У Магілёве затрыманыя журналісты. Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі 12 траўня Дапоўнена
12 траўня Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу: затрыманні, вобшукі і іншыя формы рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
У Магілёве каля будынку абласнога суда, дзе праходзіць судовае пасяджэнне ў закрытым рэжыме над палітзняволенымі Ірынай Шчаснай, Яўгенам Афнагелем, Максімам Вінярскім, Андрэей Войнічам, Паўлам Севярынцам, Паўлам Юхневічам і Дзмітрыем Казловым, быў затрыманы журналіст Deutsche Welle Аляксандр Буракоў.
Таксама быў затрыманы журналіст Уладзімір Лапцэвіч і каардынатар «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Алег Аксёнаў.
Падтрымаць палітзняволеных прыйшло каля 40 чалавек, піша тэлеграм-канал MAYDAY, але за 20 хвілін да пачатку пасяджэнне ўсіх слухачоў працэса выгналі з будынку суда.
"Беларускі дом друку" адмовіўся друкаваць газету Intex-press. Дагавор быў скасаваны друкарняй у аднабаковым парадку 9 траўня.
Упершыню за 26 гадоў баранавіцкая недзяржаўная газета Intex-press не выйшла, піша БАЖ.
Раней выданне аштрафавалі за інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай.
Праваабаронцам вядома, што ўчора - 11 траўня - у Мінску быў затрыманы Цімур Галкоўскі. Яго даставілі ў ЦІП нібыта адбываць арышт, які быў прызначаны хлопцу яшчэ ў верасні.
У Гомелі затрымалі Міхаіла Лапенаса.
У Віцебску быў затрыманы Руслан Яневіч. Яго даставілі ў РУУС Чыгуначнага раёна.
Як піша "Брэсцкая Вясна", сёння ўвечары каля ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста людзі сустракалі тых, каго затрымалі 9 траўня: Абрамука Дзмітрыя, Кучко Мікалая, Чарвінскую Марыну. У нейкі момант адбыўся канфлікт паміж актывісткай Аленай Гнаук і супрацоўнікамі ІЧУ. Жанчыну затрымалі.
Інфармацыя будзе дапаўняцца