Мінчука асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за відэа ў бот "Nexta" і за марыхуану, якую ён выдаў падчас ператрусу

2021 2021-10-15T19:35:16+0300 2021-10-18T13:56:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 15 кастрычніка да двух з паловай гадоў асудзілі 32-гадовага намесніка дырэктара па вытворчасці Андрэя Трусава. Яго асудзілі за дапамаганне арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 КК) і за захоўванне наркатычных сродкаў (ч. 1 арт. 328 КК). Следства і пракуратура абвінавачвала Трусава таксама па ч. 1 арт. 329 КК (вырошчванне наркатычных сродкаў), але суддзя апраўдаў яго па гэтым артыкуле з прычыны недаказанасці віны. Мінчука затрымалі 26 траўня як памагатага ў арганізацыі акцый пратэсту за тое, што ён паслаў у тэлеграм-канал "Nexta" і "Nexta live" відэа перамяшчэння спецтэхнікі сілавікоў па праспекце Незалежнасці і адправіў паведамленне з назвай спецтэхнікі. Але падчас ператрусу ў Трусава знайшлі каля двух грам марыхуаны, якія ён сам выдаў сілавікам пры ператрусе. Панятымі пры ператрусе, які праводзілі супрацоўнікі КДБ, выступілі 22-гадовыя афіцэр і вайсковец, аднак на судзе не агучылі, як яны трапілі на працэсуальнае дзеянне да Трусава. Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Карсюк па запыце пракурора Арцёма Цвяткова. 

Ілюстрацыйнае фота Фота: BelaPAN / Reuters
Ілюстрацыйнае фота з Марша 1 лістапада 2020 года Фота: BelaPAN / Reuters

У чым абвінавацілі Трусава? 

Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй Трусаў аказаў садзейнічанне арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія адбыліся ў горадзе Мінску 1 лістапада мінулага года. А менавіта перадаў арганізатарам дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, адміністратарам телеграм-каналаў "Nехта" і "Nехта live" інфармацыю аб перамяшчэнні супрацоўнікаў АУС і спецыяльнай тэхнікі супрацоўнікаў АУС, а таксама пра назву тэхнікі супрацоўнікаў. Тым самым, на думку абвінавачвання, ён стварыў умовы для здзяйснення злачынства па артыкуле 342 КК. Трусаў ажыццявіў відэаздымку каля 17 гадзін 1 лістапада 2020 года перамяшчэння супрацоўнікаў АУС і спецтэхнікі на праспекце Незалежнасці ў Мінску.

Такім чынам, абвінавачванне Андрэю Трусаву па ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 КК (сайдзейнічанне арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) складаецца ў тым, што ён паслаў відэа з перамяшчэннем сілавікоў па Мінску ў чат-боты тэлеграм-каналаў "Nехта" і "Nехта live" і адправіў тэкставае паведамленне з назвай спецтэхнікі "БТР". Але гэтая інфармацыя ў выніку не была апублікаваная на канале.

Сутнасць абвінавачванняў па частках 1 артыкулаў 328 і 329 КК складаецца ў тым, што Трусаў вырошчваў наркатычную расліну з мэтай яе збыту і ўжывання. Трусаў выгадаваў не менш трох парасткаў з дапамогай абсталявання корпуса персанальнага кампутара, святла і іншага неабходнага абсталяваннем для вырошчвання канопляў. Таксама наркатычнае рэчыва захоўваў у сваім аўтамабілі.

Віну абвінавачаны прызнаў цалкам.

Затрымалі Трусава 26 траўня. Ад дачы паказанняў на судзе ён адмовіўся, але пагадзіўся адказваць на пытанні.

Што кажа пра абвінавачванне Трусаў? 

Па пратаколе допыту Андрэй Трусаў прызнаў віну па артыкуле 342 КК у поўным аб'ёме. Паводле артыкула 328 КК — часткова, бо скрутак з марыхуанай 1.9 грамаў не перавозіў, проста размясціў у той жа дзень у машыне незадоўга да ператрусу. Са слоў абвінавачанага, ён прарасціў марыхуану да 2020 года для асабістага спажывання, не для распаўсюду.

Падчас удакладняючых пытанняў суддзі і пракурора ён пацвердзіў, што прарошчваў у сістэмным блоку сямёна марыхуаны. У канфіскаваным гаршку было насенне, але яно не прарасло. Скрутак рэчыва, які знайшлі, вырасціў сам. Сямёна ўзяў у Асіповіцкім раёне. Па словах абвінавачанага, у машыну кінуў скрутак у момант затрымання, ні пра якую перавозку не было і гаворкі.

На ператрусе Трусаў сам паказаў, дзе знаходзяцца забароненыя сродкі. Па словах Трусава, ён адправіў адно-тры паведамлення, аднак нічога не было апублікавана. У нікнэйм абвінавачанага ў тэлеграме была абрэвіятура b.a.c.a.

На судзе абвясцілі яўку з павіннай, якую Трусаў напісаў пасля затрымання. Згодна з ёй, на працягу трох-чатырох гадоў ён перыядычна ўжываў марыхуану, якая расла паблізу вёскі каля яго дома ў Асіповіцкім раёне.

У яўцы з пакаяннем ён пацвердзіў, што адправіў інфармацыю ў чат-бот аб перамяшчэнні спецтэхнікі. На aliexpress замовіў БЧБ-сцяг, бо падвергнуўся дэструктыўнаму ўплыву телеграм-каналаў. Таксама ён быў удзельнікам чата "атрад грамадзянскай самаабароны", дзе абраў ролю кіроўцы дзеля цікавасці.

"Нікнэйм маю з часоў фанацкага руху МТЗ РІПА".

На судзе Трусаў сказаў, што фармулёўкі ў яўцы з павіннай пра "дэструктыўныя каналы" падказалі супрацоўнікі.

"Падчас ператрусу Трусаву стала дрэнна, выклікалі хуткую". Што казалі сведкі?

На судзе дапыталі брата Трусава, які сказаў, што нічога не ведаў пра забароненыя рэчывы, якія знайшлі ў брата, як і пра ўцягванне яго ў палітыку. Ён ахарактарызаваў брата як вельмі станоўчага, працавітага і адказнага чалавека.

На працэсе таксама дапыталі панятых, пры якіх на ператрусе знайшлі забароненыя сродкі. Ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ. Панятымі пры гэтым былі афіцэр і вайсковец, але на судзе не агучылі, як іх запрасілі да Трусава для правядзення працэсуальных дзеянняў.

Адным з панятых апынуўся 22-гадовы афіцэр Труш Віктар Васільевіч. Паводле яго словаў, у кватэры былі скруткі з рэчывам, пісталет, улёткі фанацкія. Падчас ператрусу Трусаву стала дрэнна, выклікалі хуткую, калі яму стала лепш, то ён сам паведаміў, дзе знаходзяцца забароненыя рэчывы.

Другім панятым быў 22-гадовы вайсковец з 49-ай радыётэхнічнай брыгады Алег Улазаў. Ён распавёў на судзе, што ператрус праводзіўся ў кватэры, падвале і машыне. У кватэры вырошчваліся наркатычныя рэчывы. Абвінавачаны усё цалкам распавядаў: спажываў сам, не прадаваў. Трусаў добраахвотна паказваў і паказаў, што яшчэ ў машыне ёсць скрутак.

Суд пастанавіў азнаямленне з пісьмовымі доказамі па справе зрабіць зачыненымі, так як яны ўтрымліваюць матэрыялы з экстрэмісцкіх крыніц.

Чым усё скончылася? 

Справу разгледзелі за адзін дзень: раніцай пачалося судовае следства, а ў 15 гадзін ужо агучылі прысуд. Пракурор Арцём Цвяткоў прапанаваў пакараць Андрэя Трусава 2,5 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму: па ч.1 арт. 329 КК – адзін год калоніі, па ч. 1 арт. 328 КК – 2 гады, па ч. 6 арт. 16 арт. 342 КК – 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адвакат: Крымінальная справа па артыкуле 328 КК не павінна была нават узбуджацца

Абаронца Трусава падчас судовых спрэчак звярнуў увагу, што згодна з матэрыяламі справы, Трусаў быў затрыманы па падазрэнні па артыкуле 342 КК, гэта значыць на момант затрымання ён не з'яўляўся падазраваным па артыкуле 328 КК. Ён добраахвотна паведаміў, дзе знаходзяцца ў кватэры наркатычныя сродкі. Да ператрусу ў машыне ён таксама самастойна паведаміў аб наркатычным сродку. Таксама па яўцы з пакаяннем ён цалкам прызнаў віну па частцы 1 артыкула 328 КК. Як адзначае адвакат Трусава, згодна з законам асоба можа быць вызваленая ад пакарання, калі ён добраахвотна здаў наркатычныя сродкі і садзейнічаў выкрыццю. Гэта безумоўнае абгрунтаванне згодна з законам, а не па меркаванні суддзі. Як сцвярджаў адвакат на працэсе, крымінальная справа па артыкуле 328 КК не павінна была нават узбуджацца.

"Па артыкуле 329 КК не адмаўляем наяўнасць злачынных дзеянняў, ён сапраўды вырошчваў". 

Як адзначае адвакат, Трусаў паказаў на тое, што яму не было вядома аб дазволе аб масавым мерапрыемстве, ён дзейнічаў па сваёй ініцыятыве, яму невядома, якія ўмовы ён стварыў для злачынных дзеянняў, а менавіта так гучыць пазіцыя абвінавачвання. Ён проста зрабіў відэа, без якой-небудзь ацэнкі і адправіў праз 40 хвілін, ён не ведаў, ці актуальная гэтая інфармацыя на момант адпраўкі. Сама па сабе гэтая інфармацыя нейтральная, ніхто не ўстанавіў што Трусаў меў намер садзейнічаць менавіта злачынным дзеяннем.

"Паводле артыкула 342 КК у матэрыялах справы няма ніводнага прысуду ў дачыненні да арганізатараў злачынства. Пра якое дапамаганне тады можа ісці гаворка? У такім кантэксце, мяркую, што склад злачынства адсутнічае".

Але суддзя Карсюк не прыслухаўся да аргументаў адваката. Суддзя зняў з Трусава абвінавачванні па ч. 1 арт. 329 КК, але прызначыў менавіта такі тэрмін пакарання, якое патрабаваў пракурор. Па сукупнасці злачынстваў, Трусава прысудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства