Хроніка палітычнага пераследу шостага жніўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за шостага жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінск
Сёння ператрус адбыўся ў мінчука Дзмітрыя Кукс. Пасля гэтага яго забралі на допыт. Пакуль месцазнаходжанне і ягоны статус невядомыя.
Спартыўны партал Тribuna.com і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі. Такое рашэнне 6 жніўня вынес суд Чыгуначнага раёну Віцебску па матэрыялах абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК, паведаміла ў тэлеграме прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Акрамя асноўнага інтэрнэт-рэсурсу, у спіс забароненых патрапілі Telegram-канал «Тribunа.cоm Беларусь», аднайменны чат і старонкі ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, Twitter, Вконтакте, а таксама мабільныя праграмы для смартфонаў. У паведамленні МУС указваецца, што «адміністратары супольнасцяў размяшчалі матэрыялы, якія заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасці».
На сайце Міністэрства інфармацыі з'явілася падрабязнае тлумачэнне аб прызнанні тэлеканалу «Белсат» экстрэмісцкім. Акрамя сайта і сацыяльных сетак, экстрэмісцкімі прызнаныя «візуальны матэрыял (малюнак, лагатып, лічбавы вадзяны знак і г.д.) або тэкст „БЕЛСАТ“ ці „BELSAT“ з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстаньня надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элемэнты адзеньня, прадметы ўжытку і г.д.), а таксама размешчаныя на лічбавых фота і відэамалюнкі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)».
Актывістаў анархічнага руху Аляксандра Бялова і Яўгена Рубашку затрымалі 29 ліпеня. Дома ў іх правялі ператрусы. Праваабаронцам стала вядома, што ў дачыненні да Яўгена Рубашкі ўжывалі фізічны гвалт. Патрабуючы доступу да тэлефону і камп'ютару, хлопцу апраналі пакет на галаву. Таксама з Яўгенам запісалі «пакаяльнае відэа», пасля чаго завезлі ў Следчы камітэт, адкуль перавезлі на Акрэсціна.
Сёння стала вядома, што для Аляксандра Бялова і Яўгена Рубашкі абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на 2 месяцы ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса(групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта значыць, што Аляксандру і Яўгену выставілі абвінавачванні. Яны пераведзеныя ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне васьмярых актывістаў анархічнага руху, "якія заклікалі да арганізацыі масавых беспарадкаў 9 жніўня". Сярод іх - Аляксандр Бялоў, Яўген Рубашка, Ілля Сенько.
Улады прыпыняюць дзейнасць "Ліберальнага клуба" Яўгена Прэйгермана і "Клуб плавання Аляксандры Герасімені".
Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў
Палітзняволенага выдаўца The Village Беларусь Аляксандра Васілевіча паставілі ў СІЗА на прафулік як "асобу, схільную да экстрэмізму".
Як стала вядома @nashaniva, Уладзіміра Мацкевіча падазраюць у арганізацыі ці ўдзеле ў дзеяннях, што парушылі грамадскі парадак, па «народным» арт. 342 КК. Допыт у якасці падазраванага не праводзіўся. Ператрус праводзілі па месцы жыхарства і па месцы рэгістрацыі. Сілавікі забралі ўсе электронныя носьбіты інфармацыі, некаторыя дакументы. Адвакат Дзмітрый Лазавік звяртае ўвагу, што з Мацкевічам праводзілі «аператыўную размову», падчас якой яму неналежным чынам патлумачылі яго правы. Катаванняў з боку сілавікоў не было.
Па словах адваката, Уладзімір адчувае сябе нармальна, бадзёрасць і пачуццё гумару не страціў. Віну не прызнае, свой цяперашні стан успрымае па-філасофску.
Жлобін
Як паведмаляе тэлеграм-канал "Вясна: Палітвязні Беларусі", на трох палітвязняў са Жлобіна завялі новую крымінальную справу.Супраць жлобінцаў Віктара Шмігельскага, Андрэя Шаўчука і Іллі Патрушава, асуджаных раней за жнівеньскія падзеі, распачалі новую крымінальную справу за «здзек над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь» (арт. 370 КК). Па версіі следства, некалькі жлобінцаў у верасні знялі чырвона-зялёны сцяг з будынку пошты. Пры гэтым, праваабаронцам стала вядома, што Андрэя Шаўчука нават не было тады ў тым месцы. Па гэтай справе ў Жлобіне на допыты выклікалі яшчэ траіх жыхароў.
Трох палітвязняў 22 сакавіка асудзілі да 2,5 гадоў паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 342 і 364. Іх абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня яны сталі ў счэпку і разам з іншымі нанеслі ўдары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок. На судзе высвятлілася, што палітвязняў збівалі і прымусілі даць на відэа неабходныя паказанні.
Віцебск
Палітзняволены музыка Ігар Банцар змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 сутак за парушэнне рэжыма. Гэта адбылося 5 жніўня, піша @by_culture. Банцар адбывае "хімію" ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №9 у Віцебску.
Барысаў
Мінінфарм заблакаваў рэгіянальны партал Барысаўскага і Жодзінскага раёнаў ex-press.by.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.