Ператрусы ў Беларусі: хроніка пераследу за 4 лютага Дапоўнена
4 лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Драгічын
Як паведамляе "Першы рэгіён", супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у жыхара Драгічына, кіроўцы-міжнародніка Аляксандра Камісарчука. Ён сам знаходзіўся ў рэйсе за мяжой у момант правядзення ператрусу. Падчас ператрусу дома была яго жонка.
Яна патлумачыла Аляксандру, што супрацоўнікі міліцыі прад'явілі санкцыю на ператрус. Супрацоўнікі цікавіліся, дзе Аляксандр Камісарчук, а таксама, дзе яго тэлефон.
Ператрус быў звязаны са справай Драгічынскага журналіста-палітвязня Сяргея Гардзіевіча, якому выстаўленае абвінавачванне ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.
У доме Аляксандра Камісарчука канфіскавалі сістэмны блок кампутара, які належыць яго дзецям.
Аляксандр Камісарчук — былы супрацоўнік міліцыі, цяпер дальнабойнік, адміністратар Драгічынскага вайбер-чата і чатаў дальнабойнікаў. Пасля выбараў 13 жніўня яго затрымалі недалёка ад Драгічына і судзілі па двух пратаколах — за несанкцыянаваную акцыю і дробнае хуліганства. Камісарчук адбыў 25 сутак арышту. Па справе Драгічынскага журналіста Сяргея Гардзіевіча раней прайшлі ператрусы ў яго калег у Ганцавічах і Івацэвічах.
Мінск
Па інфармацыі "БАЖ", у кватэры 89-гадовай маці арыштаванай перакладчыцы Вольгі Калацкай следчыя правялі ператрус па крымінальнай справе супраць Вольгі.
"Пакуль невядома, што забралі падчас ператрусу. Адзінае вядома, што забралі ключы ад кватэры самой Вольгі і паехалі з ператрусам туды", — паведаміла Анега Іванаўна Калацкая.
Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць па арт. 339 КК у злосным хуліганстве. Яе затрымалі падчас занятку па ангельскай мове 15 студзеня, цяпер яна ў жодзінскім СІЗА.
Позна ўвечары на Багдановіча, 55 у двары на чаяванні затрымалі 9 чалавек. Усіх затрыманых даставілі ў Цэнтральнае РУУС, потым дваіх — у ЦІП на Акрэсціна: Ганну Цуба і Кацярыну Ткачэнку. Астатніх адпусцілі з пратаколамі.
Каля двух дзясяткаў затрыманняў. Палітычны пераслед 1-3 лютага ў Беларусі