viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 21 і 22 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-22T15:14:00+0300 2021-07-23T12:10:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalesnikava-2020-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 21 і 22 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Хроніка палітычнага пераследу 22 ліпеня

Мінск

У Мінску раніцай на працоўным месцы затрымалі 32-гадовую Кацярыну Катусаву. Сілавікі прыйшлі за ёй на працу каля 10:00 і адвялі яе кудысьці. Хто менавіта прыйшоў і якія менавіта пытанні да яе з боку сілавікоў — невядома. Яе затрымлівалі адзін раз у лістападзе.


Таксама затрымалі Андрэя Казакова. Падрабязнасці высвятляюцца. У Мінску затрыманая Ганна Сокур, яе даставілі ў Савецкае РУУС.


Сёння ў Мінску КДБ затрымалі амаль усю сям'ю: Сяргея Анановіча (1957 г.н.), Яна Анановіча (1992 г.н.) і Таццяну Шчасную (1955 г.н.). Быў ператрус у іх кватэры і на лецішчы. Прычыну затрымання не паведамілі родным.


Таксама ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі Марыну Петражыцкую. Дома ў яе правялі ператрус, у межах якога артыкула Крымінальнага кодэкса пакуль невядома. Па папярэдняй інфармацыі, яе даставілі ў Цэнтральнае РУУС.


Паводле інфармацыі Фонду спартыўнай салідарнасці спартовец Аляксей Кудзін знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску. Нягледзячы на тое, што 21 ліпеня Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю Кудзіна, Апеляцыйны суд Масквы пакінуў у сіле рашэнне выдаць спартсмена Беларусі. Па словах адваката, Аляксея ўжо днём не было ў СІЗА Зеленаграда. Сёння раніцай стала вядома, што байца таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь.

Гэтую інфарацыю пацвердзіла Генеральная пракуратура Беларусі.


Палітзняволены Андрэй Скурко — у СІЗА на Валадарскага. Ён моцна схуднеў, блізкія непакояцца за яго здароўе.

Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэй Скурко 13 дзён правёў у жудасных умовах на Акрэсціна: без матрацаў і падушак, без зменнай вопраткі, без сродкаў гігіены, без перадач ад сваякоў (іх прынялі, але не перадалі), піша @nashaniva.

У 2017-м годзе ў яго быў дыягнаставаны дыябет 1 тыпу. Андрэй інсуліназалежны, чатыры разы на дзень ён павінен рабіць уколы. Супрацоўнікі Акрэсціна прынялі ў сваякоў інсулін, але захоўвалі яго няправільна: на парозе душнай камеры. Каб інсулін не губляў свае ўласцівасці, яго трэба трымаць у халадзільніку пры тэмпературы +2°С — +8°С. Цяпер родныя Андрэя непакояцца, што інсулін мог проста сапсавацца, а ён крытычна неабходны арганізму.

Таксама Андрэю трэба некалькі разоў на дзень правяраць глюкометрам узровень цукру ў крыві. Прылада ў Андрэя ёсць, але ў ёй сядае батарэя. Сваякі будуць перадаваць новую.

Вялікая праблема з харчаваннем. Дыябетыкам паказана дыета з дазаваннем вугляводаў. Але ўсе 13 сутак, паколькі на Акрэсціна не аддалі Андрэю перадачу ад родных, ён быў вымушаны спажываць тое, што было — а гэта адны вугляводы. Вельмі мала мяса, поўная адсутнасць гародніны, вітамінаў.

Апроч таго, Андрэю паказана фізічная актыўнасць, паколькі арганізм у гэты час выпрацоўвае інсулін. На волі ён стараўся хадзіць у дзень 7 тысяч крокаў, рабіць гэта ў камеры няпроста.

Некалькі чалавек, якія бачылі ўчора і заўчора Андрэя, падкрэслілі, што ён моцна схуднеў і кепска выглядае.

Следству вядома пра стан здароўя Андрэя. Нягледзячы на гэта было прынята рашэнне змясціць яго ў СІЗА.


Міністэрства юстыцыі хоча ліквідаваць Беларускі ПЭН-цэнтр. Ведамства звярнулася ў Вярхоўны суд, піша @PENBelarus.

Докшыцы і Глыбокае

Раніцай у Докшыцах сілавікі прыйшлі з ператрусам да Юрыя Стадольніка. Прычыны зацікаўленасці сілавікоў мясцовым жыхаром пакуль невядомыя. Па інфармацыі "Белсат", у Глыбокім Кіру Кісялеву выклікалі ў аддзел крымінальнага вышуку Глыбоцкага РАУС.

Як паведамляе "БАЖ", таксама ператрус адбываецца дома ў журналісткі-фрылансера Таццяны Смоткінай з Глыбокага. У выніку, у яе забралі тэлефон і сістэмны блок, ператрус праводзіўся ў рамках першай часткі артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне рэлігійнай, сацыяльнай няроўнасці), яго праводзіла мясцовая міліцыя.

Пружаны

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, сёння раніцай у Пружанах затрымалі мінімум траіх чалавек.

Вядома, што Ілля Ільяшэвіч, Юрый Папко і Анатоль Дзевенцейчык былі выкліканыя раніцай у мясцовае РАУС да ўчастковага Зюзіна С. А. як "асобы, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс". Неўзабаве стала вядома, што яны ўжо затрыманыя і змешчаныя ў ІЧУ. Таксама знаёмая Дзевенцейчыка паведаміла, што Анатоль у аддзяленні міліцыі патрабаваў выкліку хуткай меддапамогі, аднак яму ў гэтым адмовілі.

Усе трое ўжо затрымліваліся ў гэтым месяцы, 2 ліпеня. Тады яны правялі па тры дні ў ізалятары, адкуль былі адпушчаныя без пратаколаў.

Маладзечна

«Рэгіянальная газета» прыпыняе выхад друкаванага выдання.

"На жаль, нумар за 23 ліпеня па незалежных ад рэдакцыі прычынах вы не атрымаеце. Як і наступныя. Просім у вас прабачэння і спадзяемся на разуменне сітуацыі", — гаворыцца ў заяве маладзечанскага выдання.

Хроніка палітычнага пераследу 21 ліпеня

Ператрус прайшоў 21 ліпеня ў старшыні рэвізійнай камісіі Свабоднага прафсаюзу ААТ Полацак-Шкловалакно Віктара Стукава ў Полацку. Сілавікі забралі мабільны тэлефон. Віктара не затрымлівалі.


Падчас "зачысткі КДБ" 14 ліпеня быў затрыманы 27-гадовы жыхар Ждановічаў Яўген Рабаў. Ён былы афіцэр унутраных войскаў, звольніўся сам у верасні 2020. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Адваката не пускаюць. 

У Мінску жанчына з'яўлялася падазраванай па крымінальнай справе за пасылку сяброўцы "эсктрэмісцкай кнігі"

Пару месяцаў таму Ірына Пацына адправіла сяброўцы кнігу ў Канаду, а яна апынулася ў спісе экстрэмісцкіх. У чэрвені ёй патэлефанавалі з міліцыі і запрашалі да іх прыйсці. Яе падазравалі за кнігу па крымінальнай справе, але па якім артыкуле невядома.

У панядзелак, 12 ліпеня, зноў  патэлефанавалі і сказалі: "Вы да нас? Ці нам заехаць за вамі?" Яе затрымалі 12 ліпеня, але ўначы адпусцілі. Сказала: "Адпусцілі да раніцы"


Раніцай "Белсат" паведамляў пра ператрусы ў жыхароў па адрасе Дзяржынскага, 119 а 7 раніцы.


Справа "Нашай Нівы": за кратамі застаюцца Марціновіч і Скурко

Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Андрэй Дынько
Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Андрэй Дынько

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» застаецца за кратамі. Следчыя вырашылі змясціць яго ў СІЗА, піша само выданне.

У 19 гадзін стала вядома, што Следчы камітэт абраў меру ўтрымання ў выглядзе варты для галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Таксама пад вартай будзе кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко.

21 ліпеня скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання нашаніўцаў. На свабоду выйшаў галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, пад абавязальніцтва аб яўцы. Марціновіч і Скурко застаюцца ў ізалятары на Акрэсціна, у бліжэйшы час іх павінны перавесці ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яны праходзяць падазраванымі па ч.2 арт. 216 КК (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры прадпрыемству «Мінэнэрга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.

Палітзняволеныя нашаніўцы знаходзяцца на Акрэсціна ў невыносных умовах, з 8 ліпеня яны не маюць зменнага адзення і бялізны, мінімальных сродкаў гігіены, ім не выдаюць матрацы і пасельную бялізну, — усё гэта ў невыноснай спёцы. У Скурко — дыябет, адвакат кажа, што за апошнія дні ён моцна схуднеў. Марціновіч пры затрыманні быў збіты, у СК яму выклікалі хуткую дапамогу, у яго траўма галавы.

Перадачы ад сваякоў прынялі, але вязням не аддалі. Кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных справаў пра гэта вядома, сваякі звярнуліся з заявай на прамую лінію ячшэ 17 ліпеня.


Журналістка Свабоды Іна Студзінская трымае галадоўку чацверты дзень, да яе не можа патрапіць адвакат

Фота

Яна галадае ў ізалятары на Акрэсціна з панядзелка ў знак пратэсту. На праблемы са здароўем Іна не скардзіцца, а трымаецца бадзёра.

Пра гэта сваякам распавяла жанчына, якая сядзела з Інай у адной камеры. Яна таксама распавяла, што факты гвалту супраць зняволеных у камеры, дзе знаходзіцца Студзінская, ёй невядомыя, але бытавыя ўмовы кепскія.


Справа Аляксея Кудзіна

Аляксей Кудзін. Фота: Матч ТВ
Аляксей Кудзін. Фота: Матч ТВ

Апеляцыйны суд у Маскве пакінуў ў сіле рашэнне аб выдачы беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў камітэце «Гражданское содействие», які юрыдычна дапамагаў спартоўцу, у тым ліку прадставіў адваката.

21 ліпеня Еўрапейскі суд у правах чалавеказабараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады ягонай абароны. Расія мусіць выконваць рашэнні ЕСПЧ як сябра Савету Еўропы.


Мінюст хоча ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ)

Пазоў міністэрства ўжо ў Вярхоўным судзе. Нагода для ліквідацыі — "паўторныя парушэнні заканадаўства", паведамляе @euroradio.


Палітзняволены журналіст Ігар Ільяш застаецца за кратамі

Ігар Ільяш. Фота
Ігар Ільяш. Фота "Еўрарадыё"

Суд адмовіўся адпусціць журналіста Ігара Ільяша. Скаргу на яго затрыманне 21 ліпеня разглядаў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч. Пра гэта "Еўрарадыё" паведаміў брат журналіста. Ільяш затрыманы ў Мінску 16 ліпеня. У чым яго падазраюць, невядома.

Крымінальная справа праваабаронцы Леаніда Судаленкі перададзеная ў суд 

Стала вядома, што крымінальная справа палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі перададзеная ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. У хуткім часе стане вядомая дата пачатку судовых пасяджэнняў.

Нагадаем, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна» Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай 18 студзеня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства