viasna on patreon

13 920 рублёў і 397 сутак: як мінскія суддзі адзначылі гадавіну пачатку пратэстаў

2021 2021-08-14T17:31:42+0300 2021-08-16T11:25:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202024.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На працягу гэтага тыдня ў Мінску актыўна судзілі беларусаў і беларусак, затрыманых у знакавыя для Беларусі дні — гадавіну пачатку мірных акцый пратэсту. Некаторых прэвентыўна затрымлівалі і судзілі яшчэ за некалькі дзён да гэтага. На пратэстоўцаў у РУУСах складалі пратаколы за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», «дробнае хуліганства» і «ўдзел у масавых мерапрыемствах», а потым беларускія суддзі каралі іх штрафамі і суткамі. Агулам па палітычных матывах пакаралі мінчукоў на суму 13 920 рублёў (480 базавых) і 397 сутак арышту. «Вясна назірае» распавядае, за што на самой справе ў Мінску на гэтым тыдні асудзілі мінімум 30 чалавек.

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота

Суткі і штрафы за кветкі каля мемарыяла Тарайкоўскага

У судзе Фрунзенскага раёна 12 жніўня разглядзелі справу 22-гадовага гукарэжысёра і стэндапера Георгія Краціка. У РУУСе на Георгія міліцыянты склалі пратакол за ўскладанне кветак на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. На судзе хлопец пацвердзіў, што хацеў ускласці кветкі на месцы, дзе загінуў чалавек, але не паспеў гэта зрабіць, бо амаль адразу яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Суддзя Марыя Ярохіна расцаніла гэта як пікетаванне і пакарала хлопца 13-сутачным арыштам.

35-гадовага Мікіту Шэлікава затрымалі 8 жніўня таксама за кветкі каля мемарыяла. Згодна з рапартам, на вуліцы Прытыцкага, 21 яфрэйтар Штыканаў разам з радавым вайсковай часткі 5448 Вярэем ажыццяўлялі ахову правапарадку і заўважылі Шэлікава з букетам кветак, за што яго адразу і затрымалі. У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Суддзя Марыя Ярохіна пакарала Мікіту 14-сутачным арыштам.

Дар’я Вініцкая таксама 9 жніўня прыйшла да мемарыялу Тарайкоўскага, каб ускласці кветкі ў памяць аб загінулым. Але затрымалі дзяўчыну не адразу, а ўжо пазней у яе дома. Суддзя Наталля Бугук цікавілася:

«Па якой прычыне вы не ўскладалі кветкі на могілках, дзе пахаваны дадзены чалавек? У царкву можна было б прынесці кветкі, замовіць памінальную службу, раз вы былі так засмучаныя падзеяй».

Паводле рашэння суддзі Дар’я была аштрафаваная на 1450 рублёў (50 базавых).

Суддзя Юлія Чыж 11 жніўня пакарала вялізарнымі суткамі і штрафам яшчэ трох мінчукоў за кветкі каля мемарыялу Тарайкоўскага. 40-гадовую Наталлю Шэкаву аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў). 20-гадовага Аляксея Латошу, затрыманне якога трапіла на камеру відавочцаў, суддзя арыштавала на 13 сутак. А 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага за адну кветку на выхадзе з метро пакаралі 30-сутачным арыштам.

30 сутак арышту за бранзалеты «няправільнай» расфарбоўкі

33-гадовага Яўгена Маліноўскага затрымалі 10 жніўня каля кінатэатра «Аўрора» за бранзалеты «няправільнай» расфарбоўкі. На судзе Яўген казаў, што вяртаўся з працы дадому праз пераход на «Пушкінская» і ўжо каля «Аўроры» да яго са спіны падышлі два супрацоўнікі і патрабавалі сесці з імі ў бус. Пры затрыманні яны сказалі, што ў Яўгена на руцэ «гумовыя бранзалеты неадпаведнай расфарбоўкі». У РУУСе на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне, а на наступны дзень суддзя Ярохіна пакарала Маліноўскага 30-сутачным арыштам.

Сям’ю асудзілі за ўзняцце рук уверх і лозунг «Жыве Беларусь» на вуліцы Чарвякова

52-гадовую Інэсу Нікуліну разам з яе 54-гадовым мужам Дзмітрыем Нізоўцавым і сястрой Вольгай Блешчык асудзілі за ўзняцце рукі і лозунг «Жыве Беларусь» на вуліцы Чарвякова ўвечары 9 жніўня — на гадавіну з пачатку мірных пратэстаў. Але затрымалі іх толькі на наступны дзень каля 22:05, калі яны выйшлі разам на шпацыр. Па словах Дзмітрыя, да іх падбеглі некалькі чалавек, падобных да бандытаў, але прадставіліся яны як супрацоўнікі АМАПу. Сведка-міліцыянт на судзе патлумачыў, што 9 жніўня яны толькі назіралі, а каманды затрымліваць у міліцыянаў не было. Ён асабіста бачыў, як Інэса, Дзмітрый і Вольга правялі несанкцыянаванае пікетаванне. Але затрыманыя гэта адмаўляюць і лічаць паказанні сведкі хлуснёй. Вынікам суда стаў 13-сутачны арышт для Інэсы, а для Дзмітрыя — 15 сутак. Сястру Інэсы суддзя Густыр аштрафавала па арт. 24.23 КаАП штрафам у памеры 870 рублёў (30 базавых велічыняў).

Аказаў непадпарадкаванне ў кайданках 

9 жніўня дома ў Кірыла Мядзведзева правялі ператрус, пасля якога мужчыну адвезлі ў РУУС і склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП.  Яго абвінавацілі ў тым, што ён паспрабаваў зачыніць дзверы, калі міліцыянты ўваходзілі ў кватэру. Але, па словах мужчыны, гэта немагчыма, бо яму адразу надзелі кайданкі. Суддзі Фрунзенскага раёна Юліі Крэпскай здалося гэта непераканаўчым, таму яна прызнала яго вінаватым і пакарала 15-сутачным арыштам.

Затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў акцыях, а асудзілі за непадпарадкаванне міліцыянтам 

Спевака Міхаіла Кляпца 9 жніўня затрымалі ў кавярні. Да яго стала падышоў міліцыянт у цывільным і прапанаваў прайсці за ім, бо яго падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Міхаіла адразу адвезлі ў Цэнтральны РУУС, але потым павезлі дадому, каб правесці ператрус. Падчас ператрусу ў Міхаіла дома забралі ўсе грошы, але не занеслі гэта ў пратакол. Па словах сведкі-міліцыянта, Кляпец катэгарычна адмовіўся прайсці ў будынак РУУСа, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Суддзя Дзмітрый Карсюк не звярнуў увагі на шматлікія памылкі ў справе і арыштаваў хлопца па арт. 24.3 КаАП на 15 сутак. З-за арышту спявак прапусціць міжнародны конкурс оперных спевакоў.

«Хуліганілі» падчас прафілактычнай гутаркі ў РУУСе 

Аляксея Новіка прэвентыўна затрымалі яшчэ 6 жніўня для правядзення «прафілактычнай гутаркі». Па інфармацыі міліцыянтаў, Аляксей распаўсюджвае лістоўкі з заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Згодна з пратаколам па арт. 19.1 КаАП, ужо «падчас гутаркі Новікаў пачаў гучна крычаць, нахабна і агрэсіўна сябе паводзіць і нават скінуў са стала пісьмовая прылады». Суддзя Юлія Чыж прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.

Таксама на «прафілактычную гутарку» з дома забралі і Паўла Пыка. 7 жніўня ў яго кватэру зайшлі чатыры міліцыянта і запрасілі на гутарку ў РУУС, бо хлопца раней ужо затрымлівалі па «народным» артыкуле. Пры гэтым, дома правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Па дарозе ва ўпраўленне яны заехалі ў суседні дом, каб затрымаць яшчэ аднаго мужчыну, у якога дома па інфармацыі сілавікоў быў БЧБ-сцяг. Мужчынам паабяцалі пасля гутаркі адразу адпусціць дадому, але ўсё ж такі склалі пратакол за «дробнае хуліганства». Паўла пакаралі 15-сутачным арыштам. 

Арышт за рэпост з экстрэмісцкага каналу

У сваім пад'ездзе 10 жніўня быў затрыманы 23-гадовы Глеб Мацыеўскі для правядзення ператруса ў кватэры. Але, як сцвярджаюць міліцыянты, ён упіраўся нагамі і спрабаваў збегчы. Ператрус усё ж такі правялі, а ў тэлефоне Глеба знайшлі рэпост з экстрэмісцкага канала з інфармацыяй пра праблему з грашовымі пераводамі. У выніку, на хлопца склалі адразу два пратаколы: па арт. 24.3 КаАП і па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суддзя Ярохіна прызнала хлопца вінаватым па двух пратаколах і арыштавала яго на 30 сутак. 

2900 рублёў за БЧБ-налепку на машыне

А 8-й раніцы супрацоўнікі ДАІ патэлефанавалі 37-гадовай Таццяне Еўтушэнка і папрасілі выйсці ў двор, бо яна парушыла правілы дарожнага руху і ім трэба скласці пратакол. У Фрунзенскім РУУСе ёй вынеслі афіцыйнае папярэджанне за незаконнае размяшчэнне БЧБ-налепкі з "Пагоняй". Потым жанчыну западозрылі ў «перабітых» нумарах машыны і сказалі, што ім патрэбна праверыць, ці знаходзіцца машына ў згоне. Жанчына распавяла, што налепку набыла яшчэ ў 2019 годзе ў кнігарні і не ведала, што ёй можна выказваць свае палітычныя погляды. Нягледзячы на тое, што жанчына ўжо атрымала папярэджанне, суддзя Ярохіна ўсё роўна пастанавіла аштрафаваць жанчыну па арт. 24.23 КаАП на 2900 рублёў (100 базавых).

Пікетавалі белымі аркушамі на акне

Елізавету Кліменка і Дзмітрыя Бубенку затрымалі за белыя аркушы паперы на акне. Дзяўчыну ў суд вызвалі позвай. Елізавета сцвярджае, што аркушы яе суседкі знялі адразу пасля таго, як у кватэру прышлі міліцыянты, а сама яна ўжо доўгі час адпачывала на лецішчы. У Дзмітрыя наогул на вокнах віселі дзіцячыя малюнкі. Але суддзі не звярнулі ўвагі на паказанні затрыманых, таму Елізавету пакаралі 14-сутачным арыштам, а Дзмітрыя — 12-сутачным. 

"Такой рэакцыяй на абсалютна мірныя дзеянні людзей супрацоўнікі праваахоўных органаў разам з суддзямі абмяжоўваюць людзей у іх праве на выказванне свайго меркавання. Але гэтае права гарантавана Канстытуцыяй і абавязковай для Беларусі міжнароднай дамовай — Пактам ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Згодна з гэтым Пактам кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць ўсялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных меж, вусна, пісьмова або пры дапамозе друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару.

Звяртаем асаблівую ўвагу, што правы чалавека могуць быць абмежаваны толькі ў выключных выпадках, якія, у сваю чаргу, павінны быць вызначаны законам, дзеля дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, а таксама, калі пэўнымі дзеяннямі абмяжоўваюцца правы іншых людзей.

Такім чынам, за белыя аркушы паперы на вокнах выносяцца неабгрунтаваныя і незаконныя пастановы, якімі парушаецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь і правы чалавека", — каментуюць пераслед за белыя аркушы юрысты "Вясны".

Калі вы ці вашыя знаёмыя трапілі пад пераслед за белыя аркушы паперы, паведамляйце, калі ласка, і звяртайцеся па юрыдычную дапамогу: @zvarot96 або праз электронную скрыню zvarot@spring96.org.

Агулам мінскія суддзі за гэты тыдзень пакаралі беларусаў на 13 920 рублёў (480 базавых) і 397 сутак, але дадзеныя могуць быць няпоўныя. Паведамляйце вынікі судоў нам у тэлеграм-бот @viasna_bot

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства