Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут.
Анонс праграмы на 17 жніўня:
Хроніка: Затрыманні дэлегатаў “Сходу”, сярод якіх — былы амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня; атака на грамадзянскую супольнасць, у тым ліку — ліквідацыя Гродзенскага дзіцячага хоспісу і зняволенне філосафа-метадолага Уладзіміра Мацкевіча; а таксама дзень народзінаў палітвязня Мікалая Статкевіча за кратамі.
Крымінальны пераслед: “Мяне завуць Сцяпан Латыпаў”. Рубрыка прысвечана суду над палітзняволеным жыхаром “Плошчы Пераменаў” Сцяпанам Латыпавым і ягонаму кранальнаму апошняму слову.
Асоба: Рэдактар сайта “Палесская Вясна” і праваабаронца “Вясны” з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў распавядае пра сваю гісторыю: 16 ліпеня да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ па крымінальнай справе за “тэрарызм”, учынілі ператрус, а потым забралі на допыты. Пасля чаго Андрэю Мядзведзеву прыйшлося зняцца ў “пакаяльным” відэа і падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з сілавікамі.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча з альбому “Люблю” (на вершы Маякоўскага).
Аўдыёзапіс выпуску: