viasna on patreon

"Пра Ашурка ніхто не хацеў гаварыць". Як праходзіў маніторынг калоніі, дзе памёр палітвязень

2021 2021-06-30T10:10:49+0300 2021-06-30T10:10:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitold_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 траўня ў шклоўскай калоніі памёр Вітольд Ашурак. Сваякам сказалі, што прычына смерці — прыпынак сэрца, хоць, па іх словах, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Апошнія дні ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Следчы камітэт ўсё яшчэ праводзіць праверку. Рэспубліканская грамадская назіральная камісія правяла першую праверку за паўтара года — раней яе не пускалі ў месцы зняволення, спасылаючыся на пандэмію каранавірусу. 24 чэрвеня Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС запрасіў камісію ў папраўчую калонію № 17 у Шклове, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Пра дэталі праверкі камісіі Tut.by расказаў яе сябра праваабаронца Алег Гулак.

Вітольд Ашурак, фота з Facebook
Вітольд Ашурак, фота з Facebook

На запрашэнне прыехалі толькі трое сябраў камісіі — яе старшыня Тацяна Краўчанка, якая ўзначальвае Беларускую асацыяцыю шматдзетных бацькоў, прадстаўнік Міністэрства юстыцыі і старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. Астатнія прыехаць не змаглі.

Алег Гулак адзначыў, што ў час іх візіту ў калонію ў камерах стаяла «страшная спёка», вязні амаль не скардзіліся на ўмовы ўтрымання, аднак ёсць сумневы, ці гавораць яны шчыра, бо пры кожнай размове нязменна прысутнічалі прадстаўнікі турмы.

Пры гэтым, у Шклоўскай калёніі, як адзначыў праваабаронца, паступова паляпшаюць умовы ўтрымання: ідзе рамонт, закупляюць новую тэхніку і мэблю. Многім зняволеным істотна дапамагаюць сваякі, якія дасылаюць харчовыя перадачы, цяпер зрабіць гэта лягчэй дзякуючы онлайн-сэрвісу калоніі.

Размаўляць пра гібель Вітольда Ашурка ў калоніі № 17 ніхто не хацеў. Праваабаронцу адказалі, што Следчы камітэт праводзіць праверку, таму ў калоніі не будуць паведамляць ніякіх падрабязнасцяў. Камісія заходзіла ў штрафны ізалятар, дзе быў Вітольд. На момант візіту ў ШІЗА было два асуджаных, яны чакалі пераводу ў турму — за парушэнні ім змянілі рэжым адбыцця пакарання. Скаргаў у іх не было, аднак і тут, як і напісана ў правілах для камісіі, у час гутаркі побач стаялі супрацоўнікі калоніі.

Супрацоўнікі калоніі растлумачылі прымяненне адмысловых каляровых нашывак для вязняў. Яны назвалі гэта «формай кантролю» ў выпадках, калі чалавек схільны да экстрэмізму, нападу на супрацоўнікаў папраўчай установы. Аднак Гулак адзначае, што так і не знайшоў адказу, як гэта рэгламентуецца, як вырашаюць — вешаць на асуджанага нашыўку ці не.

«Сыходзячы з практыкі, вынікае, што сам факт асуджэння паводле пэўных артыкулаў, дзе фігуруе палітычная актыўнасць, з'яўляецца падставай так пазначаць людзей. Падчас нашага візіту кінулася ў вочы, што людзі з каляровымі нашыўкамі заўсёды пад увагай: калі ідзе атрад, яны ў першых шэрагах», — дадаў Алег Гулак.

Таксама праваабаронца адзначыў недахоп псіхолагаў у папраўчай установе. Паводле яго, камісія традыцыйна ў канцы змяшчае ў рэкамэндацыях неабходнасць паляпшэння працы псіхолагаў са зняволенымі, якія маюць рыхтаваць людзей да наступнага этапу жыцця пасля выхаду на волю. Фармулёўка аб працы псіхолагаў — агульная рэкамендацыя, растлумачыў Алег Гулак:

"Такую рэкамендацыю мы даем пасля наведвання практычна кожнай калоніі. ПК у Шклове разлічана на 1300 асуджаных, цяпер там знаходзіцца 1160, то бок перанаселенасці няма, мы сапраўды бачылі пустыя ложкі. Але псіхолагаў там ўсяго некалькі чалавек. Пры такім раскладзе не можа быць і гаворкі аб якаснай індывідуальнай працы. І мы заўсёды падымаем гэтае пытанне, таму што трэба рыхтаваць людзей да жыцця пасля вызвалення, з імі павінны рэгулярна працаваць псіхолагі".


Палітвязень Вітольд Ашурак, як напісана ў дакументах, памёр 21 траўня ў шклоўскай калоніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай смерці «спыненне сэрца», а цела выдалі з перабінтаванай галавой.

Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзідэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калоніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу за хуліганства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства