Хроніка палітычнага пераследу за 19 і 20 лістапада Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" сабраў факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 19 і 20 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманыя ў Баранавічах і Наваполацку атрымалі арышты і штрафы
З 16 па18 лістапада і Баранавічах і Наваполацку прайшла хваля ператрусаў сярод мясцовых актывістаў, пасля чаго большасць з іх была затрымана. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы і затым судзілі.
Вядома пра наступныя рашэнні судоў у Баранавічах:
- актывісту руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу прысудзілі 15 сутак арышту па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчыну абвінавацілі ў размяшчэнні матэрыялу TУT.БАЙ у мясцовым тэлеграм-чаце ў верасні мінулага года.
- мужа і жонку Дзмітрыя і Наталлю Карачуноў арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведна. На "пакаяльным відэа" дзяўчына кажа, што з’яўляецца адміністратаркай мясцовага тг-канала «Поехали Барановичи».
- Аляксея Кірпічова арыштавалі на 6 сутак.
- Яўген Крывашэін - 15 сутак арышту за рэпост экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП).
- Павел Казлоў атрымаў штраф у 5 базавых велічынь.
- Павел Ермаловіч атрымаў 10 сутак арышту.
Стала вядома, што СІЗА №6 Баранавічаў не прымае перадачы для затрыманых па адміністрацыйных справах, спасылаючыся на каранцін з-за COVID-19.
Масавыя вобшукі і затрыманні ў Наваполацку адбыліся 16 і 17 лістапада. Праваабаронцам вядомы наступным вынікі разгляду адміністрацыйных спраў, заведзеных на затрыманых:
- Таццяну Сцяпанаву аштрафавалі па арт. 24.23 КаАП на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).
- Юрыя Падлознага, Андрэя і Сяргея Корабава, Аляксея Сцяпанава арыштавалі на 15 сутак арышту кожнага.
- Дзмітрыя Саюнова арыштавалі другі раз на 30 сутак. Вядома, што да затрыманых мужчын да суда не пускалі адвакатаў, спасылаючыся на «санітарную апрацоўку». А калі праходзіў суд, то адвакатам казалі, што затрыманыя на шпацыры.
У Мазыры былая старшыня праўладнага прафсаюзу НПЗ Вольга Кулыба атрымала штраф у 20 базавых велічынь па ч.2 арт.19.11. Раней паведамлялася, што жанчыну затрымалі за падпіску на "экстрэмісцкі" акаўнт Zerkalo.
Затрыманні
19 лістапада каля 7 раніцы была затрымана актывістка Алена Гнаўк. Алена напісала знаёмым, што яе забіраюць у РУУС і пасля таго перастала выходзіць на сувязь. Але днём жанчыну вызвалілі.
Вядома пра затрыманне ў Мінску Сяргея Зянькова. Яго выклікалі ў ГУБАЗ для дачы паказанняў, аднак пасля допыту ён не выйшаў на волю.
У гэты ж дзень быў затрыманы жыхар аграгарадку Рубель Столінскага раёна Сяргей Ляшкевіч. Яго адвезлі ў Мінску ў ІЧУ на Акрэсціна па падазрэнні ў крымінальнай справе па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Пазней стала вядома, што Сяргея вызвалілі.
У сябе дома быў затрыманы жыхар Полацкага раёну Анатоль Каханчык. У той жа дзень мясцовым судом ён быў пакараны 15 суткамi арышту па артыкулу 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі).
"Вясне" стала вядома, што затрыманыя 11 лістапада жыхары Вілейкі Ігар Санкевіч і Барыс Несцяровіч пераведзеныя з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА №1. Яны праходзяць па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак).
Павел Белавус арыштаваны на 15 сутак
У судзе Ленінскага раёна суддзя Юлія Шут арыштавала заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса па ч. 1 арт. 24.23 КаАП на 15 сутак.
Палітвязні: Вольгу Гарбунову перавялі ў СІЗА, Алеся Пушкіна - у Навінкі, у Ксеніі Луцкінай пагоршылася здароўе
20 лістапада стала вядома, што палітзняволеная актывістка Вольга Гарбунова, якая ўтрымлівалася ў ІЧУ на Акрэсціна і з моманту затрымання трымала галадоўку, была пераведзена ў СІЗА №1. Яе затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэксу за арганізацыю жаночых маршаў у 2020 годзе.
Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна накіравалі ў Навінкі для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. 30 лістапада будзе 8 месяцаў, як Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі. За гэты час яго неаднаразова кідалі ў карцар, прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні – аднак мастак адмовіўся. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення за паказ на выставе партрэту Яўгена Жыхара – удзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціву. Паводле ўладаў, гэта «рэабілітацыя нацызму».
У былой журналісткі БТ, палітзняволенай Ксеніі Луцкінай, якая ўжо 11 месяцаў знаходзіцца ў зняволенні, пагоршылася здароўе. Вядома, што ў яе абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе Ксеніі зрабілі складаную нэўралягічную апэрацыю: выдалілі дзьве пухліны ў мозгу. Бацька Ксеніі распавёў "Радыё Свабода" пра стан здароўя журналісткі.
«Мы прывезлі доктара з РНПЦ нэўралогіі, зрабілі энцэфалаграму, лекару далі на агляд літаральна 3 хвіліны. Дзякуй Богу, з такой пухлінай можна жыць, сказалі дактары. Але Ксенія кожны дзень на абязбольвальных уколах, раніцай і ўвечары. Кожны панядзелак я перадаю ёй у СІЗА лекі. Цяжка ўсведамляць, што такі разумны, таленавіты чалавек ужо 11 месяцаў знаходзіцца ў турме».