viasna on patreon

«Ён надзеў мне на галаву баксёрскі шлем, сабе – баксёрскія пальчаткі і пачаў біць…» Катаванні ў Фрунзенскім РУУС гэтай вясной

2021 2021-06-12T10:17:21+0300 2021-10-01T15:08:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошні месяц праваабаронцам “Вясны” сталі вядомыя тры выпадкі катаванняў і збіцця ў Фрунзенскім РУУСе Мінска. У кагосьці выбівалі паролі ад тэлефона, а для кагосьці гэта быў метад пакарання за пратэсную дзейнасць. Пасля публікацыі пра пагрозы і катаванні электрашокерам, стэплерам і звычанымі шнуркамі, да нас звярнуўся мінчук, які асабіста сутыкнуўся з гвалтам з боку сілавікоў у РУУСе Фрунзенскага раёна. Аляксандра (яго прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі) затрымалі ў пачатку траўня за расклейванне налепак, пасля чаго збівалі і катавалі ў Фрунзенскім РУУСе. Хлопца арыштавалі на 15 сутак па ч.1 арт. 24.23 КаАП. Аляксандр распавёў «Вясна назірае» пра жорсткае затрыманне, збіццё сілавікамі, катаванні ў РУУСе, суд і ўмовы ўтрымання для «палітычных» на Акрэсціна.

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

«Адвялі за дрэва і пачалі збіваць»

Увечары напачатку траўня Аляксандр расклейваў налепкі з БЧБ-сцягам на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Е. Полацкай. Калі хлопец ужо выйшаў з пераходу ў бок ГЦ "Скала", то да яго са спіны падышоў невядомы мужчына і паклаў руку на левае плячо. Аляксандр павярнуўся і ўбачыў, што яшчэ трое бягуць да яго з розных бакоў. Яго збілі з ног і павалілі на зямлю, зашпілілі рукі ў кайданкі, паднялі і адвялі за дрэва каля "Макдональдса". Там невядомыя ў цёмнай спартовай вопратцы і ў масках пачалі збіваць Аляксандра. Як распавядае хлопец, удары ў асноўным прыходзіліся па жываце і грудной клетцы. Першы з мужчын адразу нанёс тры ці чатыры ўдары. Колькі ўдараў дакладна нанеслі яшчэ двое – Аляксандр не памятае, але білі яны кулакамі па жываце і грудной клетцы, а нагамі ў вобласці сцёгнаў і галёнкі. Збіццё за дрэвам на Прытыцкага працягвалася каля 10 хвілін. На працягу ўсяго часу невядомыя задавалі яму пытанні (у якіх закрытых чатах сядзіш, у якіх маршах удзельнічаў, дзе тэлефон, дзе машина і г.д.), а калі адказы ім не падабаліся – білі. Таксама Аляксандр памятае, што адзін з іх фатаграфаваў яго на свой тэлефон.

Цягнулі ў РУУС двума пальцамі за ноздры

Праз 10 хвілін да іх пад’ехаў шэры бус, куды Аляксандра адвялі і паклалі на падлогу паміж пасажырскімі сядзеннямі. Увесь час бус не рухаўся, а збіццё ў бусе за “няправільныя” адказы на пытанні працягнулася: адзін з сілавікоў нанёс Аляксандру каля 20 удараў рукамі і нагамі па галаве, па жываце, па спіне, па канечнасцях; другі ўдарыў кулакамі каля пяці разоў па галаве і грудной клетцы; той, які знаходзіўся справа ад Аляксандра, ударыў тры разы па галаве і нанёс адзін удар нагой па назе хлопца.

Праз пару хвілін да іх прыехаў, як кажа Аляксандр, "іх камандзір", які яго не біў. Потым яны пайшлі да яго машыны, у якой сілавікі правялі агляд без Аляксандра і панятых. Там яны знайшлі налепкі і трафарэты. За гэтую "знаходку" Аляксандр атрымаў яшчэ тры ўдары нагамі па галаве і жываце. Машыну потым супрацоўнікі адвезлі ў двор РУУСа. Пасля гэтага хлопцу знялі кайданкі, але звязалі два вялікіх пальца сцяжкамі.

Бус нарэшце пачаў рухацца. Па дарозе ў Фрунзенскі РУУС хлопца здымалі на нагрудную відэакамеру “Дазор”. Прыкладна каля 01:00 яго прывялі ў аддзяленне, дзе на яго зноў надзелі кайданкі і пасадзілі на стул каля ўвахода ў кабінет. Аляксандра некалькі разоў выводзілі да яго машыны ў двор РУУСа, а ў адзін з разоў супрацоўнік цягнуў яго з РУУСа двума пальцамі за ноздры.

«Ён узяў электрашокер і пачаў біць ім па руках у вобласць кісцяў»

У кабінеце, акрамя Аляксандра, былі двое супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУСа ў цывільным, якія не паказвалі свае пасведчанні. Адзін з іх толькі складаў пратакол па адміністрацыйнай справе супраць Аляксандра па арт. 24.23 КаАП і назіраў за катаваннямі, але сам не збіваў. Ён прапанаваў хлопцу запісаць «пакаяльне» відэа, але Аляксандр адмовіўся.

«У сувязі з гэтым другі мужчына дастаў з сейфа, які стаяў паміж двума сталамі, баксёрскі шлем цёмна-чырвонага колеру з фрагментамі бэжавага колеру, баксёрскія пальчаткі, электрашокер і пярцовы балон. Ён надзеў мне на галаву баксёрскі шлем, сабе баксёрскія пальчаткі і пачаў наносіць удары мне па галаве ў вобласць правай і левай скроняў каля 5 разоў, пасля чаго я ўпаў на левы бок. Ён біў мяне спачатку нагамі па спіне ў раёне нырак і па нагах агулам было нанесена каля пяці удараў. Пасля гэтага ён мяне падняў, пасадзіў на крэсла і спытаў, ці будзем пісаць відэа. Я спытаў, што за відэа, на што мне адказалі, што я павінен назваць свае анкетныя дадзеныя, прызнацца ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і нешта яшчэ. Я зноў адмовіўся ад запісу, пасля чаго ён зноў пачаў збіваць, як я ўжо гаварыў вышэй [у баксёрскіх пальчатках]. Калі я ляжаў на падлозе, ён нанёс мне моцны ўдар па копчыку, у сувязі з чым я адчуў моцны боль. Пасля гэтага ён узяў электрашокер і пачаў біць ім па руках у вобласць кісцяў не менш за пяць разоў. Далей зноў пасадзілі мяне на крэсла. Пасля гэтага ён узяў пярцовы балон, але тады я пагадзіўся на запіс відэа за выключэннем некалькіх пунктаў», — распавядае Аляксандр.

Пасля збіцця ў кабінет зайшлі чацвёра супрацоўнікаў, якія затрымлівалі Аляксандра, і прапанавалі яму падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Заўвагаў таго, з чым хлопец быў не згодны, супрацоўнікі ўнесці яму не далі, а замест гэтага яго ўдарылі нагой па нагах, а потым і кулаком у правую скроню ўжо на выхадзе з кабінета. Лекара па просьбе хлопца не выклікалі, бо супрацоўнікі РУУСа сказалі, што "лекара няма".

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

«Яму прыпалілі паяльнікам галаву, каб ён сказаў код ад тэлефона»

Аляксандр распавядае, што ў Фрунзенскім РУУСе сустракаў і іншых, каго там збівалі і катавалі:

«Наогул склалася ўражанне, што ніхто нікога не саромеецца і не хаваецца. Усе ведаюць, што цябе б'юць. Гэта штодзённасць. Заходзілі міліцыянты ў форме і пыталіся: «А што ты такі памяты? Цябе што, білі?». І тут жа рагатаць... Дзіўная, канешне, карціна. Увесь час абражалі, прыніжалі, абсалютна ўсе з іх мацюкаюцца проста жах. У іх форма зносінаў такая. У мяне паняты быў з пацверджанай «каронай», дык яго кідалі па ўсіх камерах у дзяжурцы... Ну як заўжды: каронавірус у нас калі ёсць, а калі і няма. Быў са мной таксама хлопец Мікола, сеў за наркотыкі. У яго быў зламаны нос, таму яго вазілі ў бальніцу, штосьці паправілі, далі аспірын і нават ніякага фіксатара не паклалі, карацей, дыхаў ён ротам. Таксама, з яго словаў, яму прыпалілі два разы паяльнікам галаву, каб ён сказаў код ад тэлефона. Сляды на галаве ў яго былі. Былі з ім у РУУСе, а таксама нас разам перавозілі на Акрэсціна. Калі нас там ужо «афармлялі», яго ўдарыў супрацоўнік па твару тры разы за тое, што ён «багата размаўляе», але ён папрасіў толькі ўключыць святло ў «стакане».

За некаторыя налепкі білі больш жорстка

Аляксандр распавядае, што нават самі сілавікі «рагаталі над налепкамі, якія ў яго былі пры сабе ў момнт затрымання. Іх фатаграфавалі, бо яны ім вельмі спадабаліся, асабліва, стылізаваная арыенціроўка вышуку на Лукашэнку, бо «яны такіх яшчэ не бачылі». Але за некаторыя, па словах хлопца, білі больш жорстка, напрыклад, «за пеўня з дубінкай, закутанага ў дрот, які стаіць з чырвона-зялёным сцягам над лужыняй крыві».

Заяву аб збіцці ў Следчы камітэт Аляксандр не пісаў, бо «не бачыць у гэтым сэнсу» і ўпэўнены, што супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУСа не прыцягнуць да адказнасці. Калі хлопец даваў паказанні следчай у межах праверкі па крымінальнай справе, яна прасіла апісаць міліцыянтаў, якія яго збівалі, на што Аляксандр нават прапанаваў ёй прайсці па калідоры РУУСа і паказаць іх асабіста, каб яна сама на іх паглядзела, бо «навошта іх апісваць, калі можна ўбачыць?» Следчая, вядома, пасмяялася, але ісці адмовілася, бо «там разбяруцца».

Таксама ў Аляксандра правялі ператрусы, падчас якіх забралі ўсю тэхніку і нават машыну. Акрамя гэтага, па словах хлопца, у адрас яго і ягонай сям'і пагражалі.

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

«Я заявіў, што мяне збівалі, але суддзя Ярохіна сказала, што гэта не мае дачынення да справы»

Суд па адміністрацыйнай справе над Аляксандрам прайшоў толькі на трэці дзень пасля затрымання. Яго справу разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна. У рапарце міліцыянта было сказана, што “Аляксандр размяшчаў налепкі на Табакерку”. Налепкі, якія знайшлі ў хлопца, прадэманстравалі і слухачам. На іх былі надпісы "Помните. Сопротивляйтесь. Время пришло.", "Я выхожу", "КРАСАУЦЫ". На пытанне суддзі, з якой мэтай ён расклейваў налепкі, хлопец растлумачыў, што гэта былі яго “ўнутраныя жаданні, таму ён прыйшоў і расклеіў".

«Суддзе было дужа нецікава. Апагеям абсурду стала пытанне, чаму мае словы разыходзяцца з пратаколам, які я падпісаў, на што я заявіў, што мяне збівалі і не давалі ўнесці заўвагі ў пратакол. Але суддзя Ярохіна сказала, што гэта не мае дачынення да разглядаемай справы. Я гавару: Як гэта не мае, калі я тлумачу Вам на Вашае пытанне, што пратакол падпісаны пад прымусам і гвалтам, таму мае словы цяпер і адрозніваюцца ад пратакола. Яна вырашыла не заўважыць такі нюанс», — адзначыў Аляксандр,

Вынік – 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Асабіста мяне на Акрэсціна не білі, але бачыў як білі аднаго хлопца»

Распавёў Аляксандр таксама пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ і ЦІПе на Акрэсціна:

«На Акрэсціна ёсць асобны спіс «палітычных». Я заязджаў з трыцаццю крымінальнікамі і толькі мне не далі бялізну: на пытанне аднаго супрацоўніка "Чаму?", другі адказаў, што «ён  у спісе». Як толькі «палітычны» заязджае ў «хату», забіраюць усе матрасы і «ламаецца» пераключальнік святла дзень/ноч. Спаць у ІЧУ без матраса можна, бо там нары з дошак, а вось у ЦІПе жах, бо нары металічныя з пласцін як шахматы дзіравыя. На ЦІПе мне "пашанцавала", я сядзеў з крымінальнікамі, таму матрас і падушка былі, а насупраць была поўная камера «палітычных»: на 8 нар 16 чалавек, вокны зачынены, яны ў майтках, бо там проста лазня. Іх некалькі разоў на суткі залівалі хлоркай. «Шмон» у начы, ніводнай прагулкі, а таксама нас ні разу не выводзілі ў душ. Палову перадачы крадуць супрацоўнікі. У адной перадачы былі толькі «фанцікі», я не зразумеў спачатку, што за прыкалдэс, але тутэйшыя растлумачылі. Я ўжо пасля пытаў у родных, што яны перадавалі, а там нават і паловы не даходзіла. Апошнюю перадачу не аддавалі трое сутак нікому, аддалі, калі ўжо вызваляўся.

Асабіста мяне на Акрэсціна не білі, але бачыў як білі аднаго хлопца. Дзяўчынак не білі, але лаяліся на іх дай божа. Здаецца, што супрацоўнікі не ведаюць, што ў расейскай мове ў матаў ёсць цэнзурныя сінонімы. А дзяўчынкі і спявалі, і галадоўку ладзілі, і сварыліся, і патрабавалі пастаянна чагосьці! Падымалі настрой усяму прадолу!

Асобна хацеў бы сказаць пра харчаванне... Якасць ежы такая, што ўся камера перыядычна дрышча... Выбачайце за падрабязнасці, але мала таго, што абмежавана свабода, сабакі гэтыя равуць пастаянна, дык яшчэ і здароўе тваё вылятае ў парашу з неімавернай хуткасцю».

Жанчыне пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам, каб яна падпісала пратакол 

Напачатку чэрвеня жанчына (яе імя і прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі) вярталася дадому, калі разам з ёй у ліфт зайшлі два мужчыны. Ужо на яе паверсе гэтыя мужчыны заявілі, што яны з міліцыі і ідуць да яе, каб правесці ператрус. Па версіі аднаго з супрацоўнікаў міліцыі, жанчына «не пускала іх у кватэру, чым перашкаджала міліцыянерам», за што на яе склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. Падчас ператрусу ў мінчанкі канфіскавалі тэхніку, грошы з гаманца і каштоўнасці. Потым яе адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе на жанчыну склалі яшчэ адзін пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што яна падчас допыту нібыта «абразліва паводзіла сябе ў адносінах да супрацоўнікаў, нецэнзурна лаялася, раскідвала паперы на стале і кінула на падлогу аловак».

Жанчына на судзе ўсё адмаўляла. Яна распавяла суддзе Марыі Ярохінай, што ў РУУСе супраць яе з боку міліцыянтаў быў аказаны маральны ціск: ёй пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам. Жанчына дрэнна бачыць, і без акуляраў, якія ёй не дазволілі ўзяць з сабою, не можа нічога прачытаць. Таму яна папрасіла супрацоўнікаў прачытаць пратакол услых, на што атрымала адмову. Каб пазбегчы катаванняў, яна была вымушана падпісаць пратакол.

Відэакамеры на тэрыторыі РУУСа, як звычайна, «не працавалі». Па словах сведкі, нагрудных відэарэгістратараў у міліцыянтаў не было. Але сама жанчына дакладна памятае, што камера ўсё ж такі ў міліцыянта была.

У выніку, суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна, негледзячы на паказанні жанчыны і заяву пра ціск з боку супрацоўнікаў РУУСа, прызнала яе вінаватай і арыштавала па двух пратаколах на 25 сутак.

Па словах яшчэ адной затрыманай, два тыдні таму ва ўпраўленні жанчыну душылі яе ж шнуркамі і білі электрашокерам, каб прымусіць разблакаваць тэлефон. Суддзі на судовых працэсах на гэта ўвагу не звяртаюць і наадварот прысуджаюць максімальныя «суткі».

*Відэа катаванняў падчас жнівеньскіх падзей менавіта з Фрунзенскага РУУС з'явілася ў інтэрнэце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства