікуюцца пасты на адукацыйную тэму.

Валянцін Стэфановіч пра правы чалавека ў Канстытуцыі

У лекцыі акрэслены змест паняцця Канстытуцыі, прыведзены звесткі аб ўзнікненні першых канстытуцый.

Таксама Валанцёрская служба дбае пра псіхалагічны камфорт зацікаўленых людзей і праводзіць майстар-класы пра самаклопат: калі правы чалавека датычныя ўсіх, то пра сябе нельга забывацца і таксама, а таму патрэбна ўмець захоўваць сябе і будаваць свае межы.  

Гісторыя пра тое, як рабіць у свеце больш дабрыні

Каштоўнасць правоў чалавека не губляе важнасці і актуальнасці ў ніводнай краіне, таму адукацыяй у гэтай сферы займаюцца людзі з усяго свету.

На розныя мэтавыя групы накіраваныя і адукацыйныя мерапрыемствы расійскай ініцыятывы Frame. Яе каардынатар, Максім Іванцоў, распавядае, што толькі алімпіяды па правах чалавека праходзяць у сярэднім 600-700 школьнікаў у год. Акрамя гэтага, ініцыятыва праводзіць арыентаваныя на каштоўнасці правоў чалавека дэбаты, трэнінгі, іншыя мерапрыемствы. Асобна ладзяцца івэнты для людзей, якія вырашылі прафесійна заняцца праваабаронай: там разглядаецца, як падаць скаргу ў ЕСПЧ, якая практыка існуе ў гэтым накірунку, як можна дапамагчы людзям.

“Апошнім часам у Расіі вырасла колькасць зацікаўленых у тэме людзей, – кажа Максім Іванцоў. – Таму наша ініцыятыва больш сканцэнтравалася на адукацыі непрафесіяналаў: школьнікаў, студэнтаў, актывістаў, людзей з валанцёрскіх арганізацый. У першую чаргу хочацца стварыць разумны добры свет, які пабудаваны на павазе да правоў іншых. Мне хочацца, каб людзі знаёміліся з канцэпцыяй, дзе ў цэнтры стаіць не ўяўны грамадскі інтарэс, а ўлічваецца інтарэс кожнага асобнага чалавека. Важна, каб людзі прымянялі гэта не толькі ў прафесійнай ці палітычнай сферы, але і ў звычайным жыцці: прымалі рашэнні, улічваючы інтарэсы адзін аднаго,  шукалі адказ на пытанне, як прыгэтым улічваць меркаванні вялікай колькасці людзей, а не толькі большасці”.

Максім распавядае, што ініцыятыва імнецца рабіць праграмы, зыходзячы з абставінаў, і заўсёды выкарыстоўвае інтэрактыўныя метады: большасць працы пабудаваная на абмеркаванні, пытаннях – менавіта ў такім фармаце нараджаецца каштоўнасная сістэма. Аднак у любой тэме ёсць складаныя падыходы.

“Напрыклад, на адной з апошніх Школ па правах чалавека абмяркоўвалася сітуацыя з бежанцамі на беларускай мяжы, – узгадвае Максім. – Для мяне асноўнай праблемай тут з’яўляецца тое, што мігранты ўспрымаюцца не як людзі, а як зброя ў руках Лукашэнкі. Таксама заўсёды актуальныя як для Беларусі, так і для Расіі тэмы – затрыманні, несправядлівыя выбары, кавід”.

Максім упэўнены: гісторыя пра правы чалавека – гэта гісторыя пра гуманізм і чалавекалюбства: “Гэта гісторыя пра тое, каб рабіць так, каб у грамадстве было больш дабрыні. І я веру, гэта заўважна па грамадству навокал, што вялікай колькасці людзей гэтыя каштоўнасці блізкія, у іх з’яўляецца пазіцыя”.

Каардынатар Frame разважае, што калі б у Беларусі з’явілася свабодная канкурэнтназдольная адукацыя, дзе можна было б выбіраць месца і прынцыпы асветы, пабудавалася б зусім іншая сістэма, дзе галоўнае – свабода.

Падрыхтоўка да жыцця ў дэмакратычных умовах

Дырэктар Асветнага дома праў чалавека ў Чарнігаве Сяргей Бураў зазначае, што без адукацыі ў сферы наўрад ці можна здзяйсняць эфектыўныя дзеянні ў абарону правоў чалавека.

“Вядома, задачы залежаць ад мэтавай групы, – кажа ён. – Напрыклад, дзяржаўныя служачыя, якія вывучаюць правы чалавека, разумеюць: выконваючы свае важныя паўнамоцтвы, яны не могуць пераходзіць пэўныя межы. Калі тыя, хто прадстаўляе дзяржаву, будуць разумець каштоўнасць правоў чалавека, людзі будуць знаходзіцца ў большай бяспецы, існуе меншая рызыка, што заступяць на правы і свабоды грамадзян. Акрамя таго, кожнаму чалавеку неабходна разумець, што, ведаючы правы чалавека, ты не толькі больш эфектыўны ў дзеяннях, але і знаходзішся ў больш бяспечнай сітуацыі. Ты разумееш, што калі існуе праблема, звязаная з правамі чалавека, і ты павінен мець магчымасць запатрабаваць тое, што табе належыць ад прыроды. Таму адукацыя ў сферы правоў чалавека павінна пачынацца ў сістэме фармальнай адукацыі і працягвацца на працягу ўсяго жыцця. Важны ўдзел і грамадзянскай супольнасці: ствараць дадатковыя інструменты для адукацыі, назіраць, наколькі добра дзяржава выконвае свае задачы”.

Таксама Сяргей упэўнены: важна, каб адукацыйныя мерапрыемствы ладзіліся дзеля практыкі. Напрыклад, на Школах па правах чалавека для малыдых актывістаў важна імкнуцца да таго, каб удзельнікі распрацоўвалі новыя інструменты, праводзілі аналіз сітуацый, распачыналі кампаніі. А суддзі і адвакаты мусяць ўжываць сістэму каштоўнасцяў у судовым працэсе.

“Мы працуем над тым, каб каштоўнасці правоў чалавека сталі блізкія ўсім людзям – калісьці гэты базіс не заклала звычайная школа, – распавядае Сяргей Бураў. – У якой бы ты дзейнасці ні працаваў-бізнэсе, дзяржслужбе, грамадскай арганізацыі – твае дзеянні павінны быць заснаваныя на правах чалавека. Напрыклад, наўрад ці можна дамагчыся добрага выніку ў грамадскай кампаніі, якая дыскрымінацыйна ставіцца да часткі людзей. А бізнэс стане больш эфектыўным, калі будзе грунтавацца на правах чалавека. Важна, каб чалавек усведамляў свабоду, з якой ён нарадзіўся і ўмеў запатрабаваць яе ў розных сітуацыях, разумеў, што нічога без яго для яго ніхто не можа вырашыць”.

І мы бачым, што цікавасць да тэмы расце. Ва Украіне ідзе ўжо другі этап Нацыянальнай стратэгіі па правах чалавека, шэсць пунктаў з якіх накіраваны на адукацыю ў сферы. Каталізатарам падзей, як бы ні было горка, сталі трагічныя падзеі, звязаныя з пачаткам вайны: калі балюча, пачынаеш прыкладаць руку да раны ў тым месцы, дзе баліць.

І хоць галоўная праблема Беларусі цяпер-антыдэмакратычны рэжым, які павінен быць асуджаны, важна займацца падрыхтоўкай да таго, як краіна будзе жыць у дэмакратычных умовах. Гэта вялікі выклік, як паказвае практыка Украіны. Гэтай тэме трэба надаваць як мага больш сіл, каб быць гатовымі будаваць новую Беларусь".

Што паглядзець?

Мы папрасілі нашых экспертаў параіць крыніцы, з якіх можна пачаць вывучэнне правоў чалавека – трымайце спіс!

1. Марэк Навіцкі. Што такое правы чалавека?

2. Лангрыд "Уводзіны ў правы чалавека"

3. Курс "Разумеем правы чалавека"


Сачыць за навінамі Беларускай Праваабарончай Школы можна ў інстаграме і фэйсбук.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства