viasna on patreon

#WeStandBYyou: Новыя “хросныя” для беларускіх палітвязняў

2021 2021-02-15T16:37:41+0300 2021-02-15T16:37:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nicolas_walder.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў краінаў ЕС, Вялікабрытаніі і Швейцарыі, а таксама прадстаўнікі Еўрапарламента.

hildegard-bentele.jpg

Дэпутатка Еўрапарламента Хільдэгарда Бентэле стала “хроснай” Яна Фалькіна. Яна заявіла:

“Я вельмі занепакоеная пастаянным прыгнётам беларусаў, якія патрабуюць сваё законнае права вырашаць свой лёс на свабодных і дэмакратычных выбарах. Я патрабую спыніць гвалт, які здзяйсняецца незаконным рэжымам Лукашэнкі, і неадкладна вызваліць палітычных зняволеных, такіх як Ян Фалькін, які быў затрыманы 30 верасня 2020 года і абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках)”.

monika-hohlmeier.jpg

Дэпутатка Еўрапарламента Моніка Хольмаер будзе “хроснай” Ірыны Шчаснай. Яна заявіла:

“У мірнай барацьбе за дэмакратыю тысячы адважных жанчын і мужчын у Беларусі рашуча кідаюць выклік жорсткаму рэжыму дыктатара Лукашэнкі. Ірына Шчасная - адна з гэтых бясстрашных і смелых змагароў. Я глыбока паважаю мужнасць гэтай маладой маці ў адстойванні свабоды дэманстрацый і будучыні сваёй краіны праз працу ў Telegram-каналах, нягледзячы на ўсе небяспекі. Як хросная Ірыны Шчаснай я патрабую яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Гвалт супраць мірных дэманстрантаў, падаўленне свабоды слова і сходаў і зняволенне невінаватых грамадзян у Беларусі павінны неадкладна спыніцца”.

mathias-stein.jpg

Дэпутат Бундэстага Маціяс Штайн падтрымаў Цімура Рызапура. З гэтай нагоды спадар Штайн заявіў:

“Павага да правоў чалавека, свабодныя выбары і вяршэнства закона з'яўляюцца краевугольнымі камянямі дэмакратыі. Мы рашуча падтрымліваем і салідарныя з народам Беларусі і патрабуем вызвалення ўсіх пратэстоўцаў і актывістаў, якія былі незаконна затрыманыя і ўтрымліваюцца ў зняволенні. Цімур Рызапур, хросным якога я стаў, таксама знаходзіцца ў СІЗА з 30 верасня 2020 года нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Несправядлівасць, гвалт і прыгнёт беларускага народа павінны скончыцца. Цімур мусіць быць вызвалены!”

Дэпутат Бундэстага, намеснік старшыні нямецка-беларускай парламенцкай групы Олівер Качмарэк узяў на сябе абавязкі “хроснага” Вікторыі Гранкоўскай. Ён заявіў:

“Каб падтрымаць намаганні па вызваленні Вікторыі Гранкоўскай, я ўзяў на сябе абавязкі яе “хроснага”. Я патрабую, каб гэтая студэнтка была вызваленая. Іншыя мае патрабаванні відавочныя: вызваленне ўсіх палітвязняў, неадкладнае спыненне гвалту і рэпрэсій супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама свабодныя і справядлівыя новыя выбары”.

baroness-crawley.jpg

Баранэса Крысцін Кроўлі, якая з’яўляецца дэпутаткай брытанскай Палаты лордаў, стала “хроснай” Дзмітрыя Жэбуртовіча. Яна заявіла:

“Я вельмі занепакоеная бяспекай Дзмітрыя Жэбуртовіча. Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна вызваліць Дзмітрыя Жэбуртавіча і прызнаць, што яны не могуць працягваць знішчаць свабоду слова і прыцягваць да крымінальнай адказнасці сваіх грамадзян”.

Вэндзі Чэмберлен, дэпутатка брытанскай Палаты абшчын, стала “хроснай” Паўла Дразда. З гэтай нагоды спадарыня Чэмберлен заявіла:

“Беручы прыклад з іншых парламентарыяў з усёй Еўропы, я “ўсынаўляю” Паўла і заклікаю ўрад Беларусі забяспечыць вызваленне Паўла. Ніхто не павінен быць пакараны за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, асабліва ў абарону дэмакратыі”.

Тоні Лойд, дэпутат брытанскай Палаты абшчын, падтрымаў Дар'ю Чульцову. Ён заявіў:

“Я ганаруся тым, што падтрымліваю Дар'ю Чульцову ў яе барацьбе за справядлівасць. Яе “злачынства” - быць журналісткай, якая імкнецца данесці праўду да жыхароў Беларусі і па-за яе межамі. Гэта зусім не злачынства, а тое, што мы чакаем ад журналістаў. Яе барацьба звязаная з тымі, хто змагаецца за лепшую Беларусь пасля фальшывых вынікаў леташніх прэзідэнцкіх выбараў. Яе затрыманне шакуе, і я заклікаю беларускія ўлады вызваліць яе і прызнаць, што менавіта яна з'яўляецца сапраўднай патрыёткай у жаданні лепшай і больш праўдзівай Беларусі”.

Нікалас Вальдэр, дэпутат Швейцарскай нацыянальнай рады, стаў “хросным” Віктара Акцістава. Ён заявіў:

“Жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў у Беларусі недапушчальныя. Ва ўмовах павелічэння колькасці злачынстваў у галіне правоў чалавека ў гэтай краіне я магу толькі выказаць сваю поўную салідарнасць з людзьмі, якія штодня змагаюцца за сваю свабоду. Я таксама заклікаю вызваліць усіх палітвязняў. Сярод іх 20-гадовы студэнт з Мінску Віктар Акцістаў, які быў збіты і асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі проста за ўдзел у мірнай дэманстрацыі. Ён мусіць быць неадкладна вызвалены!”

Дэпутат Бундэстага, старшыня Камітэта па справах Еўрапейскага саюза Гюнтэр Крыхбаўм стаў “хросным” Алега Граблеўскага. З гэтай нагоды спадар Крыхбаўм заявіў:

“У канстытуцыйнай дзяржаве кожны чалавек мае права на юрыдычную дапамогу. Менавіта такую дапамогу аказваў людзям з інваліднасцю юрыст Алег Граблеўскі з грамадскай арганізацыі “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. Гэтая дзейнасць, відавочна, коле вочы беларускаму рэжыму. Я заклікаю ўлады ў Мінску неадкладна вызваліць Алега Граблеўскага і яго калегу Сяргея Драздоўскага”.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства