viasna on patreon

Блогера Маслоўскага абвясцілі ў вышук, "трасуць" барысаўскіх актывістаў: пераслед за 6 красавіка ў Беларусі Дапоўнена

2021 2021-04-06T19:58:00+0300 2021-04-06T21:40:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maslouski_devby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў аўторак, 6 красавіка, працягвае збіраць факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Цэнтральны апарат Следчага камітэта паведаміў пра абвяшчэнне ў вышук грамадзян, якія схаваліся ад органа крымінальнага пераследу. Тэлеграм–канал СК называе іх прозвішчы:

Фрунзенскім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь адшукваецца блогер Маслоўскі Мікалай Аляўцінавіч.

Мікалай Маслоўскі. Фота dev.by
Мікалай Маслоўскі. Фота dev.by

Цэнтральным (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь аб'яўлены ў вышук Макарэвіч Андрэй Аляксандравіч.

Ленінскім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь адшукваецца 20-гадовы Краснапераў Данііл Фёдаравіч.


У кватэру да вядомай праваабаронцы і каардынатара праектаў Human Constanta Эніры Браніцкай спрабуюць трапіць сілавікі. Яны адключылі электрычнасць.Таксама па месцы жыхарства яе бацькоў  абываўся ператрус. Пра гэта паведамляе Human Constanta.

branickaja-2.jpg
Эніра Браніцкая.

Як паведамляе "Медиазона", ператрус у Браніцкай праводзілі па справе аб масавых беспарадках (артыкул 293 КК). У выніку ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Саму Браніцкую не затрымалі, а выклікалі на допыт у галоўнае следчае ўпраўленне заўтра ў 11 гадзін раніцы.


У Барысаве 6 красавіка па месцы жыхарства мясцовых актывістаў адбываюцца вобшукі і агляды. Меркавана, гэта звязана з правядзеннем флэшмобу на Брылёўскім полі са сцягамі, які абыўся  некалькі дзён таму. У аднаго дакладна вынялі кампутар, пра астатніх пакуль невядома. Сітуацыя высвятляецца.


Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", затрыманая ўчора Таццяна Гацура-Яворская з'яўляецца  падазраванай па ч.3 арт. 293 КК "Фінансаванне беспарадкаў".

Таццяна — маці чатырох дзяцей і арганізатарка шматлікіх культурных ініцыятыў, сярод якіх фестывалі дакументальнага кіно, грамадскае аб'яднанне "Звяно" і нядаўняя выстава-трыб'ют медыкаў, якія змагаюцца з кавідам "Машына дыхае, а я — не".


У кватэры журналіста «Настоящего времени» Рамана Васюковіча адбыўся ператрус.

Ордэр на вобшук выдала пракуратура ў межах праверкі па крымінальным артыкуле за «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці».

Ператрус праводзілі працаўнікі Менскага АУС на паветраным транспарце, яны шукалі экстрэмісцкую літаратуру і сімволіку. У выніку нічога не знайшлі і не забралі, піша Белсат.


У Наваполацку затрымалі яшчэ аднаго ўдзельніка стачкі на прадпрыемстве «Нафтан» Аляксандра Сакалова. Пра гэта паведаміў стачкам на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Паведамляецца, што ён быў затрыманы па справе відэароліка, знятага ў падтрымку галасавання на платформе «Голас», піша "Віцебская Вясна".


Кіраўніка АГП Мікалая Казлова не выпусцілі з Акрэсціна пасля 15 сутак арышту. Пра тое, што ён не выйдзе сёння, Анатолю Лябедзьку паведаміў працаўнік ізалятару, піша "Белсат".


Галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Міколу Канановіча выклікаюць у міліцыю.У позве не сказана, у якой якасці і па якой справе спадара Канановіча выклікаюць у міліцыю. Як паведаміў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Мікола Канановіч, вусна ўчастковы Гусар сказаў яму, што размова будзе тычыцца забранай раней на праверку міліцыяй камп’ютарнай тэхнікі рэдакцыі “ГС”, а таксама яго цяперашняй пасады ў “Газеце Слонімскай”.


Учора позна ўвечары ў Мінску быў затрыманы Ягор Берсенеў.

Праваабаронцам паведамілі, што да затрыманага ставіліся як да жывёлы, ён трапіў у бальніцу з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, страсеннем мозгу, моцнымі ўдарамі, гематомамі па ўсім целе, падазрэннем на разрыў унутраных органаў.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства