viasna on patreon

Затрыманні працягваюцца ў панядзелак 25 студзеня Дапоўнена

2021 2021-01-25T19:30:00+0300 2021-01-26T00:36:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karalevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць сачыць за палітычным пераследам у Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.  

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna


У судзе Першамайскага раёна Мінска раніцай 25 студзеня затрымалі палітычную блогерку Вольгу Такарчук, куды яна прыйшла па позве. Суддзя Максім Трусевіч аштрафаваў яе на 30 базавых велічыняў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за яе відэа YouTube, па якім прыйшлі да высновы, што Вольга прыняла ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 29 лістапада. Блогерка віну не прызнала і сказала, што відэа яна рабіла раней, а 29 лістапада толькі апублікавала ў інтэрнэце.

Вольга Такарчук. Скрын з відэа
Вольга Такарчук. Скрын з відэа

Пасля абвяшчэння рашэння Вольгу Такарчук затрымалі наўпрост у залі суда. Яе затрымалі за пікетаванне 23 снежня на балконе з шарыкамі, што нібыта падцвярджаецца відэа.


У Мінску раніцай таксама была затрымана Наталля Васільеўна Нічыпар. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне жанчыны высвятляецца. 


Па інфармацыі "БАЖ", на журналіста-фрылансера Іллю Дабратвора склалі новы пратакол і будуць судзіць. 30 лістапада Іллю затрымлівалі пры асвятленні “Маршу мудрасці” ў Мінску, а праз суткі аштрафавалі на 50 базавых па артыкуле 23.34 КаАП. У пятніцу, амаль праз два месяцы пасля інцыдэнту, Іллю зноў выклікалі ў Цэнтральны РУУС і склалі за падзеі 30 лістапада новы пратакол — цяпер ужо за нібыта непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Судзіць Іллю Дабратвора будуць 28 студзеня а 14:30 у судзе Цэнтральнага раёна. Дарэчы, забраныя пасля затрымання тэлефон, грошы і флэш-карты журналісту дагэтуль не вярнулі.


Як піша TUT.BY, палітзняволенага Яна Салановіча, студэнта БДУІР і экс-супрацоўніка навукова-тэхнічнага цэнтра КДБ, якога ў лістападзе-снежні восем разоў судзілі за ўдзел у нядзельных маршах, адлічылі з універсітэта. У суботу яго сям'я атрымала з ВНУ адпаведны ліст. У дакуменце напісана, што Ян адлічаны з 12 студзеня 2021 года за "непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах".


25 студзеня прадстаўнікі сілавых структураў забралі артыста камернага хору Дзяніса Іванова з рэпэтыцыі ў Дзяржфілярмоніі. Пра гэта паведаміла ягоная калега "Радыё Свабода". Меркавана, падставай стала акцыя ў Dana Mall. 14 студзеня ў холе гандлёвага цэнтру вывесілі бел-чырвона-белы памерам у некалькі паверхаў. Там жа выступіў «Вольны хор», у акцыях якога удзельнічае і Дзяніс Іваноў. Тады сцяг правісеў гадзіну, пасля чаго ахова яго зняла.


Як піша "Наша Ніва", у краму "Мой родны кут" у ГЦ "Маскоўска-Венскі" прыйшлі супрацоўнікі МНС з праверкай. Крама вядомая сваім багатым асартыментам рэчаў з нацыянальнай сімволікай.


Паведамляецца, што ўвечары ў культурны "Корпус" у Мінску прыйшоў АМАП: стаіць бус на "аварыйцы", два амапаўцы з дубінкамі на ўваходзе нікога не пускаюць.  Паводле інфармацыі @by_culture, АМАП затрымаў Аляксандра Каралевіча, аднаго з заснавальнікаў перформанс-прасторы "Другі паверх".

Аляксандр Каралевіч
Аляксандр Каралевіч

Каля 20:00 актывістка Віка Біран паведаміла ў фэйсбуку, што адбываецца ператрус у офісе прасторы «Другі паверх» — пляцоўкі для выступаў і мерапрыемстваў. Паведамляюць пра вобшук і ў MAKEOUT на тэрыторыі культурнага цэнтру «Корпус». Пазней стала вядома, што ў "Корпусе" таксама быў затрыманы архітэктар Аляксей Клышка.

Затрыманых у Корпусе на Машэрава Аляксандра Каралевіча і Аляксея Клышкі адпусцілі з Цэнтральнага РАУС.


Затрыманні адбыліся і на вечаровым Маршы ў Сухарава. Затрымалі каля 10 чалавек. Сярод затрыманых — Жанна Гвоздзева, Харытон Аляксандра, Ігар Рітэрбанд, Наталля Грыбок, Сяргей Пруднікаў, Ірына Малец. Усіх з Фрунзенскага РУУС даставілі ў ЦІП на Акрэсціна.

Інфармацыя дапаўняецца.


Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства