Паўла Севярынца прызналі схільным да нападу на адміністрацыю турмы
Палітвязня Паўла Севярынца прызналі схільным да нападу на адміністрацыю. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Пяць дзён таму Вольга Севярынец распавяла, што палітыка-палітвязня паставілі ў магілёўскай турме на ўлік як экстрэміста, піша "Новы Час".
«Паўлу Севярынцу дадалі яшчэ адну "медальку" — прызналі схільным да нападу на адміністрацыю, — напісала Вольга. — Цяпер усе перасоўванні па турме ў кайданках. Нічога нечаканага, як кажуць, але прыемнага мала.
А яшчэ мой непахісны рыцар на праверках, калі трэба назваць імя і артыкул, кажа "незаконна асуджаны Севярынец", пагражаюць яму за гэта карцарам, але я ведаю, што ён не перастане.
А мы?
Сёння 347 дзён як Паша не дома».
Суд над Паўлам Севярынцам і сябрамі «Еўрапейскай Беларусі» пачаўся 12 траўня ў Магілёве ў закрытым рэжыме. На тых, хто прыйшоў падтрымаць вязняў, а таксама журналістаў у першы дзень суда міліцыянты і АМАП зладзілі сапраўднае паляванне, некалькі чалавек затрымалі і адправілі на суткі за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года на шляху дахаты з пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Спачатку палітык 75 сутак правёў на Акрэсціна, дзе на знак пратэсту парэзаў сабе рукі. Потым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Яму прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя масавых беспарадкаў».
Палітвязень Павел Севярынец