Ператрус у офісе БелаПАН і іншыя выпадкі палітычнага пераследу Фота Дапоўнена
У рэдакцыі агенцтва БелаПАН сёння на працягу больш чым трох гадзін праходзіў ператрус.
Яго праводзілі ўзброеныя супрацоўнікі Следчага камітэту і міліцыі без прысутнасці адваката, нікога з супрацоўнікаў агенцтва не затрымалі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.
Па выніку - сілавікі вынеслі некаторую тэхніку, жорсткія дыскі кампутараў і ноўтбукі.
Ператрус праводзіўся ў рамках раследавання крымінальнай справы, заведзенай па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), у дачыненні да журналіста Андрэя Аляксандрава. У 2014-2018 гадах ён займаў пасаду намесніка дырэктара БелаПАН.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае:
– Мы бачым, што ўжо пасля “Народнай Волі” сутыкнуліся з гэтымі праблемамі “Свободные новости плюс”, “Белгазета”. Мы ўжо бачым, што прыпыняюць свой выхад і рэгіянальныя выданні – “Брэсцкая газета”, “Слонімская газета” ўжо не выходзіць. Па ўсіх кірунках ідзе ціск на незалежныя медыя. Зразумела, чаму гэта адбываецца – каб перашкодзіць распаўсюду незалежнай інфармацыі.
Медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, са справай якога быў звязаны ператрус у БелаПАН, быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва з 2015 па 2018 год. Ён затрыманы ў статусе падазраванага па крымінальнай справе аб грубым парушэнні грамадскага парадку ў Менску. Што менавіта і калі здзейсніў Аляксандраў, не ўдакладняецца. Разам з Аляксандравым затрымана яго дзяўчына Ірына Злобіна, у якім яна статусе – невядома.
У пастанове на ператрус таксама фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).
У офіс уварвалася каля дзесяці чалавек, потым пад’ехала машына хуткай дапамогі. У „хуткую” пасадзілі дзяўчыну з офіса, разам з ёй селі два чалавекі, пасля чаго машына з’ехала. Пазней стала вядома, што гэта журналістка Таццяна Бублікава.
Праваабаронца "Вясны" з Маладэчна Алесь Капуцкі атрымаў дзіўную паперу аб тым, што яго падазраюць у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч.2 артыкула 22.9 КаАП (Парушэнне ўстаноўленага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
Паведамляецца, што Алесь Капуцкі 10 снежня мінулага года раздаваў мінакам брашуру сіняга колеру - "Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека", якая з'яўляецца афіцыйным выданнем. Брашура нібыта не ўключаная ў афіцыйны спіс замежных друкаваных СМІ, якія маюць дазвол на распаўсюд на тэрыторыі РБ, а таму ён яе незаконна распаўсюджваў.
14 студзеня распачаўся адміністрацыйнысуд у судзе Гомельскага раёна над Сяргеем Качалавым з в. Маркавічы. Яго вінавацяць у вырабе снегавіка, на якім было напісана “Жыве Беларусь” (пікет арт.23.34).Справу разглядае суддзя Застаўнецкая. Урэшце абсурдную справу вярнулі на дапрацоўку ў АУС Гомельскага раёну.
Жаночая акцыя пратэсту адбылася сёння, 14 студзеня, у Мінску на Камароўцы. Жанчыны выйшлі на шпацыр з бел-чырвона-белымі парасонамі. Акцыя доўжылася некалькі хвілін. Сілавікі пад'ехалі да жанчын на легкавой машыне, адну ўдзельніцу затрымалі, паведамляе "Новы Час".
У кватэры праваабаронцы і галоўнага рэдактара газэты «Вольны горад» з Крычава (Магілёўская вобласьць) Сяргея Няроўнага супрацоўнікі мясцовага РАУС правялі вобшук і забралі на экспэртызу кампутар.
Нагодай для ператрусу стаў разьмешчаны ў адным з тэлеграм-каналаў фатаздымак групы жыхароў райцэнтру, якія стаяць зь бел-чырвона-белым сьцягам насупраць райвыканкаму. Сярод удзельнікаў акцыі міліцыянты нібыта распазналі Няроўнага. Супраць яго распачаты адміністрацыйны працэс за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Спісы затрыманых", увечары 14 студзеня ў Мінску былі затрыманыя:
- Бадамшын Руслан
- Кельбас Уладзімір
- Рудніцкая Адэліна
- Сасноўскі Арцём
- Федаровіч Ала
- Штанюк Дзмітрый
- Юбко Аляксандр