viasna on patreon

Іх барацьба за правы чалавека працягваецца нават праз краты. Напішы вясноўцу адкрыты ліст!

2021 2021-08-19T15:48:34+0300 2021-08-19T16:31:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/001_pisma.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя: Рыта Чарапанава для ТД

Ілюстрацыя: Рыта Чарапанава для ТД

Сёння за кратамі ўтрымліваюцца сем праваабаронцаў «Вясны». Гэта старшыня Праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі і яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка, валанцёр Андрэй Чапюк і валанцёрка Таццяна Ласіца.

Самы просты спосаб падтрымаць вясноўцаў — даслаць ліст ці паштоўку! Часта праваабаронцам учыняюць блакаду карэспандэнцыі, назіраюцца перабоі ў ліставанні ў абодва бакі, але гэта не можа спыніць нашу салідарнасць. Мы прапануем напісаць вясноўцам адкрыты ліст, які мы паспрабуем перадаць ім, а самыя цікавыя апублікуем на сайце ці ў сацсетках. Дасылайце лісты праваабаронцам (можна ўсім адразу) на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info. У іх можаце, напрыклад, распавядаць пра цікавыя гісторыі, звязаныя з імі, пра свой шлях да правоў чалавека, пра натхненне беларускімі праваабаронцамі. Альбо — выказаць словы падзякі.

Па вызваленні вясноўцы абавязкова прачытаюць усе вашыя словы падтрымкі і ўпэўняцца, што іх барацьба за правы чалавека працягвалася, нават калі іх утрымлівалі за кратамі. Не забудзьце падпісаць ліст, каб нашыя калегі і каляжанкі ўяўлялі, што за чалавек да яго ці яе звяртаецца (імя, узрост, горад, род дзейнасці — на ваша гледжанне).

Таксама дасылайце нам лісты-адказы ад вясноўцаў. Падрабязна па справу «Вясны» можна пачытаць тут.

Пры гэтым, працягвайце пісаць нашым калегам і каляжанкам лісты салідарнасці ў турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)

Што вядома па справе "Вясны"?

Нагадаем, старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзімір Лабковіч пасля ператрусаў затрымалі 14 ліпеня з яшчэ васьмю праваабаронцамі ў межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ІЧУ на Акрэсціна трох праваабаронцаў “Вясны” і затрыманую разам з мужам Ніну Лабковіч перавялі на “Валадарку”. 23 ліпеня на волю пад абязальніцтва аб яўцы адпусцілі Ніну.

Як стала вядома, затрыманым 14 ліпеня праваабаронцам следства выставіла прэтэнзіі за нясплату падаткаў за 2013–2020 гадоў на 3911 базавых велічыняў (на сёння гэта 113 419 рублёў). 

16 лютага адбылася першая хваля ператрусаў у праваабаронцаў "Вясны". Па факце працы Праваабарончага цэнтру "Вясна" была заведзеная крымінальная справа па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле афіцыйных каментароў Следчага камітэту, "Вясна" нібыта аказвала фінансаванне і іншую матэрыяльную падтрымку "незаконным масавым мерапрыемствам", якія "груба парушаюць грамадскі парадак".

Раней пасля аналагічных абвінавачанняў арыштавалі праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны" Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу.

Усе сем праваабаронцаў-вясноўцаў прызнаныя палітзняволенымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства