Адміністрацыйны пераслед у Беларусі за студзень 2021 года (інфаграфіка)
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай актывістаў Валанцёрскай службы адсочаваў факты адміністрацыйнага пераследу ў студзені 2021 года: затрыманні на мірных акцыях пратэсту і за вывешаныя бела-чырвона-белыя сцягі на вокнах і іншую сімволіку, а таксама судовыя працэсы над пратэстоўцамі.
Так, праваабаронцам вядома, што ў студзені па палітычных матывах было затрымана не менш за 873 чалавекі, з іх не менш за 391 — жанчыны, 475 — мужчыны.
Не менш за 709 чалавек было затрымана ў Мінску і Мінскай вобласці, 37 — у Віцебскай вобласці, 27 — у Гомельскай вобласці, 22 — у Брэсцкай вобласці, 19 — у Гродзенскай вобласці, 14 — у Магілёўскай вобласці.
Таксама вядома пра затрыманне шасці непаўналетніх. Самы малодшы затрыманы - 13-гадовы Цімур Н. Самымі сталымі затрыманымі аказаліся 72-гадовыя Святаслаў К. і Аляксандр Б.
У першым месяц 2021 года было вынесена не менш 489 пастановаў суда ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. Арыштам пакараныя 304 чалавекі, штрафам — 137, двое — арыштам і штрафам. 40 пратаколаў адпраўлена на дапрацоўку, і толькі 6 адміністрацыйных справаў спынена.
173 чалавекі пакараныя арыштам на тэрмін ад 15 да 22 сутак, 24 чалавекі пакараныя максімальным арыштам на 25 сутак (без уліку паўторных арыштаў), 10 чалавек — штрафам у 50, адзін — у 70 базавых велічынь;
Топ-3 рэпрэсіўных суддзяў выглядае наступным чынам:
- Дзмітрый Карсюк вынес 23 пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці,
- Марыя Ярохіна — 20 пастаноў,
- Максім Трусевіч — 17 пастаноў.
Суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Мінска Дзмітрый Карсюк ва ўсіх магчымых выпадках прызначаў арышт на тэрмін ад 13 да 25 сутак, а маці непаўналетніх і пенсіянерку, якім па законе нельга было прызначыць арышт, пакараў штрафамі ў 50 і 30 базавых велічынь адпаведна.
Спынілі адміністрацыйныя справы суддзі Анастасія Ачалава (адна справа), Вераніка Барысава (дзве) і Уладзімір Царыкаў з Віцебска, які спыніў тры з пяці разгледжаных справаў.
*Інфармацыя сфарміраваная з паведамленняў на гарачую лінію арганізацыі, з адкрытых крыніц і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым, назіранняў за судамі і не з'яўляецца канчатковай.
Падрабязная інфармацыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў месячным аглядзе:
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2021
Калі вы былі падвергнутыя адміністрацыйнаму пераследу і вам неабходна дапамога - звяртайцеся ў "Вясну".
Таксама праваабаронцы прапануюць запоўніць анкеты пра ўмовы ўтрыманне ў ізалятары і справядлівасць судовага працэсу.