viasna on patreon

У Юліі Слуцкай, Арцёма Сарокіна і яшчэ сямі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія “хросныя”

2021 2021-02-06T15:03:04+0300 2023-07-27T14:56:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malcolm-byrne.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў з некалькіх краінаў ЕС і Вялікабрытаніі. У кампаніі на дадзены момант удзельнічаюць ужо 139 парламентарыяў з Германіі, Швейцарыі, Ірландыі, Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, а таксама прадстаўнікі Еўрапарламента.

“Хросных” атрымалі Юлія Слуцкая, Кацярына Андрэева, Вітольд Ашурак, Арцём Сарокін, Сяргей Крыўчэня, Арцём Міцук, Кім Самусенка, Аляксандр Цярэшка і Уладзіслаў Гуліс.

Джым О’Калаган, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі, стаў “хросным” Арцёма Сарокіна. Ён заявіў:

“Я падтрымліваю доктара Арцёма Сарокіна. Ён знаходзіцца ў зняволенні, таму што расказаў журналістцы, якая таксама апынулася за кратамі, пра прычыну смерці Рамана Бандарэнкі, які быў жорстка збіты міліцыяй і ў выніку памёр у бальніцы 12 лістапада 2020 года. Менавіта Сарокін абвергнуў ілжывую версію аб тым, што Раман памёр з-за траўмаў, атрыманых пры падзенні ў стане алкагольнага ап'янення”.

Джым О’Калаган, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі
Джым О’Калаган, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі

Дэпутат Еўрапарламента Бары Эндрус падтрымаў Сяргея Крыўчэню. Ён заявіў:

“Я падтрымліваю кампанію #WeStandBYyou. Я асуджаю працяг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і ў знак салідарнасці падтрымліваю палітычнага зняволенага Сяргея Крыўчэню. Хоць я вельмі вітаю прысуджэнне Еўрапейскім парламентам прэміі Сахарава дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, гэтая ўзнагарода падкрэслівае, што працяг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі патрабуе далейшай рэакцыі Еўрапарламента. Захады, зробленыя ЕС і дзяржавамі-удзельніцамі супраць рэжыму Лукашэнкі, недастатковыя. Трэба рабіць больш!”

Дэпутат Еўрапарламента Бары Эндрус
Дэпутат Еўрапарламента Бары Эндрус

Францыска Рызер, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады, стала “хроснай” Арцёма Міцука. З гэтай нагоды спадарыня Рызер заявіла:

“Я падтрымліваю людзей у Беларусі, якія працуюць на карысць справядлівай дэмакратыі, заснаванай на прынцыпах вяршэнства закона, а таксама дзеля свабодных і сумленных выбараў. Рэпрэсіўныя меры супраць мірных дэманстрантаў непрымальныя. Арцём Міцук удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту пасля жнівеньскіх выбараў, якія не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Ён, як і многія іншыя, рэалізаваў сваё права на мірныя сходы і свабоду слова. За свой удзел дваццацігадовы хлопец быў затрыманы і да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА. Я патрабую неадкладнага вызвалення Арцёма Міцука”.

Францыска Рызер, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады
Францыска Рызер, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады

Марціна Мунц, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады, будзе “хроснай” Юліі Слуцкай. Яна заявіла:

“Я салідарная з людзьмі, якія выступаюць за свабоду слова, дэмакратыю, вяршэнства закона і правы чалавека. Я разам з прыгнечаным народам Беларусі і патрабую неадкладнага спынення гвалту, вызвалення ўсіх палітвязняў і правядзення новых сумленных выбараў пад міжнародным назіраннем. У прыватнасці, я патрабую вызвалення Юліі Слуцкай і бяру на сябе абавязак быць яе “хроснай”. Яна мужная журналістка, заснавальніца беларускага “Прэс-клуба” і прыхільніца свабоды слова.”

Марціна Мунц, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады
Марціна Мунц, дэпутатка Швейцарскай нацыянальнай рады

Дэпутатка Еўрапарламента Дэлара Бурхардт узяла шэфства над Кацярынай Андрэевай. Яна заявіла:

“Незалежнасць прэсы і абарона журналістаў у Беларусі не проста небяспечныя — крытыка ўладаў у медыях небяспечная для жыцця рэпарцёраў. Зняволенне журналісткі тэлеканала "Белсат" Кацярыны Андрэевай непрымальнае і падкрэслівае парушэнні законнасці з боку беларускага ўрада. Я патрабую неадкладнага вызвалення рэпарцёркі Андрэевай, якая ўтрымліваецца пад вартай з 15 лістапада 2020 года, і ўсіх астатніх палітвязняў!”

Дэпутатка Еўрапарламента Дэлара Бурхардт
Дэпутатка Еўрапарламента Дэлара Бурхардт

Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі, стаў “хросным” Вітольда Ашурка. З гэтай нагоды сп. Хогі заявіў:

"Я бяру шэфства над беларускім палітвязнем Вітольдам Ашуркам. Адзінымі яго «злачынствамі» былі выступы супраць шкоднай вытворчасці шклаваты і ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага”.

Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі
Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн, ніжняй палаты Ірландыі

Мэры Сіры Керні, дэпутатка Сенад Эрэн, верхняй палаты парламента Ірландыі, стала “хроснай” Кіма Самусенкі. Сенатарка заявіла:

“Я разам з народам Беларусі і заклікаю вызваліць незаконна затрыманых зняволеных, уключаючы мужнага Кіма Самусенку.”

Мэры Сіры Керні, дэпутатка Сенад Эрэн, верхняй палаты парламента Ірландыі
Мэры Сіры Керні, дэпутатка Сенад Эрэн, верхняй палаты парламента Ірландыі

Ірландская сенатарка Івана Бачык падтрымала Аляксандра Цярэшку. Яна заявіла:

“Як сенатарка у ірландскім парламенце, я падтрымліваю беларускіх палітвязняў і з радасцю буду апекавацца Аляксандрам Цярэшкам, які знаходзіцца ў зняволенні з верасня 2020 года”.

Ірландская сенатарка Івана Бачык
Ірландская сенатарка Івана Бачык

Абавязкі “хроснага” Уладзіслава Гуліса ўзяў на сябе ірландскі сенатар Малкальм Бірн. З гэтай нагоды сп. Бірн заявіў:

“Я рады падтрымаць вязня сумлення Уладзіслава Гуліса, як і паказаць сваю падтрымку барацьбе за дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства закона, якая працягваецца ў Беларусі”.

Ірландскі сенатар Малкальм Бірн
Ірландскі сенатар Малкальм Бірн

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства