Блогера Vadimati вінавацяць у абразе прэзідэнта, затрыманні стачкамаўцаў: хроніка пераследу 28 верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за аўторак, 28 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Паведамляецца, што ў Мінску затрыманы Дзмітрый Ланін. З Фрунзенскага РУУС яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Чакаецца суд на ім.
У Мінску затрымалі Вікторыю Сівакову. Па папярэдняй інфармацыі, гутарка ідзе пра арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).
Раніцай супрацоўнікі КДБ затрымалі на працоўным месцы «МАЗ-Купава» шмадзетную маці Наталлю Лукманаву. Жанчыну вызвалі з падпіскай аб неразгалошванні.
Блогеру Vadimati (Вадзіму Ермашуку), выставілі абвінавачанне.
Яго вінавацяць паводле арт. 368 КК «Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў»
Віну блогер не прызнае. На гэтым тыдні яго этапуюць у Горадню, паведамляе @nebovkletku
Палітзняволеную Наталлю Хершэ перавядуць у мужчынскую турму ў Магілёве. Пра гэта яна паведаміла ў лісце свайму брату, піша "Наша Ніва".
Яшчэ 24 верасня суд Чыгуначнага раёна Гомеля разгледзеў справу «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» палітзняволенай, грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ. Куды накіруюць жанчыну — дакладна не было вядома. І вось цяпер брат жанчыны даведаўся з ліста, што яе накіруюць у мужчынскую турму ў Магілёве.
Справа ў тым, што ў Беларусі няма асобных турмаў для жанчын.
Па словах праваабаронцы Паўла Сапелкі, сітуацыя, калі асуджаную пераводзяць з калоніі ў турму, — надзвычай рэдкая.
Як правіла, жанчыны знаходзяцца проста ў асобных камерах.
«Мужчыны-вязні амаль не кажуць, што ў турмах былі жанчыны. Гэтыя выпадкі станавіліся нам вядомыя як легенды — нехта чуў, што яны ёсць, называлі пару імёнаў. Афіцыйна статыстыкі не было. Калі не будзе жанчын у турме, то Наталля будзе фактычна ў адзіночцы», — каментуе Сапелка.
Вярхоўны суд прызначыў ліквідацыйнае пасяджэнне па справе ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" на 1 кастрычніка. Пра гэта паведамляюць пісьменнікі ў сацыяльных сетках.
У Беларусі сёння заблакавалі гарадзенскі сайт Hrodna.life
Рэдакцыя запусціла два люстэркі сайту — па-беларуску і па-расейску. Таксама яны ствараюць турба-вэрсіі асобных навінаў на «Яндексе».
Вярхоўны суд ліквідаваў грамадскую арганізацыю «Гендарныя перспектывы» Арганізацыя 11 гадоў займалася праблемамі хатняга гвалту і палавой дыскрымінацыі.
Наваполацк
Сёння раніцай супрацоўнікамі КДБ на працоўным месцы была затрыманая Наталля Ігараўна Вусько — інжынер планава-дагаворнага сектара ААТ «Нафтан». Меркавана, затрыманне звязана з дейнасцю стачкама.
Таксама каля 12:00 на працоўным месцы быў затрыманы Дзмітрый Кайро — электраманцёр заводу «Палімір». Яго павезлі дадому для правядзення ператрусу.
У машыніста помпаў устаноўкі рыформінгу №5 ААТ «Нафтан» Сяргея Плігаўкі дома прайшоў ператрус, цяпер ён дастаўлены на допыт. Вядома, што Сяргей — член стачкама «Нафтану».
Брэст
Палітвязень з Брэста Ягор Пракапчук змешчаны ў штрафны ізалятар. Па якой прычыне, адміністрацыя не паведамляе.
Святлана, маці Ягора, даведалася што хлопца змясцілі ў штрафны ізалятар у калоніі. Дакладную прычыну такога ўзмацнення жорсткасці умоў адміністрацыя ў тэлефонным званку ёй адмовілася назваць: "Нешта не тое зрабіў па правілах распарадку". З якога чысла Ягор знаходзіцца ў ШІЗА маці таксама не сказалі.
Святлана ўжо рыхтуе пісьмовы запыт з патрабаваннем растлумачыць сітуацыю, паведаміла яна Берасцейскай "вясне".
Нагадаем, што Ягор Пракапчук разам з ягоным бацькам Віталём Пракапчуком быў прысуджаны да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. іх і дзясяткі іншых фігурантаў справы абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 293 КК праз удзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 у Берасці. Ягор адбывае пакаранне ў калоніі ў Івацэвічах (ВК-22), яго бацька — у Віцьбе (ВК-3).
Баранавічы
У Баранавічах днём быў затрыманы Аляксей Майсеня, настаўнік з аграгарадка Жамчужны. Затрыманне адбылося проста ў школе. Паведамляецца са слоў маці, што прыехалі супрацоўніуі КДБ з Мінску, завезлі ў Баранавіцкі ГАУС і там пакуль трымаюць.
Па месцы яго жыхарства зараз праходзіць ператрус, сваякоў не пусцілі, гаспадар кватэры сам затрыманы, візуальна дзверы ўзламаныя.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.