viasna on patreon

Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да Беларусі з запытам аб сітуацыі з праваабаронцамі і работнікамі СМІ

2021 2021-05-17T19:15:15+0300 2021-05-17T19:15:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan_zajava2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спецдакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў, Працоўная група па адвольных затрыманнях, Спецдакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Спецдакладчык па правах людзей з інваліднасцю, Спецдакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказвання, Спецдакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і свабоду ўдзелу ў аб'яднаннях, Спецдакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў, Спецдакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з крыміналізацыяй дзейнасці праваабаронцаў і работнікаў СМІ ў Беларусі.

У сваім запыце спецдакладчыкі звяртаюць увагу ўрада на атрыманую інфармацыю аб далейшай крыміналізацыі дзейнасці праваабаронцаў і работнікаў СМІ ў Беларусі. Многія з іх абвінавачваюцца ў эканамічных злачынствах або былі пазбаўленыя права на свабоду выказвання меркавання з-за таго, што яны падтрымлівалі або асвятлялі пратэсты, якія праходзілі па ўсёй краіне са жніўня 2020 года. Або з-за таго, што аказвалі дапамогу мірным дэманстрантам, актывістам грамадзянскай супольнасці або журналістам пасля выбараў у жніўні 2020 года.

У прыватнасці, у лісце змяшчаецца інфармацыя аб справах юрыстаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблевского, аб справе "Прэс-клуба", справах праваабаронцаў ПЦ "Вясна" Марыі Рабковой, Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка, аб справе журналіста і праваабаронцы Андрэя Аляксандрава.

Спецдакладчыкі выказалі занепакоенасць выпадкамі жорсткага абыходжання і парушэнняў належнай прававой працэдуры ў дачыненні да праваабаронцаў, журналістаў і работнікаў СМІ.

"Мы нагадваем ўраду аб абсалютнай забароне адвольных затрыманняў і аб неабходнасці своечасовага прадастаўлення доступу да прававой дапамогі. У выпадку з Сяргеем Драздоўскім і Алегам Граблеўскім мы глыбока занепакоеныя меркаваным жорсткім абыходжаннем з імі падчас допыту пад ілжывай падставай супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Мы асцерагаемся, што іх крымінальны пераслед і меркаванае жорсткае абыходжанне можа быць рэакцыяй на іх супрацоўніцтва з арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека. Мы таксама занепакоеныя адсутнасцю разумных умоў утрымання, прадастаўленых Сяргею Драздоўскаму, які карыстаецца інвалідным вазком, падчас яго сямігадзіннага допыту, а таксама паведамленнямі аб тым, што Алега Граблеўскага прымусілі зняць адзенне падчас допыту. Акрамя таго, мы занепакоеныя новымі абвінавачваннямі, выстащленымі супраць Марыі Рабковай, якія, па ўсёй бачнасці, з'яўляюцца следствам яе ўдзелу ў ініцыятывах грамадзянскай супольнасці і законным ажыццяўленне яе права на свабоду меркаванняў і іх свабоднага выказвання".

Таксама спецдакладчыкі згадваюць спробы ўладаў Беларусі абмежаваць свабоду выказвання меркаванняў у краіне.

"Мы выказваем заклапочанасць з нагоды росту колькасці выпадкаў, калі праваабаронцы аказваюцца звязанымі пагадненнямі аб неразгалошанні. Пры неналежным выкарыстанні пагаднення аб неразгалошанні інфармацыі абмяжоўваюць свабоду выказвання меркаванняў і законную працу праваабаронцаў, журналістаў і работнікаў СМІ, прадухіляючы і крыміналізуючы абмен інфармацыяй і маніторынг захавання правоў чалавека. Мы занепакоеныя тым, што ўлады Беларусі спрабуюць заглушыць усе формы іншадумства, крыміналізуючы як тых, хто ажыццяўляе свае асноўныя правы, так і тых, хто працуе над іх абаронай. Такія дзеянні, калі яны накіраваныя супраць праваабаронцаў, юрыстаў і журналістаў, ствараюць атмасферу немагчымасці ажыццяўлення правоў чалавека, калі парушэнні такіх правоў застаюцца незаўважанымі і беспакаранымі".

Спецдакладчыкі просяць урад:

  • даць любую дадатковую інфармацыю або каментары па згаданых крымінальных справах;
  • даць інфармацыю аб юрыдычных і фактычных падставах, па якіх Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму прад'яўленыя абвінавачванні ў махлярстве па артыкуле 209 КК, і растлумачыць, як гэта ўзгадняецца з абавязацельствамі Беларусі па міжнародным праве. Таксама даць інфармацыю аб фактах жорсткага абыходжання з імі;
  • паведаміць аб мерах, якія прымаюцца для забеспячэння таго, каб усе людзі, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі, маглі ў поўнай меры ажыццяўляць і абараняць свае правы ў Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека;
  • даць інфармацыю аб юрыдычных і фактычных падставах, па якіх Юліі Слуцкай, Сяргею Альшэўскаму, Ганне Шарко і Пятру Слуцкаму прад'яўленыя абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў;
  • даць юрыдычна і фактычна падмацаваную інфармацыю, згодна з якой Леанід Судаленка абвінавачваецца паводле часткі 1 і 2 артыкула 342 КК РБ, і патлумачыць, як гэта адпавядае абавязанням паводле законаў міжнароднага права;
  • даць інфармацыю пра прычыны, чаму Леанід Судаленка, Юлія Слуцкая, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко, Сяргей Якупаў, Пётр Слуцкі, Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі не мелі доступу да сваіх адвакатаў падчас допыту;
  • даць юрыдычна і фактычна падмацаваную інфармацыю аб новых абвінавачваннях супраць Марыі Рабковай і патлумачыць, як яны адпавядаюць абавязацельствам паводле законаў міжнароднага права;
  • паказаць любыя меры, прынятыя для прадухілення запалохванняў або рэпрэсій, у тым ліку, дзе гэта неабходна, шляхам прыняцця і рэалізацыі канкрэтнага заканадаўства і палітыкі для эфектыўнай абароны тых, хто імкнецца да супрацоўніцтва або супрацоўнічаў з арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, яе прадстаўнікамі і механізмамі ў галіне правоў чалавека.

Поўны тэкст звароту спецдакладчыкаў ААН да беларускай дзяржавы (неафіцыйны пераклад на рускую мову).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства