Затрыманы Барыс Хамайда, адвакатка Пратасевіча скардзіцца ў Генпракуратуру: хроніка палітычнага пераследу 27 траўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае 27 траўня збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Адвакатка Рамана Пратасевіча падала ў Генпракуратуру скаргу, у якой патрабуе сустрэчы і медыцынскага агляду палітвязня.
У скарзе Інэса Аленская напісала, што ўжо два дні не можа трапіць да падабароннага, і просіць прыняць захады пракурорскага рэагавання.
Адно хадайніцтва юрыстка падала ва ўпраўленне Следчага камітэту Мінску, другое — факсам у Камітэт дзяржбяспекі, паведамляе Радыё Свабода.
Палітзняволеная Сафія Сапега стала падазраванай яшчэ і па па ч.3 артыкула 130 КК — "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці", паведамляе "Еўрарадыё".
Па гэтым артыкуле ёй пагражае да 12 гадоў турмы. Ранейшыя артыкулы - 342 КК Беларусі (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства) - да трох гадоў пазбаўлення волі; 293 КК Беларусі (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады) - да 15 гадоў пазбаўлення волі.
За абразлівыя каментары ў адрас загінулых у Баранавічах пілотаў затрыманыя 20 чалавек Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1», піша Tut.by.
«Затрыманыя, якія дазволілі сабе абразлівыя каментары, гэта пастаянныя ўдзельнікі пратэстнага руху, падпісчыкі экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, некаторыя ў мінулым судзімыя».
Паведамляецца, што гаворка ідзе пра артыкул «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК, што прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі).
Таксама паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Андрэя Байгіна і Святланы Аганавай.
Віцебск
У Віцебску ў чарговы раз затрыманы актывіст Барыс Хамайда.
Штодня ў цэнтры гораду ён распаўсюджвае беларускую літаратуру, газеты і часопісы, піша Белсат.
Барысаў
Сёння раніцай у Барысаве затрыманы Аляксей Кандратовіч. Да яго прыехалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку з Мінска. Пакуль ягонае месцазнаходжанне невядомае.
Рэчыца
Прадпрымальніка з Рэчыцы Дзяніса Шылянка затрымалі сёння ў Гомелі. На 9 гадзін раніцы 27 траўня яго выклікалі ў Рэчыцкі РАУС нібыта для азнаямлення з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні за дробнае хуліганства.
27 траўня зраніцы Дзянісу патрэбна было па справах паехаць у Гомель. Ён паехаў туды з сябрамі, якія папрасілі яго папутна падвезці, каб вырашыць нейкія пытанні. А 10-й гадзіне раніцы Дзяніс паспеў паведаміць Палескай Вясне: «Забралі ў Гомелі. Сяджу ў Цэнтральным РАУС».
Хворую на анкалогію пенсіянерку, што напісала перадсмяротны ліст, затрымала міліцыя.
Міліцыянты патлумачылі гэта тым, што ў сувязі з яе думкамі пра самагубства яе трэба дапытаць.
Нагадаем, 65-гадовую Людмілу Хлусевіч будуць судзіць за абразлівы каментар пад допісам пра міліцыянта з Вялейкі. За апошнія паўгода пенсіянерка з анкалагічнаю хваробаю (у яе лейкоз) перажыла ператрус, каля 10 допытаў, правяранне ў адной крымінальнай справе і абвінавачванне ў другой.
У чаканні суда жанчына напісала цыдулку на выпадак сваёй заўчаснай смерці.
Мазыр
«Вясне» стала вядома, што трох палітвязняў-фігурантаў «мазырскай справы» па жнівеньскіх падзеях вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Гэта Вадзім Свінтэцкі, Сяргей Гадыеў, Уладзімір Панфіленка. Яны застаюцца падазраванымі па гэтай крымінальнай справе.
5 траўня прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне 11 чалавек, 10 з якіх, па версіі сілавікоў, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года. Хлопцаў затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і САХРу. Відэа жорсткага затрымання з’явілася ў тэлеграм-канале прэс-сакратаркі МУС.
Астравец
Матэрыялы Telegram-канала "Астравец для жыцця" прызнаны экстрэмісцкімі. Рашэнне прыняў суд Астравецкага раёна па заяве пракурора раёна.
Копія рашэння суда накіравана ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння Telegram-канала ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша s13.ru.
Бяроза
27 траўня суд Бярозаўскага раёну часова пазбавіў па ініцыятыве судовых выканаўцаў белаазёрца Уладзіміра Зубрыцкага права выезду з РБ і права кіравання аўтамабілямі. Пастанову вынесла суддзя Людміла Рудзіна. Зубрыцкі на працягу менш як 20 дзён пасля ўступлення ў сілу пастановы Бярозаўскага суда пра пакаранне Зубрыцкага па ч.3 арт. 23.34 штрафам у 40 б.в. ня здолеў цалкам заплаціць штраф за нібыта ўдзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", бо мусіў заплаціць яшчэ папярэдні штраф.
Выканаўцы апісалі ў Зубрыцкага разабраны аўтамабіль і частку маёмасці ягонай сям'і (жонка і 2 непаўналетніх дзяцей 4-х і 6-ці гадоў), але сумы апісанай маёмасці недастаткова для кампенсацыі штрафу....
Інфармацыя будзе дапаўняцца.