viasna on patreon

Дырэктара фірмы асудзілі да 1,5 гадоў "хатняй хіміі" за паклёп на трэнера па самба

2021 2021-08-24T16:47:48+0300 2021-08-24T17:26:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rybak_sport.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Рыбак. Фота: Міжнародная федэрацыя самба

Юрый Рыбак. Фота: Міжнародная федэрацыя самба

20 жніўня да года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову – "хатняй хіміі" – прысудзілі 44-гадовага Арцёма Яршова, дырэктара адной з беларускіх фірмаў. Суд Дзяржынска і Дзяржынскага раёна прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 188 Крымінальнага кодэкса. Суд вырашыў, што ў размешчаных Яршовым улётках ён абгаварыў спартыўнага трэнера Юрыя Рыбака. На судзе не палічылі патрэбным абвясціць паказанні сведкі – лёгкаатлета Андрэя Краўчанкі, бо ён не прысутнічаў на пасяджэнні.

Справу разгледзеў суддзя Сяргей Крупец. Пацярпелы –маёр унутранай службы МУС, трэнер нацыянальнай каманды па самба Юрый Рыбак.

Юрый Рыбак – беларускі самбіст і дзюдаіст, выступае за зборныя Беларусі па гэтых відах спорту з канца 1990-х гадоў. Шматразовы чэмпіён Еўропы і свету па спартыўным самба, пераможца шматлікіх турніраў рэспубліканскага і міжнароднага значэння.

Што было ў аб'явах?

Сярод пісьмовых матэрыялаў справы – пратакол агляду месца здарэння і аўтамабіля, падчас якога канфіскаваныя паперы фармату А4 з выявай і наступным зместам:

«Уважаемые жильцы! В нашем доме проживает один из цепных псов режима, Рыбак Юрий Яковлевич. Бандит оказывает давление на спортсменов, осмелившихся говорить правду о насилии и беззаконии, воцарившихся в нашей стране».

Экспертыза прызнала, што ў аб'яве маецца негатыўная ацэнка асобы, якая выказана лексічным спалучэннем "один из цепных псов режима" і лексемы"бандит", якая мае ненарматыўную норму маўленчага выказвання. Таксама экспертыза не прадставіла магчымым высветліць, ці з'яўляецца азначаная асоба трэнерам, маёрам унутранай службы Рыбаком.

Таксама было сказана, што «Юрий Яковлевич Рыбак – дзюдоист... угрожает спортсменам и их семьям, вышибала из группы замминистра спорта Попова, которые запугивают спортсменов в духе 90-х: приезжают домой, закрывают в тренерской и ведут разговор по душам со спортсменами, которые отстаивают право на справедливость». Экспертыза пастанавіла, што ў выразе маецца негатыўная ацэнка Рыбака, выяўленая лексемай "вышибала", якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання.

Што казаў абвінавачаны?

Згодна з пратаколам яўкі з пакаяннем, Яршоў паведамляе, што 23 жніўня 2020 года ён накіраваўся да дома, дзе пражывае Рыбак – чэмпіён Еўропы па самба і дзюдо – і размясціў у першым пад'ездзе вырабленыя ім улёткі. У пратаколе пазначана, што Яршоў адзначыў, што не валодае інфармацыяй, ці сапраўды Рыбак пагражае спартсменам і іх сем'ям, – ён толькі чытаў пра гэта ў сацыяльных сетках.

Згодна з характарыстыкай з месца працы, дзе ён з 2009 года і па цяперашні час займае пасаду дырэктара і выконвае абавязкі галоўнага бухгалтара, Яршоў кваліфікаваны спецыяліст, які ўмела кіруе супрацоўнікамі і карыстаецца сярод іх павагай. Згодна з характарыстыкай, ён таксама валодае абвостраным пачуццём справядлівасці і нецярпімы да хлусні.

Характарыстыка з месца жыхарства падпісаная жыхарамі дома, у якім Яршоў пражывае больш за 20 гадоў. За гэты час ён ні разу не быў заўважаны ў нецвярозым стане. Жыхары таксама адзначылі, што акультурваюць дом за свой кошт.

Што кажуць сведкі?

Сведка Яўген Налётка распавёў, што дастаў з паштовай скрыні ўлёткі, дзе былі пагрозы ў бок Рыбака – ён выкінуў іх у сметніцу. У ходзе папярэдняга следства ён таксама распавёў, што ва ўлётцы было паказана, што Рыбак аказвае ціск на спартсменаў, пагражае ім і іх сем'ям. Ва ўлётцы было фота пацярпелага і яго аўтамабіля, а таксама адрас месца жыхарства.

Абаронца Яршова папрасіў абвясціць паказанні сведкі Андрэя Краўчанкі, у сувязі з наяўнасцю прычын, якія выключаюць яго магчымасць яўкі на судовае пасяджэнне: ён знаходзіцца за межамі Беларусі (заўв.: Андрэй Краўчанка – беларускі лёгкаатлет, срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года ў дзесяцібор'і, срэбраны прызёр двух чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы ў дзесяцібор'і і сямібор'і). Аднак ён быў дапытаны на стадыі дасудовай вытворчасці. Суд прыйшоў да высновы, што хадайніцтва не абгрунтаванае і падлягае адхіленню: ён не ўбачыў аб'ектыўных і дакладных звестак наяўнасці прычын, якія выключаюць магчымасць яўкі сведкі на судовае пасяджэнне.

Краўчанка даслаў заяву, у якой паказаў, што падтрымлівае паказанні, дадзеныя ім падчас следства 14 чэрвеня.

Абаронца падаў фота з Instagram з профілю Краўчанкі. На скрыншоце пад постам сказана:

«Последние события напомнили мне ситуацию случившеюся со мной ещё осенью 2020,почерк действий такой же топорный как и в ситуации с Тимановской. Многие помнят как ко мне в деревню приезжал Портной (замминистра спорта)зачем-то захватив с собой Шарапова Р. и Рыбака Ю. видимо чтобы было более убедительнее, уже тогда это выглядело очень странным… Замминистра (просто подумайте какой уровень) приехал ко мне в деревню где я живу где мои жена и ребенок, на мою территорию...и говорил разные глупости, что мне нужно подумать о ребенке, жене, куда я лезу и так далее. Хотя на тот момент я уже к спорту РБ н какого отношения не имел, т.к. меня уже уволили отовсюду...»

Што было ў спрэчках?

Паколькі абвінавачаны не прызнаў віну, дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць Арцёма Яршова да паўтарох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі». А таксама – канфіскаваць тэхніку ў даход дзяржавы.

Адвакат адзначыла, што пацярпелы і сам прасіў закрыць справу ў сувязі з прымірэннем, а паклёпам можа лічыцца толькі той выпадак, калі загадзя ўпэўнены, што пішаш няпраўду.

У апошнім слове Арцём Яршоў сказаў:

"Паказанняў, дадзеных мной, сведкамі і пацярпелым, дастаткова, каб стала зразумела, што я не вінаваты ў паклёпе. Я быў цалкам упэўнены, што размяшчаю інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасці.

Мяркую, што з'яўленне гэтай інфармацыі выклікана не злым намерам заслужаных спартсменаў, якія хацелі абгаварыць у тым ліку і пацярпелага, а, магчыма, непаразуменнямі, якія ўзніклі ў іх у працэсе дыскусіі. У гэтай справе фігуруюць імёны вядомых спартсменаў, чэмпіёнаў, прызёраў нават Алімпійскіх гульняў. У цяперашні час, як мы ўсе ведаем, наш спорт перажывае нялёгкія часы, і думаю, што ніхто б не хацеў, каб гэты выпадак прывёў да нейкіх новых шумных скандалаў. Я гэтага не хачу дакладна, тым больш, што не маю ніякага дачынення да спорту. 

Са свайго боку хачу яшчэ раз адзначыць, што ніякіх нізінных меркаванняў пры вырабе і размяшчэнні ўлётак не меў, ніякай асабістай непрыязнасці або мэты зганьбаваць рэпутацыю пацярпелага не пераследваў. Я разглядаў дадзеныя ўлёткі як нейкі аналаг насценгазеты савецкага перыяду, якія вывешваюць, каб "прапясочыць" нейкія непрыстойныя ўчынкі кагосьці і перасцерагчы ад іх у будучыні. Сам факт размяшчэння мною улётак пра чалавека, аб якім да публікацыі я практычна нічога ня ведаў, як мне здаецца, ніякага злога намеру ў адносінах да яго не выказвае. Пракурор правільна казаў пра прадэманстраваныя ім даволі высокія маральныя якасці, але я не быў з ім знаёмы да таго і павінен не пагадзіцца з пракурорам, што мы маглі аказаць на яго нейкі ціск.

Я яму два разы тэлефанаваў, вы самі чулі з паказанняў пацярпелага: ён сам унёс мяне ў "чорны спіс". Я хацеў з ім асабіста сустрэцца, прынесці прабачэнні яго жонцы і яму, але ён сказаў, што ён мяне даруе і на гэтым спыніў зносіны сам. Хацелася б яшчэ раз (на жаль, яго тут няма) прынесці свае прабачэнні пацярпеламу за рэзкія эпітэты, якія я выкарыстаў. Я гатовы панесці за іх адказнасць, за эпітэты... я пра іх і казаў у яўцы з павіннай. Калі так вырашыць высокі суд, я хацеў бы хадайнічаць аб пакаранні ў выглядзе штрафу, не звязаным з абмежаваннем волі. Я гатовы выплаціць штраф у любым патрабаваным памеры, нават прадаць машыну. Асобна хацеў прынесці прабачэнні жонцы пацярпелага, якая і пісала заяву. У яе не атрымалася з'явіцца па прычыне нязгоды пацярпелага, але менавіта яна першая выявіла ўлётку. Хацеў бы прынесці прабачэнні за тое, што стаў прычынай перажыванняў. Мы ўсе зараз жывем на нервах. Такая сітуацыя, няўпэўненасць у заўтрашнім дні".

Суддзя Сяргей Крупец агучыў вырак Арцёму Яршову: паўтары гады «хатняй хіміі» і кампенсацыя судовых выдаткаў – 305 рублёў. Тэхніка канфіскаваная ў даход дзяржавы, арышт з машыны зняты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства