Затрыманні ў Беларусі: хроніка пераследу 19-21 чэрвеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Публікуем вядомыя факты палітычнага пераследу за 19-21 чэрвеня.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітычны пераслед у панядзелак 21 чэрвеня
Беларускія ўлады прыпынілі працу офісу Вярхоўнага камісара па правах чалавека ў Мінску. Вярхоўная камісарка Мішэль Бачэлет сама распавяла пра гэта. Яна дадала, што офіс быў «вакном супрацы», а сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца.
Яшчэ два тэлеграм-канала прызналі экстрэмісцкімі ў Беларусі. Суд Пінскага раёна і Пінска па заяве міжрайпракуратуры прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы каналаў «ПИНСК для ЖИЗНИ ЧАТ» і «Пинск 97%», паведамляе Генпракуратура. У каналах размяшчаліся "заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, каментары з абразамі і пагрозамі".
У палітвязняў пачалі патрабаваць кампенсацыю шкоды за «перакрыццё дарог» на пратэстах
Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна разглядалі грамадзянскія пазовы першага намесніка пракурора Мінска ў інтарэсах «Мінсктранса» да палітзняволеных Лявона Халатаряна і Арцёма Саўчука аб «кампенсацыі маёмаснай шкоды нанесенай злачынствам». Лявон 13 чэрвеня пачаў адбываць пакаранне па ч.1 арт. 342 КК— 2 гады «хіміі» ў вёсцы Сушкі ў Брэсцкай вобласці. Арцём адбывае пакаранне па ч.2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) —4 гады ўзмоцненага рэжыму ў шклоўскай калоніі №17.
Справы палітвязняў сёння разглядаў суддзя Мікалай Багамякаў. Пазоў да Арцёма складае 21 839 рублёў, да Лявона – 6 126 рублёў. Але суд па справе Халатаряна не адбыўся сёння. Суддзя Багамякаў аб’яднаў яго справу з іншым палітвязнем Сяргеем Брылём, асуджаным па ч.1 арт. 342 КК на 3 гады «хіміі». Разгляд пазова перанакіраваны ў суд Заводскага раёна — час пакуль невядомы.
Справу Арцёма Саўчука пачалі разглядаць сёння, але потым абвясцілі перапынак на месяц — да 20 ліпеня.
Таксама вядома, што 7 і 16 чэрвеня разглядалі аналагічны пазоў да палітзняволенага Арцёма Хвашчэўскага, але разгляд справы перанеслі ў суд Савецкага раёна. Арцём ужо адбывае пакаранне па ч.1 арт. 342 КК — 1 год у наваполацкай калоніі №1.
Мінюст патрабуе ад “Беларускай асацыацыі журналістаў” прадставіць “тысячы дакументаў” за апошнія 3,5 гады дзейнасці. І зрабіць гэта трэба за два дні.
“І мы не перабольшваем, калі кажам пра тысячы дакументаў. Сярод таго, што прапануецца прадаставіць у Мінюст, — спісы сябраў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і многае іншае”, — піша @bajby пра праверку.
16 лютага да іх завіталі супрацоўнікі СК, якія шукалі сляды “фінансавання пратэстнай дзейнасці”.
Сёння ў вёсцы Старое Сяло Жабінкаўскага раёна быў ператрус у Васіля Марчука.
Сёння днём была затрыманая журналістка-фрылансерка Марыя Арцыбашава, якая супрацоўнічае з «Белсатам», паведамляе @belsat. Больш за 6 гадзінаў яе пратрымалі ў гарадскім аддзеле міліцыі. Паводле інфармацыі, якую атрымалі родныя, яе зараз збіраюцца везці ў ІЧУ. У Машы ёсць няпоўнагадовы сын, якога яна выхоўвае адна.
Пазней яе выпусцілі — больш за 9 гадзінаў яе пратрымалі ў гарадскім аддзеле міліцыі.
Таксама ў Менску затрымалі Максіма Філіпава.
Палітычны пераслед на выходных 19 і 20 чэрвеня
У нядзелю, 20 чэрвеня, у Маладзечне затрымалі шэсць чалавек, сярод іх двое журналістаў «Рэгіянальнай газеты». Так, да камяня «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» каля 14 гадзін у маладзечанскі парк заехала міліцэйская газэль. Міліцыянты затрымалі шэсць чалавек. Затрыманне ажыццяўлялі, у тым ліку, людзі ў форме. Сярод затрыманых былі двое журналістаў «Рэгіянальнай газеты», адзін мужчына і тры жанчыны.
З затрыманымі праводзілі прафілактычныя гутаркі. У дзвюх затрыманых жанчын ёсць непаўнагадовыя дзеці. Журналістаў выпусцілі прыкладна праз дзве гадзіны. Астатнія затрыманыя заставаліся ў аддзяленні міліцыі.
У Мінску затрымалі Андрэя Ярошкіна. Меркавана, яго даставілі ў Ленінскае РУУС.
19 чэвреня каля санаторыя «Радон» каля Дзятлава затрымалі Віктара Мацкевіча. Прычына – БЧБ-сцяг на палатке. Ён адпачываў на прыродзе ў выходны дзень. Палатка стаяла ў лесе. Але гэта не перашкодзіла міліцыянтам расцаніць адпачынак мужчыны як «несанкцыянаванае пікетаванне». Затрыманне ажыццяўляў падпалкоўнік з Дзятлаўскага РАУСа У. І. Святоха.
У суботу ў Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю
19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі у кватэру сям'і Скаргі. Папярэдняя прычына зацікаўленасці міліцыі — налепка Пагоня на акне ў пакоі дачкі Яны.
Як распавялі суседзі сям'і, у момант прыходу супрацоўнікаў міліцыі дома быў адзін бацька — Алег Скарга. Сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў адкрылі дзверы ў кватэру.
"У пад'ездзе быў стук і крыкі. Яны [сілавікі] патрабавалі, каб ім адкрылі дзверы, казалі, што ёсць пастанова. Пазней бацькі вывелі. Яна [дачка] у гэты час у інстытуце здавала іспыт. Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так прымусілі адчыніць дзверы", — распавядаюць суседзі.
Жонка Святлана Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёна, каб высветліць абставіны здарэння і даведацца, што з яе мужам. Калі яна туды прыехала, то яе таксама затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дачцэ Яне з тэлефона Святланы і сказалі, што маму не выпусцяць, пакуль яна не прыедзе. Яна паехала ў Ленінскае РУУС, дзе яе таксама затрымалі. У гэты час жанчыну павезлі на ператрус у кватэру.
Раніцай у нядзелю 20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць тэлефон. На сустрэчу з дзяўчынай пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца затрымалі — на месцы сустрэчы былі супрацоўнікі міліцыі.
21 чэрвеня прайшлі суды ў судзе Ленінскага раёна над Алегам Скаргай і Андрэем Ярошкіным. Андрэя асудзілі на 15 сутак, меркавана, па артыкуле 19.3 КаАП (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення).
Справу Алега Скаргі разглядала суддзя Ленінскага раёна Інчына. На мужчыну склалі два пратаколы — ч. 1 арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. На працэс прыйшлі асабіста два супрацоўнікі Ленінскага РУУС, каб даць паказанні сведак супраць мужчыны. На судзе мужчына заявіў, што раскайваецца і прызнае віну. У выніку, Інчына адправіла справу на "дапрацоўку".
Яну і Святлану Скаргі выпусцілі на волю. Андрэй Ярошкін адбывае 15-сутачны арышт. 22 чэрвеня Алега Скаргу асудзілі на 25-сутачны арышт.
Абноўлена. Telegram-канал мінскай міліцыі сцвярджае: «Два мужчыны, названыя ў публікацыях, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, жанчыны не затрымліваліся. Газ супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі».