Як адзначыць Міжнародны дзень правоў чалавека? Спіс анлайн-мерапрыемстваў
10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Сабралі разнастайныя актыўнасці, да якіх можна далучыцца, каб заявіць сваю прыхільнасць абароне правоў чалавека.
9 снежня
9 снежня ў 10.00 (GTM) адбудзецца анлайн-цырымонія ўручэння прэміі Front Line Defenders 2021.
На мерапрыемстве будуць адзначаныя праца і трываласць шасці смелых праваабаронцаў з розных краінаў. Сярод іх прэміяй узнагародзяць кіраўніка Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і юрыста арганізацыі Алега Граблеўскага.
"У 20-ю гадавіну стварэння Front Line Defenders мы вельмі рады прадставіць гэтых шасцярых лаўрэатаў прэміі, якія знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы за расавую і экалагічную справядлівасць, роўныя правы і свабоду", — сказаў выканаўчы дырэктар Front Line Defenders Эндру Андэрсан.
У сувязі з пандэміяй COVID-19 у гэтым годзе цырымонія будзе прадстаўляць сабой відэапрэзентацыю працы кожнага з лаўрэатаў і транслявацца анлайн праз YouTube-канал і старонку ў Facebook Front Line Defenders.
Далучайцеся!
Штогадовая ўзнагарода Front Line Defenders для праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, была заснаваная ў 2005 годзе ў знак прызнання працы праваабаронцаў, што ўносяць выдатны ўклад у абарону іншых людзей і прасоўванне правоў чалавека, часцяком падвяргаючы саміх сябе вялікай асабістай рызыцы.
10 снежня
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава 10 снежня ў 15.00 па мінскім часе правядзе анлайн-цырымонію ўзнагароджання штогадовай Нацыянальнай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за абарону і прасоўванне правоў чалавека.
Беларуская праваабарончая супольнасць назвала намінантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст Прэміі ў 2021 годзе.
У намінацыі «Праваабронца года-2021» у спіс увайшлі:
-
Вольга Гарбунова;
-
Наста Лойка;
-
Марфа Рабкова.
У намінацыі «Журналіст года-2021» вылучаныя:
-
Марына Золатава;
-
Дзяніс Івашын;
-
Алена Талкачова.
У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2021» названыя:
-
Маніторынг судоў валанцёрамі «Вясны»;
-
Ініцыятыва «Пішыце лісты» валанцёра Іллі Міронава;
-
Міжнародны медыяпраект «Жнівень2020» (august2020.info).
Трансляцыя будзе праходзіць на старонцы ДПЧ у Facebook.
10 снежня 2021 года адзначаецца не толькі Міжнародны Дзень правоў чалавека, але і заканчэнне акцыі “16 актыўных дзён супраць гвалту ў адносінах да жанчын” у рамках глабальнай кампаніі ААН.
DRA e. v. і Фемгрупа Каардынацыйнага Савета запрашаюць далучыцца да анлайн-дыскусіі “Жаночы актывізм у Беларусі: паміж выгнаннем і турмой”.
Сярод 900 палітычных зняволеных больш за 100 - жанчыны. Многія з іх маюць малалетніх дзяцей. У якіх умовах знаходзяцца беларускі, якія трапілі ў турму па палітычных прычынах? З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца актывісткі, якія знаходзяцца ў Беларусі, і тыя, хто былі вымушаныя бегчы з краіны? Якая падтрымка ім неабходна?
Гэтыя і іншыя пытанні абмяркуюць Іна Кавалёнак з праекта дапамогі палітвязням politzek.me, Вікторыя Фёдарава з “Прававой ініцыятывы”, экспертка ў сферы правоў жанчын Дар’я Чурко і актывістка кампаніі салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі 100xsolidaritaet (100хСалідарнасць) Анзгар Глістэр. Мадэратарка – нізавая фем-квір-актывістка Наста Базар.
Дыскусія пройдзе 10 снежня з 17.00 па 18.15 па мінскім часе ў ZOOM з сінхронным перакладам на рускую і нямецкую мовы. Рэгістрацыя на мерапрыемства па спасылцы.
11 снежня
11 снежня супольнасць “Жывая Бібліятэка” сумесна з валанцёрскай ініцыятывай народнай адукацыі “АБФ Літва” запрашае наведаць анлайн-мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню правоў чалавека.
Што такое Жывая Бібліятэка?
Гэта фармат, дзе ў якасці Кніг выступаюць людзі, якія распавядаюць пра свой уласны досвед, звязаны з пэўнай ідэнтычнасцю, рэдкай прафесіяй, нязвыклым для “большасці” ладам жыцця альбо светапоглядамі. Мэта Жывых Бібліятэк – барацьба са стэрэатыпамі і дыскрымінацыяй.
Якія Кнігі можна будзе “прачытаць”?
На мерапрыемстве ў вас будзе магчымасць шчыра пагутарыць з Кнігамі на актуальныя тэмы, задаць свае пытанні і стаць больш адкрытымі да разнастайнасці грамадства. У гэтым годзе вы зможаце паслухаць наступныя Жывыя Кнігі: “Праца ў праваабароне”, “Транс*персона”, “Правы чалавека”, “Вымушаная міграцыя”.
Мерапрыемства адбудзецца 11 снежня з 12:00 да 14:30 у ZOOM. Рэгістрацыя на мерапрыемства абавязковая да 23:59 гадзін 10 снежня.
Што запланавана афлайн?
Міжнародны дзень правоў чалавека крочыць па планеце. Далучайся!