Хроніка палітычнага пераследу 19 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-19T13:53:00+0300 2021-07-19T21:24:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzvery_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 19 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Журналісты Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Іна Студзінская і Алег Грузьдзіловіч так і не выйшлі з ІЧУ на Акрэсціна праз 72 гадзіны пасля затрымання.

У чым іх вінавацяць, ніхто не ведае. Адвакатаў да Алега і Алеся не дапускаюць, інфармацыі ад адваката Іны няма.


Суды прызналі экстрэмісцкімі яшчэ 10 Telegram-каналаў і адзін YouTube-канал, піша Zerkalo.io. 

Гэта тэлеграм-каналы "97% Серабранка", "Серабранка Партызанская", "Маскоўскі 97%", "Масты для жыцця чат", "Шчучынскія навіны", "Салідарнасць Івацэвічы", "Абмяркоўваем небяспечны Брэст", "ЛЕПЕЛЬ-тэлеграм", "Чачэрск для жыцця", а таксама YouTube-канал "Рэальная Беларусь" (160 тысяч падпісчыкаў) і тэлеграм-канал з такой жа назвай (45 тысяч падпісчыкаў).


Як піша MAYDAY, каля 12 гадзін дня супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Магілёве Уладзіміра Прыбіткоўскага, які некалькі разоў прыцягваўся па арт. 23.34 КаАП. Дома ў яго правялі ператрус, а яго самога павезлі ва УКДБ.

Верагодна, праца па так званай "антытэрарыстычнай зачыстцы", у ходзе якой толькі ў Магілёве ўжо больш двух дзесяткаў чалавек былі падвергнутыя прываду ў КДБ, працягваецца.

Дапоўнена: Уладзімір Прыбіткоўскі быў вызвалены.


Мінула трое сутак з моманту затрымання журналістаў Белсат Ігара Ільяша і Ганны Галёты. Аднак на волю яны так і не выйшлі, што, імаверна, азначае працяг тэрміну затрымання да 10 содняў.

Цягам гэтага часу Ільяшу і Галёце мусяць выставіць абвінавачванне, паведамляе Белсат.


19 ліпеня сілавікі прыйшлі да праваабаронцы з Брэста і сябры Рады Руху "За свабоду" Рамана Кісляка. Ён сам паспеў паведаміць пра гэта, цяпер звязацца з ім немагчыма.


Следчы паведаміў сваякам галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча, што ён затрыманы на трое сутак як падазраваны па арт. 216 КК, піша выданне. Папярэдні раз яго затрымлівалі на 10 сутак па арт. 342, меру ўтрымання не абіралі, абвінавачванне не прад’яўлялі, але і не вызвалілі.

На гэты раз Ягора Марціновіча падазраюць у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК, караецца "хіміяй" ці калоніяй на тэрмін да 5 год). Каму нанесены ўрон, сваякі не ведаюць.

Па такім самым артыкуле ў ізалятары зараз трымаюць і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко, паведамляюць яго сваякі. Таксама за кратамі знаходзіцца галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько. Адзінаццаты дзень нашаніўцы знаходзяцца ў невыносных умовах у ізалятары на Акрэсціна.

Дапоўнена: стала вядома, што Андрэя Дынько трымаюць на Акрэсціна за нясплату камунальных паслуг на суму ў 3500 рублёў.


Сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеты» ў Маладзечне, паведамляе БАЖ.

Супрацоўніцы выдання Зоя Хруцкая і Настасся Уткіна не выходзяць на сувязь. Сведкі паведамляюць, што ў рэдакцыі людзі ў цывільным.

Таксама раніцай сілавікі прыходзілі да галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча дадому. Яго разам з жонкай звезлі на допыт.

Дапоўнена: усіх супрацоўнікаў «Рэгіянальнай газеты» выпусцілі «пад падпіску», сілавікі забралі ўсю тэхніку.


Міністэрства юстыцыі патрабуе спыніць дзейнасць рэспубліканскай праваабрончай грамадскай арганізацыі “Прававая ініцыятыва”. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале “Прававой ініцыятывы”.

pi_minust1.jpg

Судовае разбіральніцтва па грамадзянскаму іску ад Мінюст прызначанае на 11 гадзін 30 ліпеня ў Вярхоўным судзе.

"Мы не прызнаем гэты пазоў і не будзем удзельнічаць у разглядзе справы, бо суды Беларусі не з'яўляюцца справядлівымі, незалежнымі і бесстароннімі. Лічым гэтыя дзеянні працягам зачысткі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі", - заявіла старшыня Прававой ініцыятывы Вікторыя Фёдарава.


Раней аналагічны іск аб прыпыненні дзейнасці Мінюст выставіў у дачыненні да Руха “За свабоду”. Сёння стала вядома, што суд прызначаны на 27 ліпеня.

ruh_minust.jpg

Кіраўнік Руха "За Свабоду" Юрый Губарэвіч лічыць, што ўсе неабходныя дакументы, каб закрыць гэтую справу ў дасудовым парадку, мінюст мае, але не пагадзіўся гэта зрабіць.


dzvery_viasna.jpg


Так выглядаюць дзверы офіса "Вясны" па вул. Мяржынскага ў Мінску. 

Нагадаем, 14 ліпеня сілавікі ламалі дзверы ў офіс, каб правесці ператрус.


Стала вядома, што Следчы камітэт ячшэ 13 ліпеня наклаў арышт на банкаўскія рахункі Беларускага ПЭН-цэнтра і сацыяльна-дабрачыннай установы "Імёны". 

arysht_rahunka_pen.jpg
Скрыншот рахунку Беларускага ПЭН-цэнтру

"Гэта значыць, што мы не можам рабіць ніякія плацяжы, у тым ліку пераводзіць праектам сродкі, сабраныя на іх працу. Але наш сайт працуе і вашы ахвяраванні працягваюць паступаць на карысць праектаў на транзітны рахунак банка да моманту зняцця арышту", - напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прадстаўніца "Імёнаў" Кацярына Сінюк.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства