viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў

2021 2021-10-22T18:29:41+0300 2021-10-22T18:55:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202011.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 22 кастрычніка 2021 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Ганны Баран, Андрэя Кудзіка, па ч.1 арт. 342, арт. 368 (“Абраза прэзідэнта”), арт. 369 (“Абраза прадстаўніка улады”) КК – да Якава Якаўцава, па ч.2 арт. 293 (“Масавыя беспарадкі”) КК да Станіслава Філімонава, Сцяпана Дразда, а так сама накіравання да адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову Аляксея Спірыдонава, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўлена законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць Ганну Баран, Андрэя Кудзіка, Якава Якаўцава, Станіслава Філімонава, Сцяпана Дразда, Аляксея Спірыдонава і спыніць іх крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Ідэнтычнасць і права;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

"Прававая ініцыятыва".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства