У Менску створаны аргкамітэт па правядзеньні масавай акцыі апазыцыі пад назваю "Беларусь, Дэмакратыя, Дабрабыт". Арганізатары спадзяюцца вывесьці на вуліцы вялікую колькасьць людзей, каб запатрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
У аргкамітэт акцыі ўвайшлі прадстаўнікі амаль усіх апазыцыйных партыяў, а таксама Маладога Фронту, Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу й Хартыі-97. Не прысутнічалі толькі прадстаўнікі БСДП "Народная грамада". Лідэр гэтай партыі Мікола Статкевіч гаворыць, што на паседжаньне аргкамітэту іх ніхто не запрашаў.
Усе ўдзельнікі сёньняшняга паседжаньня пагадзіліся, што сёлетняй восеньню апазыцыйныя сілы павінны правесьці адну, але масавую й эфэктыўную вулічную акцыю. Яе вырашылі правесьці ў сярэдзіне лістападу. Канкрэтная дата яшчэ ня вызначаная, але мэты акцыі ўжо абаазначаныя. Гаворыць лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) "Галоўная мэта, па-першае, гэта супольныя дзеяньні палітычнай апазыцыі, а па-другое – акцыя павінна прадэманстраваць, што Беларусь застаецца Беларусьсю – незалежнай дзяржавай. Што палітыка, якую праводзіць урад і Лукашэнка – гэта абсалютнае банкруцтва, і з такімі паказьнікамі трэба думаць не пра наступны рэфэрэндум і трэці тэрмін на пасадзе кіраўніка Беларусі, а пра палітычную адстаўку”.
Гэта будуць лёзунгі, якія будуць улічваць настроі й надзеі і прадпрымальнікаў, і настаўнікаў, і рабочых, і тых людзей, каму баліць сэрца за Беларусь. І тых, хто хоча, каб у краіне праводзілася новая эканамічная, зьнешняя й унутраная палітыка".
Першымі ідэю правядзеньня такой акцыі ўвосень агучылі сябры сойму БНФ. Зь неабходнасьцю шэсьця й мітынгу пагадзіліся амаль усе апазыцыйныя партыі, хаця ў іншых пытаньнях у апазыцыі няма такога адзінства. Анатоль Лябедзька тлумачыць гэта тым, што амаль усе прадстаўнікі апазыцыі разумеюць неабходнасьць правядзеньня адной, добра падрыхтаванай акцыі.
Арганізатары зьбіраюцца правесьці гэтае мерапрыемства ў цэнтры Менску – незалежна ад таго, дадуць улады дазвол на яго правядзеньне ці не.