Затрымалі спартоўца, знік старшыня партыі “Зялёныя”: хроніка палітычныга пераследу 27 красавіка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Грамадзянаў забіраюць з дома, затрымліваюць на дваравых маршах, адбываюцца вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Да вядомага баскетбаліста зборнай Беларусі Аляксандра Куля прыйшла міліцыя. Цяпер спартсмен не адказвае на званкі. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена.
Аляксандр быў адным з першых падпісантаў ліста спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары.
Старшыня партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук з учорашняга дня не выходзіць на сувязь. Недасяжны яго асабісты тэлефон, а таксама тэлефон офіса партыі.
Нагадаем, учора ў мінскі офіс партыі ламіліся невядомыя, паведамляў тэлеграм-канал Еўрарадыё. Кучук знаходзіўся там адзін і не мог выйсці.
Пазней стала вядома, што Дзмітрыя Кучука арыштавалі на 15 сутак. Яго справу па арт. 24.23 КаАП разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.
Яшчэ адзін телеграм-чат прызнаны "экстрэмісцкім": на гэты раз «Баранавічы-97%». Генпракуратура паведамляе, што Ленінскі суд Берасця прызнаў тэлеграм-чат "Баранавічы-97»" экстрэмісцкім. 21 красавіка заяву аб прызнанні матэрыялу экстрэмісцкім разглядаў суддзя Андрэй Канючка.
Следчым упраўленнем УСК па горадзе Мінску завершана расследаванне шматэпізоднай крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да палітвязня Сцяпана Латыпава, паведамляе сайт СК.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы ў жніўні 2020 года абвінавачваны аб'яднаў вакол сябе групу грамадзян для сумеснага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі сталіцы. Для выканання сваёй злачыннай мэты ён стварыў у мэсэнджары Telegram чат, у якім заклікаў яго ўдзельнікаў да стварэння дваровай супольнасці з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве.
Па завяршэнні расследавання дзеянні фігуранта кваліфікаваныя па:
арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);
арт. 363 (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);
арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Да абвінавачванага прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
У кватэру да Крысціны Вітушкі сёння доўга тэлефанавалі спачатку ў дамафон, а потым у кватэру двое мужчын у чорных джынсах, чорных куртках і капюшонах паверх кепак. Як напісала Крысціна пасля іх сыходу ў фэйсбуку, яны званілі моўчкі (калі і перамаўляліся між сабой, то знакамі альбо вельмі ціха). Сышлі хвілін 15 таму.
Затрыманая ўчора ў Віцебску Елізавета Кірыенка змагла патэлефанаваць маці і паведаміць, што ў яе кватэры быў вобшук, сама яна зараз пад арыштам, кватэра апячатаная. У чацвер яе будуць судзіць па адміністрацыйнай справе, але магчымы і крымінальны пераслед.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.