Заява праваабаронцаў аб прызнанні палітвязнямі Ігара Мінца і Наталлі Белабехавай
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
4 кастрычніка 2021 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаючы працяг рэпрэсій у адносінах да арганізацый і прадстаўнікоў нацыянальнай грамадзянскай супольнасці, затрыманні і змяшчэнне пад варту актывістаў рабочага руху і прадстаўнікоў стачачных камітэтаў, у сувязі з інфармацыяй аб змяшчэнні пад варту Наталлі Белабехавай і Ігара Мінца, апошняга — па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве, пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве ад 28 верасня 2021 года, адзначаем наступнае:
Затрыманні гэтых і іншых актывістаў звязваюць з дзейнасцю арганізацыі "Рабочы рух", прызнанай уладамі экстрэмісцкай. Мэтамі і патрабаваннямі гэтай арганізацыі, акрамя сацыяльна-эканамічных, былі спыненне ўжывання гвалту і пераследу з боку сілавых ведамстваў у адносінах да мірных грамадзянаў, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і адмена вынесеных у адносінах да іх прысудаў, а таксама адстаўка А. Лукашэнкі з пасады прэзідэнта.
Праўдзівым матывам зняволення пералічаных асобаў з'яўляецца іх негвалтоўная дзейнасць па прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама правамерная рэалізацыя свабоды асацыяцый, свабоды меркаванняў і іх выказвання.
На падставе гэтага мы лічым пераслед і пазбаўленне волі грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў рабочага руху палітычна матываваным, звязаным з негвалтоўнай дзейнасцю, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Наталлю Белабехаву і Ігара Мінца, спыніць іх адвольны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.