Маскі, сардэчкі, лампадкі каля храму: што яшчэ трапіла ў спіс "забаронкі" для беларусаў у красавіку (+інфаграфіка)
Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум 210 асуджаных у красавіку па адміністрацыйных справах, звязаных з акцыямі пратэсту, па ўсёй Беларусі. З іх 68 чалавек аштрафаваныя агулам на 111 215 рублёў (3835 базавых велічыняў). Беларускія суды арыштавалі 131 чалавека тэрмінам ад 5 да 30 сутак. Агулам за адзін месяц суддзі арыштавалі па «палітычных адміністрацыйках» на 2059 сутак, што атрымліваецца больш за 5 гадоў. Справы яшчэ мінімум 20 чалавек адправілі на дапрацоўку або спынілі праз даўнасць правапарушэння. "Вясна назірае" склала спіс дзіўных і недарэчных прычын, за якія беларусаў каралі ў красавіку, а валанцёры и валанцёркі "Вясны" падрыхтавалі інфаграфіку па адміністрацыйных судах за красавік.
11 чалавек арыштаваныя відэаролікі
Былога супрацоўніка БМЗ і чальца незалежнага прафсаюзу Дзмітрыя Яфрэмава арыштавалі за выказванне ў відэароліку, якое супрацоўнікі міліцыі палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам і склалі на мужчыну пратакол па арт. 24.23 КаАП. Жлобінскі раённы суд арыштаваў жлобінца на 15 сутак.
Шасцярых стачкамаўцаў «Нафтана» арыштавалі за ўдзел у запісу відэароліка ў падтрымку галасавання на платформе «Голас». Мясцовыя міліцыянты разгледзелі ў гэтым пікетаванне, таму склалі на ўсіх пратаколы па арт. 24.23 КаАП. Сяргей Лапуноў, Андрэй Шкірэнка, Аляксандр Капшуль, Аляксей Драбіцкі, Аляксандр Сакалоў адбылі 15-сутачныя арышты, а Аляксандра Кухаронка арыштавалі адразу на 20 сутак. 29 красавіка стала вядома пра затрыманне яшчэ траіх стачкамаўцаў за гэты відэаролік: Ігара Бутоўскага, Віктара Акасевіча і Сяргея Лазарэнкі. 30 красавіка іх арыштавалі на 15 суток.
Таксама за выказванне ў інтэрвью асудзілі і Дзмітрыя Кучука — кіраўніка партыі «Зялёныя». У размове з «Еўрарадыё» Дзмітрый сказаў, што збіраецца 26 красавіка прайсці ад Акадэміі навук да вуліцы Сурганава, але на думку міліцыянтаў, жаданне пакласці кветкі ў памяць ахвярам катастрофы на ЧАЭС — гэта заклік да массавых мерапрыемстваў. Суддзя Марыя Ярохіна арыштавала палітыка на 15 сутак.
За пратэст вопраткай па "схеме БЧБ"
На 63-гадовага Сяргея Котава склалі пратакол нібыта за тое, што ён на балконе сваёй кватэры вывесіў дзве белыя майкі, а паміж імі чырвоную куртку. Сяргей распавёў суду, што ідэя з БЧБ-вопраткай належыць ягонай жонцы, а сам ён дома вывесіў для сябе дзяржаўны сцяг. Але часам, па яго словах, для прыгажосці ён усё ж такі падвешваў да БЧБ-вопраткі жонкі зялёны ручнік. У выніку, суддзя Фрунзенскага раёну Млечка адправіў справу Котава на дапрацоўку.
За заклік без часа і месца да шпацыру ў Глыбокім
За заклік у тг-чаце да шпацыру 25 сакавіка жыхарку Глыбокага Кіру Кісялёву аштрафавалі ў красавіку на 60 базавых велічыняў (1740 рублёў). Па пратаколу, жанчына праз тэлеграм заклікала жыхароў горада да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Сама Кіра гэта адмаўляла і звярнула ўвагу, што ў «закліку» нават не былі адзначаны канкрэтны час і месца, але суддзю Станіслава Трапука запэўніць у гэтым так не ўдалося.
За БЧБ-налепкі на багажніку аўтамабіля, акне і паштовай скрыні
31-гадовага жыхара Новай Баравой Мікіту Кодзіса абвінавацілі ў пікетаванні шляхам налепкі з выявай кулака, сэрца і знака «Віктары» на яго паштовай скрыні. Гэтыя ж налепкі былі і на астатніх скрынях, але жыхары гэтых кватэр сваёй віны не прызналі. Мікіта таксама адказаў, што налепку размясціў толькі на сваю скрыню. Хлопец нядаўна перанёс аперацыю і яму неабходныя асобыя ўмовы для жыцця, таму суддзя Мінскага раёна Новікава «пайшла насустрач» і аштрафавала Мікіту на 100 базавых велічыняў (2900 рублёў).
Налепка з Пагоняй на багажніку аўтамабіля памерам 5*7 сантыментраў каштавала Уладзіміру Умецкаму 2 320 рублеў (80 базавых велічыняў). Такое рашэнне 30 красавіка вынесла суддзя Савецкага раёна Жуковіч, якую цікавіла, ці ведае Уладзімір гісторыю герба Пагоня. Ці ведае яна, што герб Пагоня з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якой можна ўпрыгожваць нават багажнік аўтамабіля — таямніца.
40-гадовага Дзяніса Музыкіна супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа затрымалі 28 красавіка за налепкі на акне ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў у БЧБ-расфарбоўцы. На мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, а 29 красавіка яго справу разглядзела суддзя Марыя Ярохіна. Згодна з пратаколам, Дзяніс "прыняў удзел у пікетаванні, шляхам размяшчэння на акне налепак у выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі формаўтваральных БЧБ-сцяг, а таксама вывесіўшы на балконе ручнікі бел-чырвона-белага колеру для дэманстрацыі грамадзянам сваіх палітычных інтарэсаў". У выніку, суддзя Ярохіна прызнала Дзяніса вінаватым па ч.1 арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 13 сутак.
Маска, у якой «цяпер хадзіць нельга»
Можна быць, напрыклад, наогул рызыкоўным і прайсці ў чорнай масцы з маленькай выявай Пагоні міма буса з супрацоўнікамі міліцыі, як гэта зрабіў 29-гадовы Аляксей Есіс. Па пратаколе, хлопца абвінавачвалі ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве ў групе з пяці чалавек. Па словах Аляксея, 26 красавіка ён выйшаў з офіса і ішоў па паркоўцы, калі невядомы ў цывільным выскачыў з буса, схапіў са спіны за плячо і павёў у бус. Там яму супрацоўнік сказаў, што "на ім маска, з якой цяпер хадзіць нельга, таму яны яго і затрымалі". Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, што асабіста бачыў удзел у акцыі Аляксея сярод астатніх людзей, але ці затрымлівалі яшчэ кагосьці — успомніць не змог.
Суддзя Вікторыя Шабуня праглядзела відэа з камер назірання, якое даказвае словы Есіса, таму адправіла справу на дапрацоўку і адпусцілі на волю.
Флюгер з чорным вершнікам на даху дома
Пратакол па арт. 24.23 КаАП на Рамана Вайткевіча склалі за пікетаванне шляхам размяшчэння на даху прыватнага дома, які будуецца ў Калодзішчах, флюгера ў выглядзе Пагоні. На самой справе, па словах Рамана, флюгер ў выглядзе вершніка — чорны. Але суддзю Казлову гэта не збянтэжыла, таму яна аштрафавала Вайткевіча на 1450 рублёў (50 базавых).
34-гадовага Яўгена Жука затрымалі ўвечары 16 красавіка ў сваім доме ў вёсцы Антонаўка пад Мінскам. Міліцыянты таксама правялі агляд дома. Падставай для затрымання Жука стала "несанкцыянаванае адзіночнае пікетаванне шляхам паштовай скрыні бел-чырвона-белага колеру, не менш за 8 налепкамі на вокнах другога паверха, флюгерам у выглядзе вершніка "Пагоня", банерам на плоце дома са словамі: "Мы разам" і выявай знака "Віктары", сарцэйка і сціснутага кулака". Яўген на судзе адзначыў, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць фотадоказы размешчаных налепак на акне дома і банэра на плоце. Таксама мужчына распавёў на судзе, што ягоная паштовая скрыня ў такіх колерах ўжо тры гады. У выніку, суддзя Крапачоў прызнаў мужчыну вінаватым па ч.1 арт. 24.23 КаАП і асудзіў да 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту.
За прафілактычную гутарку, на якую забралі наўпрост з працы
24-гадовую Крысціну Марчанку 23 красавіка затрымалі супрацоўнікі ў цывільным у рэстарацыі, дзе дзяўчына працуе. У Цэнтральным РУУСе яе пасадзілі ў камеру і сказалі чакаць пратакол. Спачатку ёй прынеслі пратакол па арт. 24.23 КаАП нібыта за ўдзел у масавым мерапрыемстве ўвечары 14 красавіка, з якім Крысціна не пагадзілася. Тады ёй прынеслі новы протакол, але ўжо па арт. 24.3 КаАП. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам каля РУУСа, якое доўжылася 15 секунд. Суддзі Вікторыі Шабуне здалося гэта дастатковым і яна арыштавала Марчанку на 5 сутак.
Запальванне лампадкі і свечкі каля храму
У Беларусі можна запаліць лампадкі каля храму, парушыўшы закон аб масавых мерапрыемствах. Віцеблянкі Марыя Амасовіч і Лізавета Кірыенка, на думку міліцыянтаў, правялі несакцыянаванае пікетаванне, запаліўшы на прыступках Уваскрасенскага храму ў Віцебску лампадкі чырвонага колеру 26 красавіка. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў віну дзяўчын даказанай, таму арыштаваў Марыю на 20 сутак, а Лізавету пакараў 10-сутачным арыштам.
У Ленінскім судзе Мінска разглядзелі справы затрыманых мінчукоў 26 красавіка. Юрыя Ланкевіча і Анастасію Вайтовіч затрымалі на плошчы Свабоды. У РУУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам "выкрыквання правакацыйных лозунгаў каля праезнай часткі".
На судзе Анастасія распавяла, што прыйшла да касцёла на плошчы Свабоды, каб паставіць свечку. Але касцёл ужо быў зачынены, таму дзяўчына пастаяла некалькі хвілін каля яго і збіралася сыходзіць. Але ў гэты момант да яе падышоў супрацоўнік АМАПу і папрасіў паказаць дакументы, пасля чаго ёй "прапанавалі" праехаць у РУУС. Суддзя Ленінскага суда Юлія Шут палічыла жаданне паставіць свечку несанкцыянаванай акцыяй і арыштавала Анастасію на 15 сутак.
35-гадовага навуковага супрацоўніка Акадэміі навук Юрыя Ланкевіча затрымалі напярэдадні перадабароны яго кандыдацкай. Са словаў акадэміка, перад затрыманнем ён курыў на прыпынку на плошчы Свабоды. Каля 20:30 да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі паказаць заплечнік, у якім знайшлі лампадку. Гэта стала прычынай яго затрымання. У матэрыялах справы былі дапушчаныя памылкі, але гэта не спыніла суддзю Інчыну арыштаваць Юрыя на 15 сутак.
БЧБ-скрыня ад тэлевізара LG
27-гадовага Андрэя Пархоменку 26 красавіка затрымалі дома і адвезлі ў Ленінскае РУУС. Прычынай затрымання стала БЧБ-скрыня ад тэлевізара LG. У РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Па пратаколе Андрэй "у неўстаноўлены перыяд часу прыняў удзел у пікетаванні, размясціўшы папяровае палатно бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона". Віну сваю Пархоменка не прызнаў, бо па яго словах, скрыню пакінулі мінулыя жыхары. У матэрыялах справы маецца чорна-белае фота скрыні, але суддзя Юлія Інчына вырашыла запытаць у супрацоўнікаў РУУСа каляровае відэа. У выніку, суддзя Інчына адправіла справу Андрэя "на дапрацоўку".
«Сардэчны» пераслед жыхароў Новай Баравой: 300 базавых і 87 «сутак» на дзесяцерых
21-23 красавіка ў "пратэстным" пасёлку Новая Баравая прайшлі затрыманні жыхароў у іх уласных кватэрах. Затрымання праходзілі ўвечары каля 20:00-22:00. У дамах праходзілі ператрусы/агляды, а на жыхароў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве або пікетаванні. На судзе нашым валанцёрам і валанцёркам стала вядомая прычына «хапуна» – сардэчкі на вокнах. Менавіта такая фармуліроўка гучала нават і ў пастановах на агляды. Валанцерам і валанцеркам "Вясны" вядомы наступныя прысуды жыхарам Новай Баравой:
- 32-гадовага праграміста Сямёна Корабава за 10 сардэчак пакаралі 10-сутачным арыштам.
- 39-гадовага Аляксандра Геранскага аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (2900 рублёў) за «пікет трыма белымі сардэчкамі»
- 27-гадовы Дзмітрый Гатоўскі асуджаны за пяць чырвоных сардэчак і 2 белых ліста А4 на 7 сутак арышту.
- Аляксея Парошына ў якого шукалі сардэчкі, але замест гэтага знайшлі толькі БЧБ-сцяг і асудзілі на 30 сутак арышту.
- 31-гадовага Паўла Бадзілоўскага пакаралі штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў) за 11 белых сардэчак.
- Сяргей Самусевіч адбыў 10-сутачны арышт за 6 белых сардэчак.
- 24-гадовы Павел Берашэвіч, які «меў намер выказаць толькі сваю любоў усім грамадзянам», адбыў 10-сутачны арышт за 7 белых сардэчак.
- 28-гадовага Арцёма Шклярыка арыштавалі на 10 сутак за 5 белых сардэчак.
- 55-гадовага Валерыя Кузьменка аштрафавалі на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў) за 2 белых сардэчка.
- 25-гадовага Эдгара Акініса за сардэчкі арыштавалі на 10 сутак.
Таксама праваабаронцы "Вясны" падрыхтавалі інфаграфіку па судовым працэсам за красавік
*Інфармацыя сфарміраваная з паведамленняў на гарачую лінію арганізацыі, з адкрытых крыніц і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым, назіранняў за судамі і не з'яўляецца канчатковай.