Сына святара з Гародні асудзілі на тры з паловай гады калоніі за распальванне варожасці
У Гарадзенскім абласным судзе 8 снежня завяршыўся працяглы разгляд крымінальнай справы Андрэя Аўсіевіча. Дагэтуль яго вінавацілі у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і арт 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Пасля працяглага перапынку ў працэсе Аўсіевічу вылучылі новае абвінавачванне – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК).
Дзяржабвінаваўца палічыла, што яго каментары ў Telegram-канале пра далейшы лёс супрацоўнікаў міліцыі падпадаюць пад дзеянне артыкула аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або (ч.1 арт. 130 КК — да пяці гадоў пазбаўлення волі).
Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі, дзяржабвінаваўца – пракурор Людміла Герасіменка.
У якасці пацярпелага выступае супрацоўнік міліцыі, участковы Максім Чарткоў.
26-гадовага Андрэя Аўсіевіча затрымалі 4 траўня. 3 жніўня яго пачалі судзіць за абразу міліцыянта.
Гарадзенцу Андрэю Аўсіевічу выставілі новае, больш жорсткае абвінавачанне
Паводле абвінавачання, у мінулым годзе Андрэй Аўсіевіч ў каментарах ў тэлеграм-канале «Гродна 97%» публічна абразіў прадстаўніка ўлады, мясцовага ўчастковага Максіма Чарткова.
Аўсіевічу выставілі абвінавачванне ў «пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў». Яго ўзялі пад варту ў траўні. Пры гэтым пракуратура і следства ўжо мелі на руках заключэнне экспертаў аб тым, што ў публічным меркаванні Андрэя Аўсіевіча ёсць негатыўныя ацэнкі, але няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што ён пагражаў супрацоўнікам міліцыі.
Але следства не толькі не прыслухалася да экспертаў, а наогул перакваліфікавала справу на «тэрарыстычны» артыкул (публічныя заклікі да здзяйснення акту тэрарызму, накіраванага на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Калі справу передалі ў пракуратуру, там таксама праігнаравалі высновы лінгвістаў і накіравалі яе ў суд.
Андрэй Аўсіевіч: “Нікога на групы не дзяліў, да гвалту і забойстваў не заклікаў!"
У ходзе судовага працэсу эксперт пацвердзіў высновы экспертызы і сведчыў на карысць падсуднага. Была прызначаная яшчэ адна экспертыза, але і яна засведчыла адсутнасць пагрозаў з боку Аўсіевіча. Тым не меней, пасля перакваліфікацыі злачынства на іншае - «распальванне варожасці», - Аўсіевіча ўсё адно асудзілі.
Суддзя Рачынскі задаволіў прапанову дзяржабвінаваўцы Людмілы Герасіменка і вынес прысуд: 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.