Хроніка палітычнага пераследу за 16-17 жніўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 16-17 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
17 жніўня
Шахцёр Алег Кудзёлка, які ў верасні 2020 года адмовіўся паднімацца на паверхню, сёння быў затрыманы ў ДАІ, куды прыехаў для абмена пасведчання кіроўцы.
Па папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязана з адміністрацыйнай справай. Родныя Алега спрабуюць атрымаць інфармацыю, але міліцыянты не называюць канкрэтную прычыну затрымання, піша "Новы час".
Паведамляецца пра затрыманне гомельскага актывіста і валанцёра Іллі Міронава каля гомельскага СІЗА. Іллю раней затрымлівалі ў ліпені, але потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тое затрыманне праходзіла ў межах крымінальнай справы аб тэрарызме (арт. 289 КК РБ).
Пазней стала вядома, што Ілля затрыманы па адміністрацыйным артыкуле за «несанкцыянаване пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП). Іллю будуць судзіць у сераду 17 жніўня за апранутую на ім майку з надпісам «Пишите письма».
Таксама "Вясне" паведамілі пра затрыманне ў Мінску Алены Рабцэвіч і Марыі Ганчар. У Алены ў кватэры прайшоў ператрус, прадстаўнікі Следчага камітэту забралі ў яе тэлефон, тэлефон сына, ноўтбук, жорсткі дыск са стацыянарнага кампутара. Пасля ператрусы Алену затрымалі. Яе месцазнаходжанне невядома. У Марыі Ганчар таксама перад затрыманнем адбыўся ператрус.
Акрамя таго, тэлеграм-канал "Спісы затрыманых" піша пра затрыманне ў Мінску Максіма Клімовіча, Мікіты Зіміна, Дзяніса Лазоўскага, Максіма Мікуліча, Максіма Несцяровіча, Уладзіміра Хвораста.
Паведамляецца пра затрыманне Кірыла Аношкі і яго жонкі Алены Ласкутовай, а таксама Алега Буйкевіча.
Ліквідацыя арганізацый
Улады ліквідуюць аб'яднанне раварыстаў «ВелоГродно». Пра гэта сама арганізацыя паведаміла ў Facebook: «Лета 2021 — апошняе для "ВелоГродно". Па выніках праверкі Упраўленне Юстыцыі гарадзенскага аблвыканкаму падало ў суд пазоў аб ліквідацыі "ВелоГродно". Афіцыйна — парушэнні і памылкі ў дакументаабароце на тры старонкі і некалькі іншых пунктаў. Першая сустрэча ў судзе адбудзецца ў канцы месяца».
Таксама ўлады ліквідуюць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Міністэрства юстыцыі даслала пазоў у Вярхоўны суд.
Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў
16 жніўня
У Шчучыне быў затрыманы вядомы гарадзенскі блогер Вадзім Ермашук.
Днём Вадзім наведаў суд па крымінальнай справе над трыма гарадзенкамі, а пасля паехаў у Шчучын здымаць гумарыстычны ролік для свайго Instagram. Там ён быў затрыманы.
У Мінску была затрыманая і пенсіянерка Ірына Мініч. Яе даставілі ў Фрунзенскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна.
Таксама паведамляюць пра затрыманне Аляксандра Новікава, які пайшоў забраць арыштаваны ноўтбук у РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска, аднак адтуль так і не выйшаў.
У Віцебску затрымалі Станіслава Шыбанава, дома ў яго адбыўся ператрус.