Магілёўскі гарвыканкам адмовіў у правядзеньні сацыяльнага мітынгу
За подпісам намесьніка старшыні Ф.К. Міхеенкі Магілёўскі гарадзкі выканаўчы камітэт паведаміў арганізатарам сацыяльнага мітынгу пра немагчымасць разгледзець заяву аб яго правядзеньні “з-за адсутнасьці поўных зьвестак аб арганізатарах, прадугледжаных арт.5 Закону РБ “Аб сходах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях”.
Заяўлены на 6 сакавіка 2004 году мітынг меўся адбыцца на знак пратэсту супраць росту цэнаў на камунальныя паслугі, зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўня насельніцтва, беспрацоўя, скарачэньня працоўных месцаў, пагаршэньня прававога стану прадпрымальнікаў. Арганізатары мітынгу – Сяргей Фамін (Свабодны прафсаюз Беларускі), Уладзімер Шанцаў (Аб’яднаная Грамадзянская партыя), Рыгор Кастусёў (партыя БНФ) – кажуць пра нахабнае парушэньне канстытуцыйнага права і запэўніваюць, што мітынг усё адно адбудзецца.
“Тыдзень з Магілёўскай вобласьцю”
інфармацыйны агляд №9 (117)