Узімку праваабаронца Судаленка дапамог з дровамі шматдзетнай вясковай сям’і. Следcтва назвала гэта «арганізацыяй пратэстаў»
Прыяцелька палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымала ад яго ліст. Ён піша, што яму прад’явілі канчатковае абвінавачанне, і расказвае пра сваю «віну», перадае "Радыё Свабода".
Праваабаронца ў гомельскім СІЗА-3 ужо 138 дзён. У лісце, датаваным 31 траўня, ён паведаміў, што з пачатку чэрвеня пачынае знаёміцца з матэрыяламі справы. Канчатковае абвінавачанне яму прад’явілі 28 траўня, па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
«Памятаеш, як я ўзімку дапамог дровамі вясковай шматдзетнай сям’і? Следства гэта палічыла арганізацыяй пратэстаў. Таму што потым, у лютым, іх тата быў асуджаны за ўдзел у пратэстах», — піша з турмы праваабаронца.
Сапраўды, узімку Леанід Судаленка размясціў у сваім Facebook допіс, дзе прасіў неабыякавых людзей дапамагчы вяскоўцам набыць дровы, бо іначай шматдзетную сямʼю паставілі б у «сацыяльна-небяспечнае становішча». Пазней галаву сямʼі асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.
«Арганізацыяй дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» следства палічыла і допіс праваабаронцы ў Facebook з прапановай сустрэць з ізалятара часовага ўтрымання жыхарку Гомеля.
«Гэта значыць, што я арганізаваў натоўп і хацеў яго кантраляваць», — піша ў лісце Судаленка.
Апроч яго, абвінавачаныя па гэтай справе ягоныя памочніцы Марыя Тарасенка і Таццяна Ласіца. Марыя Тарасенка, паводле інфармацыі з ліста праваабаронцы, вінаватая ў «арганізацыі беспарадкаў», а менавіта ў тым, што «некалькі разоў пастаяла ў чарзе ў банку па маёй просьбе».
Паводле праваабаронцы, крымінальная справа складае 50–60 тамоў. У абвінавачанні прапісана дапамога 346 асобам, якім дапамагаў Судаленка.
«Уяві, калі іх усіх захочуць апытаць у судзе?», — піша ў лісце праваабаронца.
Пасля азнаямлення са справай яе перададуць у суд. Праваабаронца мяркуе, што суд пачнецца прыкладна ў сярэдзіне лета.
«Суд, потым перасуд... Да верасьня, да майго 55-гадовага юбілею скончу тут судовыя справы і паеду ў лягер на некалькі гадоў, вывучаць паглыблены курс „турэмнага права“», — піша праваабаронца.
Ён жартуе, што «ў выпадку ўзнікнення форс-мажору ўгаворваць мяне вярнуцца дадому не давядзецца».
«У мяне пачынаецца халоднае лета 2021, як і для ўсёй краіны», — дадае арыштаваны.
Леаніду не дазволілі спаткання з сям’ёй.
Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці: Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |