viasna on patreon

Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе па абвінавачванні Сяргея Моніча

2021 2021-06-11T13:07:26+0300 2021-06-11T13:09:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_kabinet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сяргей Моніч прысудам суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 2.04.2021 г.асуджаны за нанясенне надпісаў «АМАП – забойцы», «3%» па ч. 1 арт. 339 КК да 1 года пазбаўлення волі, за нанясенне надпісу «Кубракоў – фашыст» па арт. 369 КК да 3 месяцаў арышту, а таксама за захоўванне і перавозку наркатычнага сродку – марыхуаны масай 0,1 г без мэты збыту па ч. 328 КК да 2 гадоў пазбаўлення волі. Шляхам частковага складання пакаранняў яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў ВК ва ўмовах агульнага рэжыму.

У дачыненні да пераследу Сяргея Моніча па артыкулах 339 і 369 за нанясенне надпісаў пратэстнага характару мы, эксперты ПЦ «Вясна», у чарговы раз пацвярджаючы неаднаразова выказаныя праваабарончай супольнасцю патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесная заява ад 22 снежня 2020 г.), лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Моніча па арт. 339 і 369 КК палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.

Адносна асуджэння Сяргея Моніча па ч. 1 арт. 328 КК мы прыходзім да наступных высноў:

Факт захоўвання і перавозкі наркатычнага рэчыва ў судзе бокам абароны не аспрэчваўся. Гэта дзеянне з'яўляецца грамадска небяспечным і аднесена заканадаўцам да злачынных.

Разам з тым, КК Беларусі адносіць гэтае злачынства да менш цяжкіх, якія цягнуць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Дапускаецца прымяненне іншых мер крымінальнай адказнасці (Умоўнае асуджэнне, асуджэнне з адтэрміноўкай выканання пакарання) у парадку, устаноўленым КК.

Па звестках Вярхоўнага суда, у 2020 г. колькасць асуджаных па ч. 1 арт. 328 КК склала 1 344 асобы. З названай колькасці большая частка асоб - 791 або 58,9 % (у 2019 г. - 57,5%) асуджаныя да пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Колькасць асуджаных паводле ч. 1 арт. 328 КК з адтэрміноўкай выканання пакарання і ўмоўным непрымяненнем пакарання (арт. арт. 77 і 78 КК) у 2020 г. склала 21,7% або 291 асоба (у 2019 г. - 19,0 %).

Пазбаўленне волі па ч. 1 арт. 328 КК за 2020 г. прызначана 250 асобам або 18,6 % (у 2019 г. – 354 асобам або 22,8%).

Вывучэнне практыкі судоў паказвае, што пазбаўленне волі па ч. 1 арт. 328 КК прызначаецца пры рэцыдыве злачынстваў або здзяйсненні гэтага злачынства ў сукупнасці з іншымі цяжкімі злачынствамі.

Так, у адсутнасць палітычных матываў:

  • у 2021 годзе ў Мінску да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову быў асуджаны Цімафей Марозаў. Яго абвінавацілі ў набыцці 1,9609 грама гашышу, у набыцці, захоўванні і ўжыванні 0,0375 грама амфетаміну;
  • таксама ў г. Мінску абвінавачаны І. набыў у абвінавачанага Г. марыхуану агульнай масай не менш за 6,85 грама, астатнюю частку якога масай 6,85 грама, будучы ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, незаконна без мэты збыту захоўваў пры сабе і па месцы свайго жыхарства да моманту затрымання. Судом прызнаны вінаватым у незаконных без мэты збыту набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў і на падставе ч. 1 арт. 328 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады. Да абвінавачанага І. прыменены арт. 77 КК і выкананне прызначанага пакарання адтэрмінавана на тэрмін 2 гады;
  • у 2020 годзе Г., судзімы ў 2016 г. па ч. 1 арт. 328, арт. 107 (прымусовае лячэнне ад залежнасці) КК і яго сваячка Г., ч. 1 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь, набылі і захоўвалі 0,08 г. метадону. Па заключэнні экспертаў абодва пакутуюць наркаманіяй. Прысудам суда Г. і Г. прысуджаныя да пакарання ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 4 гады і 2 гады адпаведна без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Да іх ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння;
  • у Гомелі суд прысудзіў грамадзяніна да 3 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу за захоўванне 1,38 г. марыхуаны па ч. 1 арт. 328 КК. У студзені 2019 года мужчына быў асуджаны за падобнае злачынства на два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
  • 24.01.2018 судом Лёзненскага раёна пастаноўлены прысуд па крымінальнай справе па абвінавачванні грамадзяніна К. па ч. 1 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь. Ён абвінавачваўся ва ўчыненні незаконных без мэты збыту набыцці, захоўванні і перавозцы наркатычных сродкаў-4,7313 грама марыхуаны ў перыяд адбыцця прызначанага пакарання паводле ч. 1 арт. 328: у 2016 годзе К. ужо быў судзімы паводле ч. 1 арт. 328 КК да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ за тое, што ў сябе ў доме захоўваў марыхуану вагой больш за 80 грам. Судом па ч. 1 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады за захоўванне без мэты збыту нязначнай колькасці наркотыку – марыхуаны масай 0,1 г. з'яўляецца відавочна непрапарцыйным, неадэкватным правапарушэнню па працягласці і ўмовах пазбаўлення волі; мы таксама ўпэўненыя ў тым, што Сяргей Моніч быў пазбаўлены волі па гэтым складзе выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

У адпаведнасці з Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "Палітычны зняволены", палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо была прызнана вінаватай;
  2. d) асоба пазбаўлена волі выбарачна у параўнанні з іншымі асобамі.

Таму праваабарончай супольнасцю Сяргей Моніч павінен быць прызнаны палітычным зняволеным.

У дачыненні да гэтай групы палітычных зняволеных мы патрабуем неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных фактараў, якія паўплывалі на прысуд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства