viasna on patreon

"Я хачу міра для сваёй роднай краіны", — Вольга Залатар у апошнім слове Аўдыё

2021 2021-11-30T15:30:33+0300 2021-11-30T17:42:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/43333333333333333333_0.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе сёння з апошнім словам выступіла палітзняволеная маці пецярых дзяцей Вольга Залатар. Учора пракурорка Жанна Баранава запрасіла ў суда пакаранне для яе – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд Вользе будзе вынесены 3 снежня. "Вясна" публікуе моцнае і шчымлівае апошняе слова палітзняволенай на судзе, якое яна сказала на беларускай мове.

Вольга Залатар
Вольга Залатар

«Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па Божаму запавету. Я тут, бо я — мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.

Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства Божага, дзе пануе любоў. У валадарстве Божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху.

Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.

У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны.

Архіэпіскап Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію ісціны і прымірэння, Дэзманд Туту, выказаўся так: «Пан бог стварыў нас і сказаў: "Ідзіце, дзеці мае". Зараз вы вольныя, І ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам зганяць нас у рай».

У другім пасланні святога Пятра так сказана: «Бог доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў. Але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння».

Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбара… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог! Жыве вечна».

Публікуем аўдыё апошняга слова Вольгі цалкам:

Viasna96 · Апошняе слова Вольгі Залатар

Пасля апошняга слова ў залі суда загучалі апладысменты. Суддзя Анастасія Папко нагадала прысутным, што "за парушэнне яны могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці".

Прысуд будзе абвешчаны 3 снежня ў 10:00 ў Мінскім гарадскім судзе.


Нагадаем, Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў яе дома правялі ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрыманьня да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту збіцця Залатар было адмоўлена па прычыне таго, што "цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання".

Палітзняволеную Вольгу Залатар абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання);
  • ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У судзе 15 лістапада зачыталі абвінавачванне Вользе, якое заняла каля 40 хвілін."Вясна" апублікавала поўны яго аўдыёзапіс.

25 лістапада кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце вырашыла, што адвакатка палітзняволенай Наталля Ванцовіч "не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з прычыны недастатковай кваліфікацыі". Адвакатке ставяць у віну разгалошванне дадзеных папярэдняга следства па справе Вольгі Залатар. Па словах Ванцовіч, яна гэтага не рабіла і будзе абскарджваць рашэнне. Пакуль яна працягвае абараняць Вольгу.

Храналогія судовых працэсаў над Вольгай:

"Арганізоўвала правядзенне сумеснага вольнага часу": у чым абвінавачваюць палітзняволеную маці пецярых дзяцей

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачаўся судовы працэс над палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгай Залатар, якую ўтрымліваюць пад вартай ужо восем месяцаў.

"Цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання": якую пазіцыю заняў СК па збіваннях і катаваннях палітзняволенай Вольгі Залатар

На судзе над палітзняволенай дапыталі сведак і даследавалі пісьмовыя матэрыялы справы, падчас якіх агучылі заключэнні экспертаў і матэрыялы праверкі з нагоды цялесных пашкоджанняў у Вольгі Залатар пасля затрымання.

Пракурорка запатрабавала пакараць шматдзетную маці Вольгу Залатар пяццю гадамі калоніі

Сёння пракурорка Жанна Баранава запрасіла пакаранне для зняволенай шматдзетнай маці – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вользе Віктараўне Залатар (07.07.1983)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства