ПЭН-цэнтр: За першае паўгоддзе ў Беларусі зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў дзеячаў культуры
Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў справаздачу па выніках маніторынга парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за студзень-чэрвень 2021. "Вясна" прыводзіць вытрымкі з яе.
Па інфармацыі ПЭН-цэнтра, за першае паўгоддзе 2021 года зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Колькасць парушэнняў за студзень-чэрвень большая за аб’ём сітуацый, зафіксаваных за ўвесь 2020-ы год. Іх было не менш за 593.
"Можна сцвярджаць, што ціск і рэпрэсіі, якія асабліва моцна выявіліся са жніўня 2020 га года, пачынаючы з перыяду прэзідэнцкай кампаніі, па-ранейшаму не слабеюць, набываюць новыя формы і закранаюць усе шырэйшае кола суб’ектаў культуры Беларусі", — сцвярджаюць у ПЭН-цэнтры.
Праваабаронцы прыводзяць дынаміку зафіксаваных парушэнняў, пачынаючы з 2020 года:
Па дадзеных ПЭН-цэнтра, з агульнай колькасці палітвязняў 39 належаць да дзеячаў культуры.
Сярод іх:
- пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец – 25.05.2021 асуджаны да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- адвакат, паэт і аўтар-выканаўца песень Максім Знак – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.09.2020;
- мецэнат Віктар Бабарыка – 06.07.2021 (прысуды, якія сталі вядомыя на момант падрыхтоўкі тэксту) асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык – 16.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі» (так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў па крымінальных артыкулах – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу);
- актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 11.11.2020;
- літаратар і культуролаг Юлія Чарняўская – з 20.05.2021 знаходзіцца пад хатнім арыштам (без магчымасці выхаду на вуліцу і якой-небудзь камунікацыі са знешнім светам, за выключэннем адваката);
- аўтарка кнігі і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) – 18.02.2021 асуджаная на 2 гады калоніі агульнага рэжыму;
- паэт і сябра «Саюза палякаў Беларусі» Андрэй Пачобут – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 27.03.2021;
- паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 12.01.2021;
- музыкант і менеджар культурных праектаў Марыя Калеснікава – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 12.09.2020;
- музыкант Ігар Банцар – 19.03.2021 асуджаны на 1,5 гадоў «хіміі»;
- бубнач Аляксей Санчук – 13.05.2021 асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- бард Анатоль Хіневіч – 24.12.2020 асуджаны на 2,5 гады калоніі;
- менеджар культурных праектаў і бізнесмен Аляксандр Васілевіч – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.06.2020;
- менеджар культуры Эдуард Бабарыка – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.06.2020;
- дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега – 04.02.2021 асуджаны на 3 гады калоніі;
- менеджар культуры Мія Міткевіч – 20.05.2021 асуджаная на 3 гады калоніі;
- менеджар культуры Лявон Халатран – 19.02.2021 асуджаны на 2 гады «хіміі»;
- старшыня «Саюзу палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 23.03.2021;
- арт-даследчыца Ала Шарко – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 22.12.2020;
- мастак Алесь Пушкін – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 30.03.2021;
- акцёр Сяргей Волкаў – 06.07.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- мастак па святле Даніла Ганчароў – 09.07.2021 асуджаны на 2 гады калоніі;
- мастак Аляксандр Нурдзі наў – 05.02.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- мастак Уладзіслаў Макавецкі – 16.12.2020 асуджаны на 2 гады калоніі;
- архітэктар Арцём Такарчук – 20.11.2020 асуджаны на 3,5 гады калоніі;
- дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 29.09.2020;
- дызайнер Максім Таццянок – 26.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі»;
- аператар і гукарэжысёр Пётр Слуцкі – знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 22.12.2020;
- аўтар фільмаў і блогер Павел Спірын – 05.02.2021 асуджаны на 4,5 гады калоніі;
- UX / UI-дызайнер Дзмітры Кубараў – 24.03.2021 асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- паэтка і публіцыстка, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот – 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;
- студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько – 16.07.2021 асуджаныя на 2,5 гады калоніі;
- студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік – 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;
- былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская – 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;
- танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў – 10.06.2021 асуджаныя на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- мастачка, адлічаная з апошняга курсу студэнтка Акадэміі мастацтваў Анастасія Міронцава – 01.04.2021 асуджаная на 2 гады калоніі.
Менеджар культуры Дзяніс Чыкалёў часова мае статус «былога» палітвязня, паколькі на сёння знаходзіцца на свабодзе пад падпіскай аб нявыездзе, але ў хуткім часе, у мэтах выканання прысуду, будзе вымушаны адправіцца ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»: асуджаны на 3 гады).
За першае паўгоддзе 2021 года 24 дзеячы культуры з ліку тых, у дачыненні да каго вядзецца крымінальны пераслед, былі незаконна асуджаныя; сярод іх як тыя, хто прызнаныя палітвязнямі, так і асобы без гэтага статусу. 13 дзеячаў культуры асуджаныя на тэрмін ад 2 да 8 гадоў калоніі (7 чалавек – калоніі ўзмоцненага рэжыму), 9 чалавек – на 1,5-3 гады «хіміі», 2 – на 1-2 гады «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).
"Характэрная асаблівасць другой паловы паўгоддзя палягае ў тым, што дзеячы культуры, якія былі асуджаныя на «хімію» і адпушчаныя пасля абвяшчэння прысуду на некаторы час дадому, у чэрвені сталі атрымліваць накіраванні для адбыцця пакарання ва ўстановах адкрытага тыпу. Так, у чэрвені на «хімію» адпраўленыя менеджар культуры Лявон Халатран, паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык, музыкант Ігар Банцар і дызайнер Максім Таццянок. Абскарджанне ў судзе незаконных прысудаў не прывяло да змены ім меры стрымання", – зазначылі праваабаронцы.
Таксама ПЭН-цэнтр звярнуў увагу на ўмовы ўтрымання ў закрытых установах:
"У дадзены перыяд мы вылучаем 44 сітуацыі з апісаннем або згадваннем тых умоў, у якіх знаходзяцца зняволеныя. Гэта толькі тыя факты, што дайшлі да нас праз СМІ, праз публікацыі сваякоў. Мы разумеем, што існыя абмежаваныя крыніцы інфармацыі, цяжкасць, а часта адсутнасць ліставання са зняволенымі, жорсткія рамкі турэмнай цэнзуры, не даюць нам магчымасці заяўляць аб паўнаце інфармацыі, але нават па наяўных фактах мы сцвярджаем пра тое, што ўмовы ўтрымання ў дачыненні да «палітычных» зняволеных уяўляюць сабой, як мінімум, жорсткае і прыніжальнае для годнасці абыходжанне, а ў шэрагу выпадкаў маюць прыкметы катаванняў".
Раней былі згаданыя сітуацыі адвольнага затрымання, крымінальнага пераследу, незаконнага асуджэння і некаторыя іншыя. Так выглядае спіс найбольш часта парушаных правоў у дачыненні да дзеячаў культуры і асоб, якія рэалізоўвалі свае культурныя правы.
"Іншадумства (погляды, адрозныя ад тых, што транслююць прадстаўнікі дзяржаўнай улады) – галоўная нагода пачаць пераслед чалавека", – адзначаюць праваабаронцы.
Чытаць справаздачу ПЭН-цэнтра цалкам.