Яшчэ аднаго мінчука асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэсце 9 жніўня
У судзе Цэнтральнага раёна 5 лістапада вынеслі прысуд Вадзіму Вінаградаву, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за падзеі ў ноч з 9 на 10 жніўня.
Справу разглядала суддзя Юлія Густыр, бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляў Цімафей Нічапарук.
Паводле абвінавачвання, Вадзім Вінаградаў з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту прыняў сумесна з групай асобаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў перыяд з 16.00 гадзін 9 жніўня да 01.00 гадзін 10 жніўня 2020 года на скрыжаванні пр. Пераможцаў і пр. Машэрава ў Мінску: гучна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі рукамі, станавіўся ў счэпку, неаднаразова адмовіўся выканаць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху грамадскага транспарту і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Вінаградаў прызнаў сваю віну цалкам, у зробленым раскаяўся, у судзе абараняў сябе сам. Да таго, як даведаўся аб распачынанні крымінальнай справы, прыйшоў з яўкай з павіннай у ГУБАЗ, бо даведаўся пра затрыманне сябра, з якім былі разам на фота.
У судзе Вінаградаў распавёў, што 9 жніўня каля 16 гадзін ён схадзіў на ўчастак і прагаласаваў, пасля сустрэўся з сябрамі, чакалі каля ўчастка папярэдніх вынікаў выбараў, а потым паехалі ў горад выказаць сваё расчараванне: усе телеграм-каналы пісалі, што выбары сфальсіфікавалі. На пытанні пракурора пагадзіўся, што паддаўся заклікам телеграм-каналаў Нехта, Нехта Лайф і іншых. Да Стэлы абвінавачаны прыехаў каля 21 гадзін, там ужо было шмат людзей, у іх былі ліхтарыкі, абстаноўка была ціхай і спакойнай, але ўчастак каля Стэлы быў ачэплены супрацоўнікамі міліцыі, а рух транспарту ўжо быў перакрыты супрацоўнікамі ДАІ. У нейкі момант міліцыянты сталі адціскаць людзей, пратэстоўцы спускаліся да дарогі, у нейкі момант сталі падыходзіць бліжэй адзін да аднаго, каб засцерагчы сябе, хтосьці ўзяў кагосьці пад рукі, але як такой счэпкі не было. Таксама людзі пляскалі ў далоні, выкрыквалі лозунгі, у тым ліку "Жыве Беларусь". На праезную частку абвінавачаны выйшаў не адразу, а толькі калі стала вельмі шмат людзей, і яны проста не змяшчаліся на тратуары. Блакаваць рух транспарту Вадзім не збіраўся.
Калі выбухнула святло-шумавая граната Вінаградаў спалохаўся і ўцёк, пасля з'ехаў дадому.
У пісьмовых матэрыялах справы былі фота са СМІ і скрыншоты старонак у сацыяльных сетках, якія тычацца масавага мерапрыемства з 9 на 10 жніўня, пратакол допыту, дзе сярод іншага Вінаградаў казаў, што знаходзіўся ў тэлеграм-чаце "Беларусы", дзе было каля 20 удзельнікаў: абмяркоўвалі беспарадкі, якія адбываліся ў краіне, і каардынавалі дзеянні па ўдзеле ў пратэстным руху. На маршы абвінавачаны выходзіў каля чатырох разоў.
У спрэчках бакоў пракурор адзначыў, што змякчальнай акалічнасцю з'яўляецца яўка з павіннай і наяўнасць малалетняга дзіцяці, прасіў суд прызначыў Вінаградаву тры гады "хатняй хіміі". Абвінавачаны сказаў, што яго пасыл быў мірны, ён проста хацеў выказаць меркаванне і ні ў якім разе не хацеў прычыніць нейкую шкоду.
У выніку суд прызнаў Вадзіма Вінаградава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады.