viasna on patreon

З пачатку года па "палітычных артыкулах" асудзілі мінімум 78 студэнтаў. Як беларускія ўлады за пратэсты пераследуюць студэнтцтва

2021 2021-06-03T09:13:25+0300 2021-06-03T10:16:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/studenty_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Ніхто не забараняе вам казаць, выказваць меркаванне можна, трэба абавязкова, але недапушчальна пераходзіць рысу закона", – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнцкай моладдзю 29 студзеня. 

Спачатку пратэстаў у Беларусі студэнты сталі адной з самых рэпрэсаваных супольнасцяў. Многія студэнты былі кінутыя на «суткі», аштрафаныя, некаторыя пасля адлічэнняў з навучальных установаў пакінулі краіну, некаторыя выехалі на рэабілітацыю пасля катаванняў праз удзел у мірных акцыях пратэстаў, а многія сталі фігурантамі крымінальных справаў. «Вясна назірае» распавядае, колькі беларускіх студэнтаў пацярпелі ад палітычнага пераследу па адміністрацыйных справах з пачатку 2021 года, і за што іх пераследуе дзяржава.

Па “палітычных артыкулах” асудзілі мінімум 78 студэнтаў

Па інфармацыі, якую набылі нашыя валанцёры і валанцёркі падчас назірання ў судах,  з 1 студзеня было асуджана па “палітычных артыкулах” мінімум 78 студэнтаў. Больш за ўсіх пацярпелі ад рэпрэсій студэнты сталічных БДУ, БНТУ і БДУІРа. З 77 студэнтаў былі аштрафаныя толькі 16 студэнтаў на 464 – 2900 рублёў. Агулам дзяржаве студэнты былі павінны выплаціць амаль 27 724 рубля. Астатніх 61 студэнтаў арыштавалі па розных артыкулах на 7-30 сутак. Агулам усе яны ўтрыліваліся за кратамі 994 сутак – гэта каля трох гадоў. Самае распаўсюджанае пакаранне сярод беларускіх студэнтаў за ўдзел у мітынгах – 15 сутак.

  • 36 студэнтаў асудзілі на 15 сутак арышту;
  • семярых студэнтаў – на 25 сутак;
  • чатырох – на 30 сутак;
  • адну студэнтку – на 7 сутак;
  • траіх – на 10 сутак;
  • дваіх – на 11 сутак;
  • чатырох – на 12 сутак;
  • траіх – на 13 сутак;
  • дваіх – на 14 сутак;
  • шэсць студэнтаў былі аштрафаваныя на 2900 рублёў (100 базавых);
  • чатыры – на 1450 рублёў (50 базавых);
  • яшчэ чатыры на – 870 рублёў (30 базавых);
  • дваіх студэнтаў аштрафавалі на 580 рублёў (20 базавых) і 464 рубля (16 базавых).

Сярод асуджанных ёсць студэнты ВДМУ, БДМУ, ВДТУ, БДЭУ, БДТУ, МДЛУ, БДАМ, МДЭІ імя Сахарава, МІПСА. Некаторыя са студэнтаў былі адлічаныя пасля затрымання. Сярод іх былі студэнты, якія мусілі ў гэтым годзе атрымаць дыпломы, але гэтага так і не адбылося.

Разбіраемся, што значыць "перайсці рысу закона" па меркаванні Лукашэнкі. За што судзяць беларускіх студэнтаў?

Прынялі ўдзел у велагонке

Восем студэнтаў былі затрыманыя 16 траўня на Цнянскім водасховішчы перад пачаткам велагонкі Toure de Tsna. Усіх затрыманых абвінавацілі «ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, шляхам выкрыквання лозунгу "Жыве Беларусь"». На іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП. Чатырох студэнтаў арыштавалі на 10-12 сутак, яшчэ чатырох аштрафавалі на 1450 рублёў (50 базавых).

Прыйшлі на суд падтрымаць палітзняволеных па «справе студэнтаў»

Пяцерых студэнтаў асудзілі за падтрымку фігурантаў "справы студэнтаў" 14 траўня перад Домам правасуддзя. Падчас разгону жадаючых трапіць на суд затрымалі чатырох студэнтаў БДУ і аднаго студэнта БДЭУ. Па пратаколе, студэнты “пікетавалі на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу Дома правасуддзя, выказваючы палітычныя інтарэсы і сваё стаўленне да таго, што адбываецца падчас судовага паседжання”. На самай справе, студэнты проста прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў, аднакурснікаў і аднакурсніц, якіх цяпер утрымліваюць за кратамі. У выніку, чатырох студэнтаў аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых), а адну дзяўчыну арыштавалі на 30 сутак.

Зрабіла фотаздымкі перад судом

31 траўня на 30 сутак арыштавалі студэнтку журфака БДУ Глафіру Жук. Дзяўчыну затрымалі 29 траўня, за «пікетаванне перад будынкам суда і выказванне сваіх палітычных інтарэсаў, што было выяўлена шляхам маніторынгу сацыяльнай сеткі 28 траўня». Гаворка ідзе пра фотаздымкі, якія Глафіра зрабіла перад пачаткам «хапуна» каля суда, дзе 14 траўня павінен быў пачацца разгляд «справы студэнтаў». На судзе ў якасці «рэчыўных доказаў» прадэманстравалі скрыншоты з публікацый на яе старонцы ў Facebook: фотаздымак кед, зробленны пасля таго, як Глафіра ўцякала падчас «разгону» каля Дома правасуддзя, а таксама фотаздымкі людзей, якія стаяць каля суда

Былі падпісаным на “няправільныя” тэлеграм-каналы

Студэнта БНТУ 27 сакавіка затрымалі па дарозе дадому з універсітэта. Яго спынілі супрацоўнікі АМАПу і папрасілі паказаць тэлефон. У выніку, хлопца затрымалі, бо супрацоўнікам нешта не спадабалася ў яго тэлефоне. Суддзя не паверыў хлопцу, што той не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве нават пасля таго, як ён працытаваў змест лекцый, якія былі ў гэты дзень. Нягледзячы на памылкі ў пратаколе, студэнта асудзілі на 15 сутак.

Пікетавалі” налепкамі

Яшчэ чатырох студэнтаў асудзілі за налепкі. У дваіх студэнтаў БДУ налепкі былі на ноўтбуку. Гэта заўважылі пры аглядзе перад фестывалем БДУ. На іх вызвалі супрацоўнікаў АМАПу і затрымалі.  Яшчэ адну студэнтку затрымалі па дарозе ва ўніверсітэт. Налепкі ў яе былі з сабой пры затрыманні. Адну студэнтку арыштавалі, дзякуючы званку «неабыякавага грамадзяніна» ў міліцыю са скаргай на налепку на яе аўтамабіле. Супрацоўнікі міліцыі расцанілі размяшчэнне налепак, як несанкцыянаванае пікетаванне, таму дваіх студэнтаў арыштавалі на 15 сутак, а яшчэ дваіх аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых).

Шпацыраваў па Сурганава

18-гадовага студэнта БДУІРа затрымалі падчас "хапуна" на вуліцы Сурганава 27 сакавіка. Яго адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе трымалі ў "стакане" цэлых шэсць гадзін і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Студэнта БДУІР абвінавацілі ў пікетаванні шляхам узняцця рукі і выкрыкванні лонзунга "Жыве Беларусь". Увечары таго дня яго перавезлі на Акрэсціна, дзе хлопцу стала дрэнна з-за трывожнасці, але замест медыцынскай дапамогі яму далі толькі дзве таблеткі "валяр'янкі". Хлопец расказаў, што ішоў па Сурганава па сваіх справах і не прымаў удзел у пікетаванні. Вынік – 15 сутак.

Здымаў затрыманне

23-гадовага студэнта БНТУ затрымалі 25 сакавіка. Ён ішоў па праспекце каля ЦУМа, калі ўбачыў затрыманні. Хлопец вырашыў гэта сфатаграфаваць, пасля чаго пачаў спускацца ў метро. Гэта заўважылі супрацоўнікі і вырашылі яго затрымаць. У Заводскім РУУС на хлопца склалі адразу два пратаколы: па арт. 24.23 і 24.3 КаАП, а суддзя пакарала яго 25-сутачным арыштам.

Сфатаграфаваліся з плакатам «Свабоду палітзняволеным студэнтам» у будынку ВДМУ

Студэнтак 2-га курсу ВДМУ затрымалі за акцыю на пятым паверсе будынку ВДМУ, якую яны правялі ў падтрымку зняволеных навучэнцаў ВНУ. Дзяўчаты сфатаграфаваліся з БЧБ-сцягам і плакатамі з надпісамі: «Свабоду Яну Салановічу!», «Свабоду палітзняволеным студэнтам!». Адну студэнтку пакаралі 10-сутачным арыштам, а другую штрафам у памеры 16 базавых велічыняў.

Паставіла свечку ў памяць аб ахвярах Чарнобыльскай катастрофы

Студэнтку МДЛУ затрымалі ўвечары 26 красавіка на плошчы Свабоды. У РУУСе на яе склалі пратакол па арт.24.23 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам "выкрыквання правакацыйных лозунгаў каля праезнай часткі". На судзе яна распавяла, што прыйшла да касцёла на плошчы Свабоды, каб паставіць свечку. Дзяўчына пастаяла некалькі хвілін каля касцёла і збіралася сыходзіць, але ў гэты момант да яе падышоў супрацоўнік АМАПу і папрасіў паказаць дакументы, пасля чаго ёй "прапанавалі" праехаць у РУУС. У выніку, студэнтку арыштавалі на 15 сутак.

Вывесіў БЧБ-сцяг на акне ў інтэрнаце

1 чэрвеня студэнта 3 курса гістфака БДУ затрымалі ў інтэрнаце. Падставай для затрымання стаў вывешаны БЧБ-сцяг на акне. 2 червеня хлопца арыштавалі на 15
сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства